Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчуваюць беларускія журналісты маштаб чарнобыльскай бяды? Чаму чарнобыльская тэма ўсё радзей зьяўляецца ў СМІ?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Кожны год у красавіку, калі надыходзіць чарговая гадавіна Чарнобыльскай аварыі, пра найбуйнейшую тэхнагенную катастрофу стагодзьдзя ўзгадваюць улада, апазыцыя й прэса.

Рэшту году гэтая тэма знаходзіцца на пэрыфэрыі беларускай грамадзкай думкі. Нібыта не ў Беларусі кожны чацьверты жыхар непасрэдна зьведвае наступствы катастрофы.

Маўчаньне ўлады зразумець якраз можна. Выдаткі зь дзяржаўнага бюджэту на чарнобыльскія праблемы штогод меншаюць. Калі ў пачатку 1990-х яны складалі каля 20-25%, то цяпер — толькі 6-7% бюджэту.

Падчас апошніх чарнобыльскіх слуханьняў у "палаце прадстаўнікоў" прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын паведаміў, колькі мільярдаў пойдзе ў гэтым годзе на Чарнобыль, але не сказаў, колькі адсоткаў бюджэту складае гэтая сума. І гэта невыпадкова: найвышэйшае кіраўніцтва краіны замоўчвае той факт, што на Чарнобыль траціцца ўсё менш.

Але чарнобыльскай тэмай асабліва не пераймаецца і ўсё беларускае грамадзтва. Ці прадстаўленая чарнобыльская трагедыя ў беларускай прэсе адэкватна маштабу катастрофы? Вось меркаваньне Юр'я Шаўцова, кіраўніка найбуйнейшага Інтэрнэт-сайту на чарнобыльскую тэматыку (www.chernobyl.da.ru)".

(Шаўцоў: ) "Чарнобыльская праблема значна большая за тую ўвагу, якую грамадзтва й мэдыі ёй надаюць. Сёлета акрамя 26 красавіка толькі адна блізкая падзея больш-менш прыцягнула ўвагу прэсы — гэта суд над прафэсарам Юр'ем Бандажэўскім.

Праблемам якой-небудзь там Якуціі ці крызысу на Далёкім Усходзе ў Расеі наша беларуская прэса сёлета надавала нашмат больш увагі, чым Чарнобылю.

Нашы грамадзтва і прэса жывуць у нейкім сьвеце нармальным альбо ў памкненьні да такога сьвету. Але Чарнобыль — гэта ненармальны сьвет, гэта сьвет каляпсу. Збольшага ні апазыцыйная прэса, ні дзяржаўная ня могуць думаць пра гэта ўвесь час. І гэта можна зразумець. Бо калі сапраўды ўвесь час глядзець на жыцьцё праз Чарнобыль — гэта будзе невыносна для людзей і грамадзтва".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, відаць, немагчыма ўвесь час жыць з адчуваньнем каляпсу, але Юры Шаўцоў лічыць, што прэса павінна часьцей зьвяртацца да тэмы Чарнобыля.

"Мы жывем ва ўмовах катастрофы, і тут дзейнічаюць зусім іншыя законы, чым у Нямеччыне, Польшчы альбо Расеі. Гэта трэба разумець", — адзначае Шаўцоў.

Тымчасам сёньня ў краіне няма ніводнага выданьня, прысьвечанага выключна Чарнобылю. Раней такое выданьне было — газэта "Набат". "Набат" выходзіў пяць гадоў, і ў 1996-м, пад канец свайго існаваньня, наклад газэты дасягаў 60 000 асобнікаў.

Як сьцьвярджае былы рэдактар газэты Васіль Якавенка, "Набат" стаў ахвярай сваёй папулярнасьці — на выпуск выданьня з такім вялізным накладам не знайшлося грошай.

Ці патрэбнае сёньня адмысловае чарнобыльскае выданьне? Што перашкаджае аднавіць той жа "Набат"? Адказвае Васіль Якавенка".

(Якавенка: ) "Патрэба, я думаю, ёсьць. Я некалькі разоў некаторым дзеячам закідаў такую думку — дзе б нам знайсьці грошы, каб аднавіць "Набат". Такое выданьне вельмі патрэбнае, ня ўсё яшчэ дасьледавана. Але нам проста не хапае сродкаў — аднак іх і ня будзе, пакуль ня зьменіцца агульнапалітычная сытуацыя ў Беларусі".

(Цыганкоў: ) "Вы зьвярталіся да ўлады альбо толькі да грамадзкіх арганізацыяў? Чаму б уладзе ня мець свайго чарнобыльскага выданьня?"

(Якавенка: ) "Пытаньне трохі дзіўнае, трохі наіўнае. "Набат" быў сапраўды як звон у грамадзтве, але й як меч над галавой некаторых чыноўнікаў. Дык каму гэта хочацца мець ізноў такое выданьне?

Негледзячы на гэта, некаторыя дзяржаўныя структуры маглі б дапамагчы. Але асноўных сродкаў яны не дадуць — адкуль яны іх возьмуць? На дзяржаву ў мяне ніякіх спадзяваньняў няма".

(Цыганкоў: ) "Раней ва ўсіх дзяржаўных выданьнях былі аддзелы чарнобыльскіх праблемаў. У некаторых яны засталіся й зараз, але журналісты збольшага пераключыліся на іншыя тэмы. Чарнобыль стаў ня толькі нецікавай, але й непажаданай тэмай.

Аляксандар Лукашэнка даў канкрэтную ўстаноўку, што чарнобыльскія праблемы збольшага ў нас вырашаныя — навошта тады пра гэта пісаць. Былы рэдактар газэты "Набат" Васіль Якавенка вельмі скептычна ставіцца да магчымасьці прэсы нешта зьмяніць у чарнобыльскай дзяржаўнай палітыцы".

(Якавенка: ) "Калі быў "Набат", іншыя газэты менш гэтай тэмай займаліся. Цяпер яны больш ахвотна пішуць — "Звязда", "Рэспубліка" даволі сыстэматычна даюць матэрыялы. Але выніку ад гэтага ніякага.

Я прытрымліваюся той думкі, што нават калі б публікацыяў было яшчэ больш, нічога не зьмянілася б. Нічога ня зьменіцца, пакуль мы не зьменім сытуацыю ў нашай дзяржаве.

Некаторыя журналісты параўноўваюць Беларусь зь вялікім калгасам, і мне гэтае параўнаньне здаецца трапным. І пакуль гэты калгас ня стане дзяржавай з дэмакратычным кіраваньнем, дзе будзе грамадзянская супольнасьць, незалежныя галіны ўлады, — да таго часу пытаньне Чарнобыля ня вырашыцца як мае быць".

(Цыганкоў: ) "Зрэшты, на маю думку, ня толькі ад палітычнай улады залежыць выжываньне беларусаў ва ўмовах радыяцыі. Прыклад — у забруджаных раёнах некаторыя людзі (звычайна больш адукаваныя) маюць узровень радыяцыі ў некалькі разоў меншы за іншых аднавяскоўцаў. Гэтыя людзі проста выконваюць некаторыя элемэнтарныя правілы жыцьця ў зоне. Таму інфармацыя і асьвета часам каштуюць здароўя.

Дык што ж можа зрабіць прэса, каб чарнобыльскае мысьленьне запанавала ў грамадзтве?"

(Шаўцоў: ) "Трэба, каб мелі магчымасьць выступіць тыя, хто мае адрозны ад афіцыйнага пункт гледжаньня — той жа Несьцярэнка, Бандажэўскі. Іх даволі шмат — навукоўцаў, якія кажуць праўду. І я б сказаў, што праз колькі дзесяцігодзьдзяў, калі гісторыкі пачнуць разьбірацца, хто як сябе паводзіў у Беларусі ў гэтай сытуацыі, у нас знойдзецца шмат людзей, якіх назавуць героямі. Але гэта амаль ня тычыцца, на жаль, прэсы.

Каб гэтым людзям далі выказацца, я думаю, і ва ўрадзе шмат хто карэктаваў бы сваю пазыцыю. Бо насамрэч Чарнобыль — гэта тое пытаньне, дзе і навукоўцы, і грамадзтва, і ўлада ў адным чоўне".

(Цыганкоў: ) "Аднак здаецца, што беларуская ўлада жадае як хутчэй выкінуць са свайго чоўна ўсіх іншых пасажыраў.

Нядаўна адзін знаёмы журналіст наведаў Японію, дзе быў у музэі Хірасімы й Нагасакі. Паводле ягоных словаў, гэта была жудасная і адначасова кранальная карціна. Японцы памятаюць пра сваю катастрофу. Памятаюць кожны дзень, а ня толькі ў жніўні, калі адзначаюць чарговую гадавіну".
XS
SM
MD
LG