Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ У БЕРАСЬЦІ АДЗНАЧЫЎ ДЗЯДЫ НА ТРЫШЫНСКІХ МОГІЛКАХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Трышынскiя могiлкi былi абраныя берасьцейскiмi маладафронтаўцамi невыпадкова: менавiта тут усталяваны памятны знак ахвярам палiтычных рэпрэсiяў.

Некалькi дзён таму на гэтых могiлках сабралiся былыя вязьнi сталiнскага рэжыму, а сёньня сюды прыйшлi маладыя людзi. Напярэдаднi Дзядоў яны ўшанавалi памяць продкаў, што загiнулi ў тыя змрочныя часы. Да памятнага знаку ўсклалі кветкi й жалобныя вянкi.

Пра сваё стаўленьне да Дзядоў распавядае актывiстка Маладога Фронту Алена Бахун:

(Бахун:) "Чаму мы сёньня тут? У беларускай культуры ёсьць шмат дзён, калi ўшаноўваюць памерлых, але Дзяды падыходзяць для гэтага найбольш. Мы маладыя людзi, толькi пачынаем жыць i хацелi б паказаць, што жыцьцё тых, хто жыў раней, для нас таксама вельмi важнае. I мы памятаем пра iх".

Дарэчы, сёньня ўначы на Трышынскiх могiлках чарговы раз зьдзейсьнены акт вандалiзму. Невядомыя асобы апаганiлi восем магiлаў, перакулiўшы ўсталяваныя тут помнiкi. Супрацоўнiкi берасьцейскай мiлiцыi сьцьвярджаюць, што ў гэтага здарэньня няма палiтычных матываў i яно нiяк ня зьвязанае зь Дзядамi, традыцыйным днём ушанаваньня продкаў.


XS
SM
MD
LG