Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5-МІЛЬЯРДНАЯ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ЗАРОБКАХ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зь верасьня па сьнежань запазычанасьць павялічылася ў 30 разоў і ў пачатку першага зімовага месяца дасягнула амаль 10 мільярдаў беларускіх рублёў.

Больш як палова прыходзілася на сельскія гаспадаркі. Менавіта тады старшыня аблвыканкаму Барыс Батура запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў разьлічыцца зь людзьмі да 28 сьнежня, пагражаючы ім інакш звальненьнем з працы.

Заробкі атрымалі ў першую чаргу тыя, хто пратэставаў супраць затрымак, як, напрыклад, будаўнікі з будаўнічага трэсту №12. Аднак патрабаваньні чынавенства выканалі толькі напалову. Кіраўнікі многіх прадпрыемстваў да гэтага часу не змаглі разьлічыцца з банкамі за фінансавыя крэдыты. З пачатку году банкі выдаткавалі каля 600 мільярдаў рублёў, а вярнуліся ім толькі дзьве траціны.

Без падтрымкі кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі неплацельшчыкі так і не змаглі атрымаць новых крэдытаў. Надзеі чынавенства на папаўненьне бюджэту пакуль што ня спраўдзіліся. На пачатак месяца нядоімкі ў абласны бюджэт склалі 24 мільярды рублёў.

Нягледзячы на адміністрацыйныя меры, многія прадпрыемствы так і не змаглі разьлічыцца зь бюджэтам. Сярод іх — бабруйскі філіял Менскага трактарнага заводу дэталяў і аўтаагрэгатаў, Магілёўтрансмаш, і Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод. Ужо зараз вядома, што толькі тры раёны вобласьці — Асіповіцкі, Клімавіцкі й Магілёўскі — абышліся без датацыяў з абласнога бюджэту.

Напярэдадні Новага году аблвыканкам зноў выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс. Днямі да райвыканкамаў давялі плян выплаты даўгоў па зарплаце. Абласное ўпраўленьне фінансаў абавязалі выдзеліць сельскай гаспадарцы з фонду стабілізацыі сельскай вытворчасьці некалькі мільярдаў рублёў. У Магілёве яшчэ раз націснулі на аддзяленьні мясцовых банкаў і запатрабавалі, каб тыя выдаткавалі неабходныя крэдыты для прадпрыемстваў гораду і вобласьці.
XS
SM
MD
LG