Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 гадоў гарадзенскай газэце “Пагоня”.


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "9 гадоў таму, 25 сакавіка 1992 году выйшаў першы нумар гарадзенскай газэты “Пагоня”. Зразумела, што заснавальнікі новага выданьня невыпадкова прымеркавалі зьяўленьне газэты на дзень, які беларускае незалежнае грамадзтва адзначае як Дзень Волі.

Гэткая сымбалічнасьць, на думку заснавальнікаў, павінна была падкрэсьліць лучнасьць “Пагоні” са сваімі гістарычнымі папярэднікамі.

За гэтыя 9 гадоў адзіная цалкам беларускамоўная газэта ў Гарадзенскім рэгіёне прайшла вельмі неадназначны шлях узьлётаў і падзеньняў.

На сёньняшні момант наклад тыднёвіка складае каля 7 000 асобнікаў. Нязьменны рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч лічыць, што газэта ўздымалася й падала разам з усёй краінай".

(Маркевіч: ) "Атрымліваецца, што “Пагоня” паўтарала лёс краіны. Яны была і вяшчункай адраджэньня, і удзельніцай, і індыкатарам тых працэсаў, якія адбываліся.

У 1994–1995 гадох “Пагоня” мела найбольшы наклад, які дасягаў 15 000 асобнікаў. І гэта якраз супала з тымі часінамі, калі дзяржаўная палітыка была накіраваная на адраджэньне мовы, культуры, станаўленьне Беларусі як самастойнай дзяржавы.

Калі толькі пачынаў кіраваць спадар Лукашэнка (калі яго так можна назваць), мы лічылі, што гэта найцяжэйшыя часы. На нас абрынуўся цэлы шквал праверак, напрыклад, за 1996 год у нас была 21 фінансавая праверка.

Быў час, калі па дзьве-тры брыгады праверкі сядзелі адначасова ў рэдакцыі. Гэта вельмі перашкаджала працы. Нас ціснулі штрафамі. Напрыклад, апошні штраф далі, спадзеючыся, што мы яго не адолеем — каля 10 000 даляраў.

Але мы вытрымалі. Сёньня, ацэньваючы сытуацыю, я баюся, што, на вялікі жаль, найгоршыя часы ў нас яшчэ наперадзе. Калі на нас так ціснуць… Гэта ня толькі тарыфы, але й тое, што не даюць вольна распаўсюджвацца, пагражаюць (у нас нядаўна зноў былі малойцы з РНЕ са спробай запалохаць, каб газэта зьмяніла курс). Але гэта толькі надае ўпэўненасьці.

Я думаю, што Беларусь ведала й горшыя часы і што час посахавых і замяталіных будзе вельмі кароткі гэтым разам".

(Цыганкоў: ) "Цяпер сытуацыя на гарадзенскім рынку прэсы выглядае наступным чынам. Орган мясцовай вэртыкалі, газэта “Гарадзенская праўда” некалькі гадоў таму зь беларускамоўнай зрабілася дзьвюхмоўнай. Гэта, аднак, не дапамагае спыніць падзеньне накладу, які зараз складае каля 14 000 асобнікаў.

Тры гады таму ў Горадні зьявіўся яшчэ адзін незалежны тыднёвік — дзьвюхмоўная “Биржа информации”. Ці ня той самы чытач у новай газэты, што і ў “Пагоні”? Адказвае намесьнік рэдактара газэты “Биржа информации” Міхал Карневіч".

(Карневіч: ) "Зразумела, у нас чытачы пераважна розныя, хаця можа, ёсьць і супольныя.

Нашыя выданьні вельмі розьняцца. Пачнем з таго, што “Пагоня” — цалкам беларускамоўнае выданьне, а наша газэта выходзіць на дзьвюх мовах. Ад пачатку ў нашай газэце больш інфармацыі пра эканамічныя праблемы — у краіне, у рэгіёне. У нас іншая структура, іншая падача інфармацыі — часта атрымліваецца, што адну й тую падзею мы падаем па-рознаму".

(Цыганкоў: ) "Рэдактар “Пагоні” Міхаіл Маркевіч ня мае нічога супраць канкурэнцыі на рэгіянальным узроўні".

(Маркевіч: ) "Я ўпэўнены, што любое выданьне адно аднаму канкурэнт, але гэта ня кепская зьява. Любая канкурэнцыя вымагае, каб тваё выданьне было лепшым, апярэджвала, падтрымлівала “спартовы настрой”, добры тонус і якасьць матэрыялаў.

Ня ўсе дрэвы ў лесе аднолькавыя, тым больш ня ўсе людзі аднолькавыя. Калі газэта жыве — ці гэта “Пагоня” альбо “Биржа информации” , значыць, у яе ёсьць чытач, яна запатрабаваная людзьмі. Наш чытач, наша ніша — выключна нашыя. Так што кожны мае поле для дзейнасьці — як у нас, так і ў іншых газэтах".

(Цыганкоў: ) "9 гадоў існаваньня выключна беларускамоўнай рэгіянальнай газэты — гэта своеасаблівы рэкорд. Ведаючы прыклады гаротнага існаваньня многіх рэгіянальных незалежных выданьняў, іхныя мізэрныя наклады, “Пагоню” можна лічыць фэномэнам. Мікола Маркевіч упэўнены, што ягоная газэта — выключна гарадзенскі фэномэн".

(Маркевіч: ) "Безумоўна, мне падаецца, што такая газэта як “Пагоня” наўрад ці паўстала б, напрыклад, у Гомелі. Яна вырасла на гарадзенскай глебе, на глебе гэтай натуральнай беларушчыны, якой жыве гэты рэгіён, якая не адышла нават сёньня. Плюс гарадзенскія традыцыі — культура, архітэктура.

Бяз тых людзей, якія рабілі, робяць, і, спадзяюся, будуць рабіць “Пагоню”, яна не паўстала б такой прыгожай, сымпатычнай, напраўду беларускай газэтай, у якой ёсьць пэрспэктыва".

(Цыганкоў: ) "Калега Маркевіча, намесьнік рэдактара газэты “Биржа информации” Міхал Карневіч разглядае гэты фэномэн беларускай правінцыйнай прэсы ня так аптымістычна. Вось што ён адказаў на пытаньне, ці адрозьніваецца “Пагоня” ад іншых рэгіянальных беларускіх выданьняў".

(Карневіч: ) "На мой погляд, "Пагоня", на жаль, гэткая ж самая, як і ўсе іншыя рэгіянальныя газэты. У рэгіёнах уся праблема ў тым, што ў незалежных газэтах працуюць звычайна непрафэсіяналы. І ад гэтага ўсе цяжкасьці й памылкі. І гэта найгоршая адметнасьць усіх рэгіянальных газэтаў. На жаль, яна не мінула й “Пагоню”.

Мне, канечне, дарагая “Пагоня” — я сам пачынаў у ёй працаваць. Але калі падыходзіць аб’ектыўна, яна патрабуе прафэсіяналаў. Гэта востра адчуваецца, калі яе гартаеш, чытаеш. Адчуваецца, што газэта ў гэтым сэнсе чакае лепшага. Часам можа зьявіцца цікавая інфармацыя, але ў цэлым газэта патрабуе больш прафэсіяналізму".

(Цыганкоў: ) "Як бачым, наша сёньняшняя праграма, прысьвечаная дзявятай гадавіне газэты “Пагоня”, ня стала гэткай сьвяточнай і беспраблемнай “карцінкай”. Зрэшты, гэтага й не павінна было быць. Не павінна гучаць дыфірамбаў на адрас нават самых лепшых беларускіх рэгіянальных выданьняў. Негледзячы на свой паважны (паводле беларускіх мерак) узрост, большасьць зь іх усё яшчэ знаходзіцца ў дзіцячым стане свайго разьвіцьця".

XS
SM
MD
LG