Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГАТОВЫЯ ГАЛАДАВАЦЬ ДАЛЕЙ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцебскія прадпрымальнікі галадуюць ужо трэція суткі. Спаміж галадоўшчыкаў ёсьць дзьве сямейныя пары, адведаць іншых прыходзяць іхныя сем’і. Адной з удзельніц галадоўкі муж прынёс малюнак ейнага пяцігадовага дзіцяці. Ня ўмеючы пісаць, дзіця намалявала карцінку: чорныя чалавечкі стаяць, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго.

(Спадарыня: ) “Я дзяцей сваіх ня бачыла тры дні. Вось гэта дзіця пяцігадовае намалявала, паглядзіце, усё ў чорных колерах! Гэта галадоўка нашая! Паглядзіце, тут нічога сьветлага няма, людзі! Вось яна, нашая рэальнасьць, вычама дзіцяці!”

Паводле словаў кіраўніка віцебскага прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыса Элькіна, сёньня віцебскую акцыю пратэсту падтрымалі страйкам прадпрымальнікі Полацку, Новаполацку ды Воршы.

Некалькі соцень віцебскіх прадпрымальнікаў сабраліся сёньня раніцай каля крытага рынку “Мішэль”, дзе праходзіць галадоўка. Усе яны абмяркоўвалі ўчорашні выступ па мясцовым тэлебачаньні старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Яравікова. Гэта ягонае адстаўкі патрабуюць галадоўшчыкі разам зь пераглядам зацьверджаных ім рашэньняў. Але, насуперак чаканьням прадпрымальнікаў, спадар Яравікоў зазначыў, што ўсе пастановы мясцовых уладаў маюць законную сілу, і ня будуць зьмененыя ні пры якіх умовах.

Апоўдні абураныя прадпрымальнікі вырашылі пікетаваць будынак аблвыканкаму, і цягам некалькіх гадзінаў яны стаялі пад сьнегам і дажджом, чакаючы выніку чарговых перамоваў паміж гарадзкімі ўладамі і іхнымі дэлегатамі, зь якіх трое — непасрэдныя ўдзельнікі галадоўкі.

Астатнія 27 галадоўшчыкаў засталіся чакаць навінаў у памяшканьні. Амаль ва ўсіх іх на трэці дзень галадаваньня рэзка пагоршыўся стан здароўя. 45-гадовай Тамары Вараўцы дактары хуткае дапамогі ўвогуле забаранілі працягваць галадоўку , бо ў яе абвастрылася хранічная хвароба — язва страўніка. Іншыя галадоўшчыкі таксама пачуваюцца блага: усе яны скардзяцца на галаўны боль і падвышэньне тэмпэратуры.

Перамовы між прадпрымальнікамі ды прадстаўнікамі гарвыканкаму скончыліся а трэцяй гадзіне дня, але чаканага выніку не прынесьлі. Некалькі соцень пікетоўцаў, якія стаялі каля аблвыканкаму, запатрабавалі чарговага раўнду перамоваў, але ўжо з чыноўнікамі вышэйшага рангу. Прадстаўнікі аблвыканкаму пагадзіліся на сустрэчу з прадпрымальнікамі, але яна таксама ня стала дзеля іх плённай.

Удзельнікі галадоўкі зьбіраюцца працягваць акцыю. Яны гавораць, што заўтра да іх гатовыя далучыцца й іхныя дзеці, якія ня бачылі бацькоў ужо некалькі дзён, і якіх улады пазбаўляюць будучыні.

XS
SM
MD
LG