Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ГАНДЛЯРЫ З ЦЭНТРАЛЬНАГА РЫНКУ ПАДПІСАЛІ ЗВАРОТ ДА МЯСЦОВЫХ ЎЛАДАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

На ініцыятыву Свабоднага прафсаюзу ўчора ўвечары на сходзе прадпрымальнікі прынялі адмысловы зварот да мясцовых органаў ўлады і ўласьніка рынку — аблспажыўсаюзу. Гандляры прапануюць, каб ужо сабраныя грошы на ўзьвядзеньне ралетаў лічыць інвэстыцыямі, а сам рынак ператварыць у акцыянэрнае таварыства.

Распавядае старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Мы ўсё-такі плацім грошы. Мы хочам, каб з намі лічыліся, каб у нас былі хоць нейкія правы. Будаваць і ўносіць грошы мы будзем толькі на правах уласнасьці”.

Многія прадпрымальнікі да распачатага аблспажыўсаюзам будаўніцтва ралетаў ставяцца адмоўна. Яны лічаць, што гэта немінуча прывядзе да скарачэньня гандлёвых месцаў.

(Бялізава: ) “Навошта ралеты патрэбныя? Каб выкінуць шмат народу на вуліцу? Камусьці хочацца нажыцца? Гэта наогул беззаконьне. Я ежджу пастаянна ў Польшчу — у цэнтры Варшавы велізарны стадыён, і ўлады не выганяюць такую масу народу. А паглядзіце, як у нас людзі жывуць, і іх яшчэ піхаюць у бездань”, — кажа Валянціна Бялізава.

Намесьнік старшыні аблспажыўсаюзу ў пытаньнях эканомікі Гадат Галімаў і слухаць ня хоча пра акцыянаваньне рынку. У гэтым ён бачыць развал уласнасьці спажывецкай каапэрацыі. Унёскі прадпрымальнікаў на 1500 даляраў і болей намесьнік разглядае як падарункі аблспажыўсаюзу.

Што ж да высокай арэнднай платы ў пабудаваных ралетах, то спадар Галімаў кажа, што нікога не вымушае плаціць. Знойдуцца іншыя людзі, аддадуць за месца ў ралетах болей, чым 21 даляр за квадратны мэтар.

Праблемы, зь якімі пэрыядычна сутыкаюцца дробныя бізнэсоўцы, на думку прадпрымальніка Віктара Чмыхава, маюць больш глыбокія карані.

(Чмыхаў: ) “У нас ня вырашанае самае галоўнае пытаньне, і гэтага людзі часам не заўважаюць. У нас няма ў краіне закону. Пра парадак толькі шмат кажуць прэзыдэнт ды іншыя. Няма ў краіне кодэксу пра прадпрымальніцтва, які б рэгуляваў адносіны паміж намі й дзяржаваю. Закону няма — і пачынаецца бяспраўе. Гэта зыходзіць і з боку прэзыдэнта — абмежаваньняў няма. Значыць, і іншым можна бясконца падымаць плату за месца, прымаць усялякія пастановы. Усе выканаўчыя структуры — нібы злодзеі ў законе”, — лічыць прадпрымальнік Чмыхаў.
XS
SM
MD
LG