Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯДОМЫ АДВАКАТ ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА НЕ ДАПУШЧАНЫ ДА АБАРОНЫ ПРАВОЎ ІРЫНЫ КРАСОЎСКАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Апазыцыйных палітыкаў беспасьпяхова шукаюць ужо амаль тры гады, і Ірына Красоўская зьвярнулася ў пракуратуру з просьбай прызнаць Гары Паганяйлу яе юрыдычным прадстаўніком, каб ён мог абарацяць яе правы падчас расьсьледаваньня.

На думку Красоўскай, дапамога кваліфікаванага юрыста ў выніку будзе спрыяць пасьпяховаму расьсьледаваньню справы. Але сьледчы палічыў інакш і хадайніцтва Ірыны Красоўскай адхіліў. Цяпер яна зьбіраецца скарыстацца сваім правам і праз суд адмяніць гэтае рашэньне.

Вядомы адвакат Гары Паганяйла гэтак пракамэнтаваў рашэньне сьледчага Ўладзімера Чумачэнкі:

(Паганяйла: ) “Вядомыя нашыя апазыцыянэры зьніклі пасьля выкарыстаньня супроць іх гвалту. Да гэтага, паводле адной з вэрсіяў, датычныя адпаведныя структуры і пэўныя дзяржаўныя асобы, але сьледзтва ў гэтым разьбірацца не жадае. А пацярпелыя з удзелам юрыдычных абаронцаў хацелі б паспрыяць расьсьледаваньню якраз у гэтым кірунку”.

Дарэчы, пасьля Красоўскай з аналягічным хадайніцтвам зьвярнулася ў пракуратуру і Зінаіда Ганчар. Яна таксама не задаволеная вынікамі расьсьледаваньня і лічыць, што яе правы як пацярпелай парушаюцца, а таму ёй патрэбная юрыдычная дапамога. Рашэньне адносна хадайніцтва Зінаіды Ганчар пакуль ня вынесенае.


XS
SM
MD
LG