Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА КАМПЭНСУЕ МІКОЛУ СТАТКЕВІЧУ МАРАЛЬНЫЯ СТРАТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Мікола Статкевіч атрымае сто тысяч рублёў за 10 сутак арышту, якія ён правёў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў жніўні 1999 году за арганізацыю несанкцыяванага ўладамі шэсьця ў Дзень Незалежнасьці.

Тады "Народная Грамада" ладзіла шэсьце з плошчы Якуба Коласа па вуліцах Веры Харужай і Куйбышава. На рагу вуліц Янкі Купалы і Рэвалюцыйнай адбылася бойка паміж дэманстрантамі і амонаўцамі. Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча і яшчэ некалькі чалавек затрымалі і потым судзілі. Статкевіча пакаралі 10 суткамі арышту.

Праз чатыры дні ў спэцпрыёмніку яго наведаў сьледчы гарадзкой пракуратуры і паведаміў, што пракуратура распачала крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў. Мікола Статкевіч заўважыў, што ён ужо пакараны за шэсьце паводле адміністрацыйнага заканадаўства, але яго так і ня выпусьцілі з разьмеркавальніка. Два гады гарадзкі суд разглядаў крымінальныя справы супраць Статкевіча, паводле якіх ён абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Дзень Незалежнасьці і на Маршы Свабоды. У выніку Міколу Статкевіча пакаралі штрафам у 100 мінімальных заробкаў. Суд таксама прызнаў, што арышт Статкевіча быў незаконны. Мікола Статкевіч распавёў Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) "Нават у гітлераўскай Германіі два пакараньні за адно і тое ж не выносілі. Гэтай справай супраць дзяржавы нам папросту хацелася стварыць прэцэдэнт пакараньня дзяржавы ў выпадку яе неправамоцных дзеяньняў. Безумоўна, сто тысяч рублёў — гэта ня тое спагнаньне. Я нагадаю, што за ўдзел у несанкцыяванай дэманстрацыі можна атрымаць штраф у мільён семсот тысяч рублёў.

Але падаваць скаргу ў Менскі гарадзкі суд на тое, што малая сума кампэнсацыі, мы ня будзем. Як патлумачыла прадстаўнік дзяржавы ў судзе, у іх няма грошай на кампэнсацыю. Яна казала, што грошы на кампэнсацыю бяруць у фондзе былых палітрэпрэсаваных, а ўзьнікаюць гэтыя грошы дзякуючы таму, што нехта зь іх памёр. Сумленьня ня хопіць забіраць грошы з гэтага фонду. Амаральна, калі дзяржава прымушае разьлічвацца менавіта гэты фонд. Дзяржава павінна мець свой нейкі фонд, бо тут толькі дзесяць сутак, а людзі ж гадамі сядзяць у вязьніцы, а потым высьвятляецца, што злачынства, за якое чалавек асуджаны, зьдзейсьніў нехта іншы. Яго адпускаюць. Дык што, яму таксама кампэнсацыю ў сто тысяч рублёў?"

Гэта першы ў Беларусі выпадак, калі суд вынес рашэньне кампэнсаваць маральныя страты за незаконны арышт удзельніку апазыцыйнай палітычнай дэманстрацыі. Раней маладафронтаўцу Яўгену Афнагелю суд адмовіў у кампэнсацыі за незаконны арышт за арганізацыю Маршу Свабоды, у якім той ня ўдзельнічаў. А сябру БНФ Ўладзімеру Кішкурну за незаконнае затрыманьне суд кампэнсаваў толькі выдаткі на адваката.
XS
SM
MD
LG