Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ І БАРАНАВІЧАХ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ АКТЫВІСТАЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАГА СТРАЙКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Менская пракуратура разглядае зараз скаргу прадпрымальніка Валерыя Нікалайчука. Актывіст прадпрымальніцкага руху, які браў сёлета ў Менску ўдзел ва ўсіх акцыях пратэсту, у тым ліку ва ўсебеларускім страйку, 13 кастрычніка быў затрыманы міліцыянтамі на працоўным месцы на рынку “Дынама”. Вось што ён распавёў нашаму радыё:

(Нікалайчук: ) “Пачапілі кайданкі й павялі. Жонку таксама цягнуць, яна крычыць. Зацягнулі нас у дзяжурны пакой. Адзін зь міліцыянтаў падбягае да мяне, выхоплівае пісталет і крычыць:”Я цябе зараз застрэлю!” Мне інкрымінуюць незаконныя валютныя апэрацыі і дробнае хуліганства — супраціў міліцыі. Хаця ў пратаколах няма гаворкі пра валюту.

Міліцыянты распранулі да бялізны жонку — шукалі грошы. Гэта было жахліва. У мяне ў кішэні знайшлі ўлётку пра пікет супраць касавых апаратаў ля “Паркінгу”. Міліцэйскі начальнік быў задаволены. Затым мяне адвезьлі ў будынак па вуліцы Леніна, 13. Зачынілі ў камэру, я там суткі адседзеў”.

Разам з жонкай Ірынай яны прайшлі мэдэкспэртызу і накіравалі скаргу ў сталічную пракуратуру.

У пракуратуры Баранавічаў знаходзіцца скарга яшчэ адной ахвяры гвалтоўных дзеяньняў — аднаго зь лідэраў мясцовых прадпрымальнікаў Яўгена Віньніка. Ён паведаміў нашаму радыё, што пацярпеў у самы разгар усебеларускага страйку:

(Віньнік: ) “4 кастрычніка а 8-й вечара да мяне ў кватэру прыйшлі двое. А затым яшчэ адзін чалавек, яны мяне зьбілі, а затым абакралі. Гэта былі бандыты з банды Панаса, якая дзейнічае ў Баранавічах. Асобы, што зьдзейсьнілі на мяне напад, устаноўленыя. Але яны дагэтуль на волі. Ніякіх дзеяньняў у дачыненьні да іх не праводзіцца. Я пісаў скаргі ў пракуратуру, што гэтыя факты баранавіцкай міліцыяй ня расьсьледуюцца”.

Сёньня факты гвалту ў дачыненьні да актывістаў прадпрымальніцкага руху Нікалайчука і Віньніка абмяркоўваліся ў Менску на паседжаньні каардынацыйнага камітэту Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў. Было вырашана зьвярнуцца з адкрытым лістом да генэральнага пракурора Віктара Шэймана і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё каардынатар рады Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Пасьля страйку пачаўся перасьлед актывістаў Аб’яднанай рады. Мы лічым гэта недапушчальным і зьвяртаемся па абарону нашых людзей да кіраўнікоў праваахоўчых структураў. Супрацоўнікі міліцыі, якія дапусьцілі гэтае беззаконьне, павінныя быць пакараныя”.

Пра намер абараняць актыўных удзельнікаў прадпрымальніцкіх акцыяў пратэсту заявіў і Беларускі страйкавы камітэт прадпрымальнікаў.

XS
SM
MD
LG