Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ ПРАТЭСТАНТАЎ ХОЧУЦЬ СУСТРЭЦЦА З ЛУКАШЭНКАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўнікі саюзаў Эвангельскіх Хрысьціянаў-баптыстаў, Хрысьціянаў Веры Эвангельскай, Канфэрэнцыі цэркваў Хрысьціянаў Адвэнтыстаў Сёмага дня і Аб’яднаньня грамадаў Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля настойліва просяць Аляксандра Лукашэнку ўмяшацца ў працэс прыняцьця новай рэдакцыі закону аб свабодзе сумленьня, які прыціскае правы рэлігійных меншасьцяў. У іх звароце зазначаецца:

“У нас выклікае зьдзіўленьне і непаразуменьне тая пасьпешлівасьць, зь якой распрацоўваўся і прымаецца гэты закон. Ствараецца ўражаньне, што хтосьці вельмі хоча без сур’ёзнага і ўзважанага абмеркаваньня, без уліку рэальнай рэлігійнай абстаноўкі ў краіне прыняць закон, які прывядзе толькі да супрацьстаяньня і канфліктаў”.

Кіраўнік Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай Беларусі Сяргей Хоміч, зазначыў, што пратэстанты будуць зьвяртацца і да Савету Рэспублікі:

(Хоміч: ) “Мы мяркуем, што надзея памірае апошняй. Цяпер мы зьвяртаемся да Бога, у нашых грамадах пастаянна моляцца, але як грамадзяне краіны мы зьвяртаемся і да прэзыдэнта. Калі гэта ад яго зыходзіць, то ёсьць спадзеў, што пры сустрэчы з намі ён можа памяняць меркаваньне, калі не ад яго, то тым болей будзем прасіць, каб ён наклаў сваё вэта. Бо гарант Канстытуцыі — Аляксандар Лукашэнка, і нават калі гэта ад яго зыходзіць, мы паспрабуем гэтае ягонае меркаваньне зьмяніць”.

Япіскап Хрысьціянаў веры Эвангельскай Сяргей Хоміч зазначае, што гэты закон робіць з прадстаўнікоў рэлігійных меншасьцяў грамадзянаў другога гатунку. Ён, сустракаючыся зь вернікамі, ужо заўважыў усплёск настрояў на эміграцыю, людзі хвалююцца за сваю будучыню.

(Хоміч: ) “Таму што ў гэтым законе яўна прасочваюцца тэндэнцыі мінулага таталітарнага рэжыму, зь якога мы выйшлі”, — зазначыў лідэр беларускіх пяцідзясятнікаў Сяргей Хоміч.

Некаторыя вернікі зь іншых канфэсіяў разглядаюць магчымасьць адмаўленьня ад беларускага грамадзянства. З пратэстам супраць парушэньня правоў вернікаў выступіла грамадзянская ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне”, якая жадае прыцягнуць да абмеркаваньня закону шырокія колы беларускай і замежнай грамадзкасьці. Гаворыць каардынатар ініцыятывы Аляксандар Вялічка:

(Вялічка: ) “Асноўныя захады, якія мы маем намер ажыцьцявіць, — правесьці незалежную экспэртызу закону, накіраваць яго ў Раду Эўропы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, акадэмічныя інстытуты краінаў Эўропы, Расеі й ЗША, апублікаваць тэкст закону, каб можна было арганізаваць усенароднае яго абмеркаваньне. І калі ўсё гэта не прывядзе да таго, што Савет Рэспублкі адхіліць гэты праект на дапрацоўку, і ён уступіць у сілу, тады мы прыступім да стварэньня альтэрнатыўнай рэдакцыі закону, мы гатовыя скарыстаць права заканадаўчай ініцыятывы і сабраць 50 тысяч подпісаў”.

Прадстаўнік прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін назваў прычынай канфлікту тое, што сярод дэпутатаў і кіраўніцтва краіны няма веруючых людзей.

(Басін: ) “Так ці іначай пачнуцца рэлігійныя войны. Ужо сёньня мы маем такія войны — пачытайце Інтэрнэт, калі вернікакў кудысці не пускаюць, калі сотні рэлігійных грамадаў ня могуць зарэгістравацца”, — сказаў лідэр грамадаў прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін.

Акрамя яго, як паведаміла актывістка ініцыятывы “За свабоду веравызнаньня” Ірына Жыхар, гэты рух падтрымліваюць грэка-католікі, крышнаіты, рэфарматарская царква, аўтакефальная праваслаўная царква:

(Жыхар: ) “Нават простыя праваслаўныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца, яны таксама з намі, яны выступаюць у нашую падтрымку. Але на ўзроўні кіраўніцтва канечне сытуацыя іншая... Гэта ня проста антырэлігійны закон, гэта антыправаслаўны закон таксама, бо калі ўзьнікне напружанасьць паміж вернікамі, то галоўны ўдар прымуць на сябе праваслаўныя”.
XS
SM
MD
LG