Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ДЗЯСЯТКІ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ АДКЛЮЧАНЫЯ АД ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле інфармацыі дырэктара энэрганагляду Ўладзімера Сіліча, на пачатак лістапада неплацяжы за электрычную энэргію і цяпло дасягнулі 88 мільярдаў рублёў. Больш як палова гэтай сумы прыпадае на сельскую гаспадарку.

25 мільярдаў рублёў мусяць заплаціць прамысловыя прадпрыемствы. Амаль на 90% спыненая падача электрычнай энэргіі на завод “Гомельпласт”. На тры чвэрці абмежаванае спажываньне энэргіі торфапрадпрыемству “Бальшавік” Гомельскага раёну. Пад санкцыі энэргетыкаў патрапілі фанэрна-запалкавы камбінат, “Гідрапрывад”, завод ліцьця і нармаляў аб'яднаньня “Гомсельмаш” ды шэраг іншых прадпрыемстваў.

Вінны энэргетыкам паўмільярда рублёў нават гарадзкі бюджэт, што сьведчыць пра сапраўдны стан прамысловасьці рэгіёну.

Некаторыя прадпрыемствы перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень. Адміністрацыя радыёзаводу наагул прасіла дазволу ў прафкаму працаваць нават не чатыры, а ўсяго тры дні на тыдзень. Прафкам не пагадзіўся з такой прапановай, палічыўшы, што апошнія кваліфікаваныя кадры пакінуць прадпрыемства.

З наступнага панядзелка цалкам спыняе працу завод “Крышталь”. Упершыню за апошнія гады дырэкцыя не змагла выплаціць рабочым заробак. Непад'емнымі сталі плацяжы за энэрганосьбіты. У рэгіёне зараз звыш паўтысячы прадпрыемстваў, якія працуюць са стратамі. 114 зь іх — у прамысловасьці.

Падчас нядаўняга візыту ў абласны цэнтар, Аляксандар Лукашэнка абураўся:

(Лукашэнка: ) “Навошта сёньня "кляпаеце" тое, што не купляюць?! І кажаце, што няма зваротных сродкаў. З наступнага году мы спынім фінансаваньне такіх прадпрыемстваў, як “Гомсельмаш” і іншых. Мы падтрымалі, далі штуршок. Працуйце!”

Толькі вось як працаваць у гэткіх эканамічных умовах, кіраўнік дзяржавы не сказаў.

XS
SM
MD
LG