Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ГОРАДНІ БЯЗДОКАЗНА ПРЫЗНАЎ ВІНАВАТЫМ АКТЫВІСТА МАЛАДОЙ ГРАМАДЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня


Валянцін Аскірка прыйшоў на мітынг са сьцягам Народнай Грамады і са згорнутым танспарантам. Гаворыць кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага камітэту Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “1 траўня пры спробе разгарнуць лёзунг “Май, труд, а дзе заробак?” Аскірка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Быў складзены пратакол за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Віна Аскіркі ў судовывм паседжаньні даказаная не была”.

Пэнсіянэры, што знаходзіліся на мітынгу, пачалі правакаваць Аскірку, скандаліць. Ён ім не адказваў. Сьведкі засьведчылі, што ён паводзіўя вельмі прыстойна, а да канфлікту імкнуліся пэнсіянэры. Судзьдзя Дзьмітры Дземчанка вырашыў задаволіць абодва бакі. Ён прызнаў, што сьведкі ня мелі рацыі, і што Валянцін Аскірка зьдзейсьніў правапарушэньне, аднак яно вельмі нязначнае, і асоба правапарушальніка – станоўчая, ён выкладае ва ўнівэрсытэце. Таму да адміністрацыйнай адказнасьці яго не прыцягваць, а толькі абмежавацца вуснай заўвагай.

У БГК зьвяртаюць увагу на тое, што сёньняшняе судовае рашэньне яшчэ болей разьвязвае рукі міліцыі, незважаючы на яго ўяўную мяккасьць, паколькі судзьдзя апраўдаў затрыманьне Валянціна Аскіркі, віна якога рэальна даказаная не была.
XS
SM
MD
LG