Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАРСУД БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЬ СКАРГУ АКСАНЫ НОВІКАВАЙ НА ПРЫСУД ЦЭНТРАЛЬНАГА СУДУ


Любоў Лунёва, Менск

Нагодай для крымінальнай справы сталі ўлёткі, якія Аксана Новікава распаўсюджвала на Кастрычніцкай плошчы ў Менску летась 17 кастрычніка. Улёткі былі зробленыя кшталту міліцэйскіх пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Лукашэнкі аўтары надрукавалі пералік артыкулаў крымінальнага вышуку, якія, на іх думку, ён парушыў.

У судзе выступалі лідэр АГП Анатоль Лябедзька і Гары Паганяйла. Судзьдзя Валеры Есьман абрываў іх і не даваў выказацца. Судзьдзя таксама не задаволіў ніводнага хадайніцтва наконт запытаў у КГБ, МУС, а таксама дапытаць у якасьці сьведкаў тых асобаў, якія паводле публікацыяў маюць дачыненьне да выкраданьня вядомых людзей.

Журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч таксама падавалі скаргі ў вышэйшыя судовыя інстанцыі, але безвынікова. Да таго, як падаць скаргу ў гарадзкі суд, Аксана са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам падалі заўвагі на пратакол судовага паседжаньня, бо ўбачылі, што ён не адпавядае рэчаіснасьці. Але судзьдзя не прыняў заўвагаў. Увогуле, гледзячы на тое, як судзьдзя Есьман сябе паводзіў, асабліва й не імкнуўся захоўваць працэсуальнае заканадаўства, можна зрабіць выснову, што ён быў упэўнены ў тым, што прысуд застанецца.

У судзе Савецкага раёну сёньня ж будуць разглядаць справу Антона Кішкурны, якога 26 сакавіка зьбілі міліцыянты ля будынку суду. Антону зламалі руку і склалі пратакол за нібыта непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Сёньня адбудзецца трэцяе паседжаньне – хутчэй за ўсё, апошняе. Мінулы раз адвакат папрасіў, каб з пракуратуры, куды Антон зьвярнуўся з заявай, запатрабавалі заключэньне судмэдэкспэртызы і дапыталі яшчэ аднаго сьведку. Невядома, якое будзе рашэньне судзьдзі Аксаны Рэлявы – спыніць яна справу, ці, наадварот, пакарае Антона арыштам альбо штрафам.
XS
SM
MD
LG