Актывісты руху "Зубр" раздавалі ды расклейвалі адмысловыя ўлёткі, у якіх заклікалі людзей тэлефанаваць кіраўнікам камунальных службаў ды патрабаваць, каб у жытло падавалася гарачая вада належнай тэмпературы і каб кватэры як сьлед ацяпляліся. Далей ва ўлётках згадваліся службовыя тэлефоны начальнікаў камунальных гаспадарак ды кіраўнікоў выканкамаў.
Вось якая размова ў мяне адбылася з Аляксандрам , які разам са сваёй групай распаўсюджваў падобныя улёткі ў Жодзіне.
(Карэспандэнт: ) "Колькі такіх улётак вы расклеілі?"
(Аляксандар: ) "Каля сямісот".
(Карэспандэнт: ) "Як ставіліся да вас людзі, міліцыянты?"
(Аляксандар:) "Людзі падыходзілі, чыталі. А міліцыянтаў наагул ня было".
У Барысаве ўдзельнікаў руху "Зубр" учора можна было ўбачыць на ўсіх чатырох рэчава-харчовых рынках. Апрача згаданых улётак, яны раздавалі пакупнікам і камэрсантам сьвежы выпуск газэты праваабарончага цэнтру "Вясна" "Права на Волю". Некаторыя зь іх мелі прымацаваныя да вопраткі невялічкія, але кідкія плякаты накшталт: "Хопіць нас дурыць! Гарачая вада павінна быць гарачай! Камунальныя паслугі паслугамі!"
Людзі, атрымліваючы газэты і ўлёткі, ахвотна ўступалі ў дыялог.
(Карэспандэнт: ) "Апошні раз калі была гарачая вада?"
(Жанчына: ) "Дакладна чысло ня помню. Гдзесьці напачатку сьнежня. Вада бывае толькі ў атапіцельны сэзон. Сёлета і гэтага няма".
Пікеты і ў Барысаве, і ў іншых гарадох былі перасоўнымі – актывісты "Зубра" нідзе доўга не затрымліваліся, дзякуючы чаму ім удалося пазьбегнуць затрыманьняў і сутычак зь міліцыянтамі.