Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Надзвычай цікава й шматплянава адзначалі Дзень Сьвятога Валянціна ў Рэчыцы прадстаўнікі Маладога Фронту й моладзевага крыла Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія ўвайшлі ў кааліцыю "Пераменаў!".

Яны падрыхтавалі адмысловы выпуск сваёй незалежнай моладзевай газэты "Зялёнка". Нумар адкрывае віншаваньне ўсіх закаханых. На старонках выданьня зьмешчаны расповед пра гістарычныя й сучасныя традыцыі сёньняшняга сьвята.

З дапамогай гомельскага культурна-асьветнага згуртаваньня "Гарт" рэчычане выпусьцілі таксама чырвоныя валянцінкі. Эпіграфам да віншаваньняў узялі словы зь верша М.Багдановіча: "Маладыя гады, маладыя жаданьні… Ні жуды, ні нуды, толькі шчасьце каханьня".

На валянцінках была зьмешчаная інфармацыя й пра тое, што рэгіянальная кааліцыя "Дэмакратычная моладзь Беларусі 2001" створаная дзеля падтрымкі незалежнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, падалі кантактныя тэлефоны.

Валянцінкі й газэту "Зялёнка" актывісты распаўсюдзілі ў сельгастэхнікуме ды іншых навучальных установах і школах Рэчыцы. У другой палове дня ў музычнай школе й інтэрнаце пэдагагічнага каледжу адбыўся аўтарскі канцэрт Андрэя Мельнікава, які прыехаў з Гомеля.
XS
SM
MD
LG