Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ БЕРАСЬЦЯ ЗНОЎ ПРАТЭСТУЮЦЬ


Алег Супрунюк, Берасьце


Прадпрымальнiкаў абурылі апошнiя прапановы адмiнiстрацыi берасьцейскага ЦУМу, якому належыць адзiн з самых прэстыжных рэчавых рынкаў у цэнтры Берасьця. Кiраўнiцтва гэтага гандлёвага прадпрыемства зьбiраецца з 1 траўня ўсталяваць новы рэжым працы на рынку ў дзьве зьмены — з 7-і да 20-ці гадзінаў.

Прадпрымальнiкi, што працуюць на гэтым рынку, лiчаць такое рашэньне незаконным. Але калi яно насамрэч пачне дзейнiчаць, шмат хто з гандляроў можа ня вытрымаць усiх заплянаваных выдаткаў i будзе вымушаны пакiнуць сваю працу на рынку.

Згодна з найсьцiплымі падлiкамі прадпрымальнiкаў, цана аднаго гандлёвага месца з улiкам падаткаў, арэнднай платы ды iншых выплат складзе 176 000рублёў.

На сёньняшнiм сходзе, якi адбыўся на рынку каля ЦУМу, гандляры таксама даведалiся, што хутка будуць зьмененыя тарыфы за гiгiенiчную сэртыфiкацыю тавараў. Цэны на некаторыя лябараторныя паслугi санiтарныя службы зьбiраюцца падвысiць адразу ў 17 разоў.

Са словаў старшынi Саюзу прадпрымальнiкаў "Садзеяньне" Ўладзiмера Мазалава, працаваць у такiх умовах на рынку будзе эканамiчна нявыгадна, што адаб'ецца ня толькi на стратах гандляроў, але й на мясцовым бюджэце.

Некаторыя прадпрымальнiкi лiчаць, што зараз iдзе добра сплянаваная кампанiя, мэта якой — пазбавiць айчынных гандляроў месцаў на найлепшых рынках гораду. Пазьней гэтыя месцы зоймуць iншаземныя грамадзяне, якiя ўжо зараз праз сваiх наёмных работнiкаў фактычна кантралююць гандаль на менш прывабных берасьцейскiх рынках.

Па вынiках сёньняшняга сходу мясцовыя прадпрымальнiкi вылучылi iнiцыятыўную групу, якая будзе ўпаўнаважаная 21 красавiка распачаць перамовы з адмiнiстрацыяй ЦУМу пра магчымыя зьмены ў працы рынку.
XS
SM
MD
LG