Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬМЯРОТНЫЯ ПРЫСУДЫ Ў БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мой суразмоўца — Алег Алкаеў, былы начальнік менскага сьледчага ізалятару, які з прычыны сваёй былой службы прысутнічаў пры выкананьні сьмяротных прысудаў. Я спрабую даведацца ў яго падрабязнасьці выкананьня прысудаў злачынцам, якіх прысудзілі да сьмерці ў Беларусі.

(Алкаеў: ) “Прысуд яны чуюць на судзе, а перад карай чуюць адмову ў памілаваньні. Але ў той момант асуджаны ўжо дрэнна што разумее. Я прысутнічаў пры больш як ста пакараньнях, і магу засьведчыць, што самыя розныя сьмяротнікі вядуць сябе амаль аднолькава. Доўгае чаканьне адказу на пытаньне — заб’юць ці памілуюць — разбурае іхную асобу. Нават ня проста разбурае, а зьнішчае”.

Алег Алкаеў ужо амаль 3 гады не працуе начальнікам сьледчага ізалятару і наагул жыве за межамі Беларусі, але яшчэ працягвае захоўваць службовую таямніцу. Аднак паўнамёкі пра тое, як выконваюцца сьмяротныя прысуды ў Беларусі, ад яго я пачуў. Алег Алкаеў сказаў, што ўсё абстаўляецца гэтак, быццам у вязьня яшчэ ёсьць шанец, быццам за наступнымі дзьвярыма яго не чакае куля ў патыліцу. Паводле Алега Алкаева, гэты падман — з гуманных меркаваньняў.

Для забойства выкарыстоўваецца адмысловы пісталет, які вылучаецца надзейнасьцю, дакладнасьцю і вялікай хуткасьцю кулі. Яшчэ адна падрабязнасьць, якую паведаміў Алег Алкаеў: выканаўцу прысуду дазволена перад пакараньнем выпіць алькаголю, але няшмат, толькі “дзеля храбрасьці”. А пасьля выкананьня прысуду яго чакае невялікая ўзнагарода (якая — былы начальнік менскага ізалятару не сказаў). Затое прызнаў, што быць катам — вельмі цяжкая праца, якой не пазайздросьціш.

(Алкаеў: ) “Паверце мне, пазбаўляць жыцьця другога чалавека — у гэтым няма нічога прыемнага. Для ўсіх супрацоўнікаў гэта вялікі стрэс. І таму я цяпер рашучы праціўнік смяротнай кары ў любым выглядзе”.

Усе суседнія зь Беларусьсю краіны адмовіліся ад найвышэйшай меры пакараньня, альбо, як Расея ці Ўкраіна, прыпынілі яе. Беларусь жа ў гэтай справе аказалася найбольш прыхільнай да савецкіх традыцыяў. Больш за тое, рэфэрэндум 1996 году зрабіў сьмяротную кару недатыкальнай, паколькі за яе прагаласавала большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму.

Між тым, варта нагадаць, што паставіць на рэфэрэндум адпаведнае пытаньне прапанаваў Аляксандар Лукашэнка, які знайшоў у ім своесаблівы лякаматыў для перамогі ў іншых пытаньнях, у тым ліку датычна зьменаў Канстытуцыі, якія ўмацавалі ягоную асабістую ўладу. Сёньня толькі прэзыдэнт можа памілаваць асуджанага да сьмерці, але цікава, што за ўсе 9 гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка дараваў жыцьцё толькі аднаму сьмяротніку, імя якога афіцыйна нідзе не паведамляецца.

Актывістка праваабарончай арганізацыі “Вясна” Паліна Качаткова лічыць, што ведае гэтага чалавека. У 1998 годзе да іх пачалі прыходзіць лісты ад пяці асуджаных да сьмерці, якія ў адной камэры чакалі вырашэньня свайго лёсу. Адным зь сьмяротнікаў, самым настойлівым, быў Аляксандар Праціраеў.

(Качаткова: ) “Ён апісваў там розныя страшныя рэчы — як зь іх зьдзекуюцца. Ведаюць, што яны ўжо ня будуць жыць і проста начамі да іх прыходзяць, зьбіваюць. Б’юць літаральна за ўсё — за тое, што пішуць заяўкі ў мэдычную частку, што просяць, каб да іх прыйшоў сьвятар. Б’юць драўляным малатком для прастукваньня сьцен… Мы думалі, іх расстралялі ўсіх, але потым прыйшоў ліст з Глыбокага, і пісаў яго зноў Сяргей Праціраеў”.

Справу Сяргея Праціраева перагледзелі і далі яму 20 гадоў. Пакараньне ён адбывае ў Івацэвіцкай калёніі, адкуль дагэтуль шле лісты са скаргамі на турэмныя парадкі.

Сьмяротныя прысуды прадугледжвае закон, але выносіць іх суд, пэўныя людзі ў чорных мантыях. Як яны пачуваюцца, калі пасылаюць жывога чалавека пад кулю? Судзьдзя Ўладзімер Чамрукоў вынес некалькі сьмяротных прысудаў. Гэты мяккі і спакойны чалавек кажа, што ўспаміны ў яго пра тыя моманты жыцьця самыя дрэнныя.

(Чамрукоў: ) “Вельмі пакутліва — бачыць гэтыя вочы, якія глядзяць на цябе і чакаюць, які прысуд ты вынесеш. У такія моманты, бывала, у мяне падымаўся ціск, я ня мог вымавіць ні слова. А потым ідзе рэакцыя прысуджанага да сьмяротнай кары, яна таксама жахлівая. Бывае, чалавек нібы скамянее, а бывае, што пачынае сьмяяцца, ці рвецца з жалезнай клеткі”.

Уладзімер Чамрукоў перакананы: зь яго боку судовай памылкі не было і сьмяротныя прысуды ён выносіў законна. Іншая рэч — раней закон быў больш жорсткі, а цяпер у судзьдзяў пабольшала магчымасьцяў захаваць жыцьцё нават самаму апошняму злачынцу.

Пры канцы нашай размовы судзьдзя распавёў, што неяк у трамваі сустрэў маці асуджанага ім да сьмяротнай кары хлопца і са зьдзіўленьнем адзначыў: жанчына не адчувае да яго нянавісьці.

(Чамрукоў: ) “Яе сын учыніў забойства ў карыслівых мэтах, забіў свайго сябра, потым пасек яго на кавалкі і раскідаў часткі цела па сьметніках у розных канцах гораду. Я асудзіў яго на сьмерць, і таму чакаў ад яе чаго заўгодна, але яна не трымала на мяне злобы. Мы з ёй і потым у трамваі бачыліся, размаўлялі, нават яблыкам мяне частавала”.

Што пасьля выкананьня сьмяротнага прысуду робяць зь целам пакаранага? Можа, таксама сякуць на кавалкі ці спальваюць у печы крэматорыю? Пяць гадоў таму гэтым зацікавіўся карэспандэнт газэты “Свабода” Алесь Дашчынскі. Па адказ ён прыйшоў да Юр’я Захаранкі, пра якога было вядома, што ён — адзіны з усіх міністраў незалежнай Беларусі патрабаваў зьмяніць расстрэльныя інструкцыі, якія ў Беларусі заставаліся з савецкага часу. Згодна з гэтымі інструкцыяў целы расстраляных не выдаюць сваякам і нават не паведамляюць пра месца пахаваньня.

(Дашчынскі: ) “Ён распавядаў дэталі, як выконваюць прысуды і як бывае, што некалькі разоў дабіваюць гэтых асуджаных. А потым целы вывозяць на адмысловы палігон, хаваюць у адной яме без аніякіх пазнавальных знакаў. Яшчэ: адна краіна з былых савецкіх рэспублік зьвярнулася да Беларусі, каб тут у нас расстрэльвалі іхных асуджаных, але ён гэтыя перамовы спыніў, бо наагул быў супраць сьмяротнай кары”.

Дамагчыся адмены савецкіх расстрэльных інструкцыяў Юры Захаранка не пасьпеў — праз паўтара году працы міністрам Аляксандар Лукашэнка зьняў яго з пасады. А яшчэ праз чатыры гады, у 1999 годзе, Захаранка бясьсьледна зьнік.

Ёсьць вэрсія, што сам ён паўтарыў лёс асуджаных да сьмерці — яго нібыта забілі з табэльнага расстрэльнага пісталета і нават пахавалі на тым самым палігоне для сьмяротнікаў, месца якога гэтак старанна ўлады трымаюць пад сакрэтам. Паводле гэтай вэрсіі, забойцы Захаранкі, каб надаць свайму злачынству законны выгляд, абвесьцілі яму сьмяротны прысуд “імём Рэспублікі Беларусь”.

За час існаваньня прэзыдэнцкай Рэспублікі Беларусі ўсе яе суды разам прысудзілі да сьмерці блізу 250 чалавек. Усе засуджаныя грамадзяне Беларусі, і толькі адзін – грамадзянін суседняй Украіны. Пік вынясеньня сьмяротных прысудаў прыпаў на 1998 год — 45 чалавек. Потым пачаўся спад, асабліва заўважны пасьля ўвядзеньня новага Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне як альтэрнатыву найвышэйшай меры пакараньня. Як вынік, летась да сьмерці былі асуджаныя толькі 5 чалавек.

Але не падобна, каб Беларусь хутка зусім адмовілася ад сьмяротнай кары. Эўрапейскія структуры патрабуюць хаця бы ўвядзеньня адпаведнага мараторыю, але пакуль беларускія парлямэнтары нават не паставілі гэтага пытаньня на парадак дня сэсіі.
XS
SM
MD
LG