Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО БЕЛАРУСЬ МУСІЦЬ ГАРАНТАВАЦЬ СВАБОДУ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Абмеркаваньне гэтай праблемы адбылося ў рамках сэмінару, арганізаванага Беларускім цэнтрам канстытуцыяналізму ды Дырэктаратам правоў чалавека Рады Эўропы. Гаворыць арганізатар сэмінару, дырэктар цэнтру канстытуцыяналізму Аляксандар Вашкевіч:

(Вашкевіч: ) "Гэтая тэма свабоды веравызнаньня — яна вельмі цікавіць шмат каго ў нашым грамадзтве. І зараз ідзе дыскусія наконт унясеньня зьменаў і дадаткаў у закон пра свабоду веравызнаньня. Гэта па-першае. Па-другое, мы ўсё ж такі зьбіраемся ўступіць у Раду Эўропы, а там дзейнічае Эўрапейская канвэнцыя аб правах чалавека. Таму мы таксама павінна вывучаць гэты досьвед".

У гэтым мерапрыемстве бралі ўдзел і чыноўнікі з г.зв. палаты прадстаўнікоў і Канстытуцыйнага суду. Так, прадстаўнік сакратарыяту палаты Леанід Землякоў сьцьвярджаў, што новы варыянт закону пра свабоду веравызнаньня ёсьць супэрдэмакратычным, а правы вернікаў у Беларусі ніхто не парушае.

Паводле гэтага чыноўніка, наадварот, некаторыя пратэстанцкія абшчыны парушаюць законы й дэстабілізуюць міжканфэсійны мір у Беларусі. Спадар Землякоў таксама прывёў афіцыйныя лічбы колькасьці вернікаў усіх канфэсіяў у Беларусі — гэта прыкладна 50% насельніцтва. Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка некалі сьцьвярджаў, што толькі праваслаўныя ў Беларусі складаюць 80% жыхароў краіны.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, наадварот, лічаць, што міжканфэсійную стабільнасьць у Беларусі разбураюць самі ўлады. У дзяржаўных беларускіх мэдыях ня раз зьяўляліся перадачы й публікацыі пра шкоднасьць для грамадзтва дзейнасьці пратэстантаў — баптыстаў і пяцідзясятнікаў.

Паводле дэпутата палаты Івана Пашкевіча, у новым праекце закону пра свабоду веравызнаньня ўведзеныя істотныя абмежаваньні для рэгістрацыі новых рэлігійных абшчынаў. Дзеля таго, каб зарэгістраваць рэлігійнае аб'яднаньне, паводле цяперашняга закону трэба 10 вернікаў, у праекце новага закону гэтая лічба ўзрастае да 20. А калі такая суполка, напрыклад, у справе вывучэньня Бібліі, дзейнічае без рэгістрацыі, яе сябраў прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасьці.

Экспэрт Рады Эўропы ў справе абароны рэлігійных правоў Малькальм Эванс сёньня казаў пра тое, што дзяржава ня мае права абмяжоўваць правы вернікаў такім чынам. А вось ягонае меркаваньне пра стан свабоды сумленьня ў Беларусі:

(Эванс: ) "Так, як юрыст я мушу зазначыць, што усе юрыдычныя элемэнты, неабходныя для фармаваньня трывалай і адпаведнай міжнароднаму праву сыстэмы заканадаўства ў галіне свабоды сумленьня ў Беларусі быццам бы прысутнічаюць. Але ў Беларусі, як і ў некаторых іншых краінах, наяўнасьць заканадаўства — гэта фармальнасьць. А як яно прымяняецца ў рэальнасьці, мае больш сур'ёзнае значэньне для працэсаў, што адбываюццца ў краіне".

Малькальм Эванс лічыць абуральным, што на некаторыя канфэсіі ў Беларусі аказваюць ціск улады, але спадзяецца, што афіцыйны Менск выправіць становішча ў галіне свабоды сумленьня. Бо бяз гэтага немагчымае ўступленьне Беларусі ў Раду Эўропы.
XS
SM
MD
LG