Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМІЦЕРА ПЕТРУШКЕВІЧА ЗВОЛЬНІЛІ З ПРАКУРАТУРЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Сьледчы пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч звольнены з працы. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сёньня прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў. Звальненьне, паводле Таранава, не зьвязанае з гучнымі абвінавачаньнямі Зьмітра Петрушкевіча на адрас вышэйшых кіраўнікоў краіны.

(Таранаў: ) "Так, гэты Петрушкевіч звольнены з 29 траўня. Дакладней, загад быў падпісаны ўчора, а звольнілі яго з 29-га, бо ён з таго дня не зьяўляецца на працу, за прагулы", — паведаміў Аляксей Таранаў.

Між тым у пракуратуры не выключаюць, што і звольнены зараз Зьміцер Петрушкевіч, і Алег Случак, які звольніўся ў траўні 1999 году, будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з заявамі, якія яны нядаўна зрабілі.

(Таранаў: ) "Справы пакуль не пачалі, але гэтае пытаньне будзе разглядацца, бо ў крымінальным кодэксе ёсьць артыкулы за разгалошваньне тайны сьледзтва і за злоўжываньне службовым становішчам", — сказаў прэсавы сакратар пракуратуры.

Спадар Таранаў лічыць, што прыкметы гэтых злачынстваў у дзеяньнях былых супрацоўнікаў пракуратуры Петрушкевіча і Случака могуць знайсьціся.

Паводле словаў Таранава, неўзабаве кіраўнік сьледчай групы па справе Завадзкага Іван Бранчаль дасьць інтэрвію для мэдыяў. Але ў пракуратуры яшчэ ня вырашылі, у якой форме гэта будзе зроблена. Магчыма, Бранчаль ня будзе ладзіць прэсавую канфэрэнцыю, а абмяжуецца адмысловым інтэрвію для адной зь дзяржаўных газэтаў.

Паводле прэсавага сакратара, у пракуратуры ня ведаюць, дзе зараз знаходзяцца Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак, якія абвінавацілі кіраўніцтва краіны ў стварэньні "эскадрону сьмерці" дзеля зьнішчэньня палітычных праціўнікаў рэжыму. Асабіста Аляксей Таранаў мяркуе, што яны ў Польшчы. Аднак у той жа пракуратуры цыркулююць пакуль не пацьверджаныя зьвесткі, што ўцекачы знаходзяцца ў ЗША.
XS
SM
MD
LG