Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЮРЫ ХАДЫКА ЎЗГАДВАЕ СВОЙ ДОСЬВЕД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юры Хадыка згадвае свой асабісты досьвед удзелу ў акцыях пратэсту:

(Хадыка :) “Мэтро спынілася на станцыі “Маскоўская” і мэталічны голас паведаміў, што па тэхнічных прычынах цягнік далей ня пойдзе. Але калі я падняўся на паверхню, то стала відавочна, што гэта за тэхнічныя прычыны. Па абодвух баках цягнуліся купкі людзей у кірунку Маскоўскіх могілак.”

“Дзяды” 1988 года сталі першай акцыяй грамадзянскага пратэсту, у якой удзельнічаў намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка. Тады ўлады паспрабавалі разагнаць мітынгоўшчыкаў, дзеля чаго выкарысталі нават сьлезацечныя газы, але мітынг усё адно адбыўся.

“Дзяды-88” распачалі хвалю масавых акцыяў пратэсту, якія прывялі да зьяўленьня шырокага апазыцыйнага руху беларускага народу. Адным з вынікаў гэтай барацьбы сталася замацаваньне ў Канстытуцыі незалежнай Беларусі права на публічнае выказваньне незадавальненьня дзеяньнямі уладаў. Але зь сярэдзіны 1990-х гадоў гэтае права беларускія ўлады пачалі паступова абмяжоўваць, і сёньня рэалізававаць яго нават больш праблематычна, чым прыканцы 1980-х гадоў, лічыць Юры Хадыка.

(Хадыка: ) “Я вельмі адмоўна стаўлюся да той сыстэмы забаронаў, якую Лукашэнка рэалізаваў рознымі шляхамі. Да гэтых больш жорсткіх законаў пра ладжаньне мітынгаў, пікетаў і дэманстрацыяў, нават больш жорсткіх, чым гэта было за камуністамі. Спачатку ён забараніў ладзіць акцыі бліжэй за 50 мэтраў ад дзяржаўных установаў і 200 мэтраў ад сваёй рэзыдэнцыі, а потым увогуле зрабілі, што праводзіць акцыі можна толькі на плошчы Бангалор. Безумоўна, гэта зьдзек з дэмакратыі, з правоў чалавека выказваць незадавальненьне тымі ці іншымі акалічнасьцямі свайго жыцьця.”

Пасьля некалькіх акцыяў на плошчы Бангалор апазыцыя адмовілася хадзіць з маршамі ў гэтую“рэзэрвацыю”, і тады ўлады прынялі закон, паводле якога за адно парушэньне партыю магчыма наагул закрыць. А як паставіліся да “фактару Бангалору” асобныя грамадзяне, у якіх ўзьнікае патрэба данесьці да ўладаў ці сваіх суседзяў асабістю пазыцыю? Гісторыя менчука Віктара Маркава дэманструе, што і далёкіх ад палітыкі людзей абурае абмежаваньне іхных правоў, і пагаджацца з гэтым яны не жадаюць.

(Стэльмак: ) “Са скаргай на дзеяньні Менгарвыканкаму зьвярнуўся ў суд жыхар Менска Віктар Маркаў. Паводле ягоных словаў, падставай для звароту сталася ініцыятыва правесьці акцыю пратэсту па месцы жыхарства.”

(Маркаў: ) “Я прасіў Менгарвыканкам дазволіць мне правесьці пікет у Зялёным Лузе. Каля Зялёнага Лугу ёсьць лесапаркавая зона. Там поўна сьмецьця. Мы вырашылі правесьці пікет, жыхары падпісаліся паслаць Паўлаву такую паперу. Яны мне не дазволілі і паведамілі, што можна правесьці яго толькі на плошчы Бангалор. Я вырашыў, і на мой погляд так яно і ёьсць, што гэта неправамерна”.

Інакш лічаць гарадскія ўлады. Яны патлумачылі спадару Маркаву, што іхныя дзеяньні грунтуюцца на рашэньні Менгарвыканкаму, паводле якога масавыя мерапрыемствы ў сталіцы можна праводзіць толькі ў трох месцах: ля плошчы Бангалёр, у парку імя 50-годзьдзя “Кастрычніка” і каля цырку Шапіто. Між тым, на думку Віктара Маркава, калі ў Менгарвыканкама і ёсьць такое рашэньне, то яно незаконнае:

(Маркаў: ) “Пікет, згодна закону аб сходах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях ня ёсьць масавым мерапрыемствам. Напрыклад, пра дэманстрацыю напісана, што гэта – масавае мерапрыемства грамадзянаў. А пра пікет сказана, што гэта сход грамадзянаў з мэтай давесьці сваю думку ці сваю ініцыятыву да ведама грамадзтва. І таму, як я лічу, тут трэба было грунтавацца на законе. Парушае пікет у пэўным месцы правы грамадзянаў, ёсьць там каму-небудзь небясьпека ці не? Калі няма небясьпекі, то дазваляйце, калі ёсьць, то напішэце матывавана, што небясьпека вось такая”.

Паводле Маркава, ён мае рацыю яшчэ і таму, што абранае ім месца для акцыі пратэсту не ўваходзіць у сьпіс забароненых:

(Маркаў: ) “Там, дзе прэзыдэнт у нас ездзіць – гэта вуліца Машэрава, плошчы Незалежнасьці і Кастрычніцкая, і ў гэты пералік, дзе забаронена, не ўваходзіць Зялёны Луг. Значыцца, там не забаронена. А яны нас пасылаюць на плошчу Бангалор. І навошта тады праводзіць там той пікет. З такім жа посьпехам можна прапанаваць правесьці пікет на Месяцы”.

Спроба Віктара Маркава судзіцца зь Менгарвыканкамам пакуль закончылася безвынікова – 17 кастрычніка Маскоўскі районны суд Менска суд ягоны пазоў адхіліў. Дарэчы, для Юрыя Хадыкі такі вынік судовай спрэчкі ня быў нечаканым. Ён перакананы, што сёньняшнія ўлады і суды, якія іх абараняюць, ніяк не прыслухоўваюцца да грамадзкай думкі і таму ўзьдзейнічаць на іх празь пікеты немагчыма.

(Хадыка: ) “Зараз калі бы і варта было выйсьці з плякатам да нейкай дзяржаўнай установы, дык толькі з такім: “Даеш вольныя выбары!””

Прыканцы нагадаю пра лёсы зьніклых палітыкаў. Юры Захаранка быў скрадзены невядомымі ўжо 1623 дні таму, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага шукаюць ужо 1491 дзень, Зьмітра Завадскага няма ўжо 1198 дзён.
XS
SM
MD
LG