Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ЧАСТКОВА ЗАДАВОЛІЎ ПАЗОЎ АКТЫВІСТА АГП ДА МЕНСКАЙ МІЛІЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск


У разглядзе гэтай грамадзянскай справы бралі ўдзел прадстаўнікі Гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў, Упраўленьня фінансаў Менгарвыканкаму й прадстаўніца Ўладзімера Раманоўскага Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) "Гэты суд, як і другія суды, ня быў для мяне нечаканасьцю. Мы ведаем, што судзьдзя заўжды знаходзіцца між молата й кавадла. Ён ня можа трымацца закону, бо судзьдзя — выканаўца загадаў зьверху".

Прычынай пазову стала незаконнае затрыманьне Раманоўскага летась 7 жніўня. У той дзень некалькі сяброў АГП сабраліся каля будынку Менгарвыканкаму, каб перадаць пэтыцыю з патрабаваньнем дазваляць масавыя мерапрыемствы ня толькі на плошчы Бангалёр.

Позна ўвечары Ўладзімера Раманоўскага міліцыянты забралі з дому і да суду завезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Суд вызначыў, што правапарушэньня з боку Раманоўскага не было.

У пазове Ўладзімер Раманоўскі патрабаваў грашовай кампэнсацыі за матэрыяльныя страты на 44 000 рублёў, а таксама 1 000 рублёў за маральныя страты. Акрамя таго, сп. Раманоўскі заўважыў, што ўмовы ўтрыманьня ў спэцпрыёмніку былі далёкія ад нармальных.

Прадстаўнік ГУУСу не пагадзіўся з гэтым. Людміла Гразнова спаслалася на сьнежаньскую Пастанову Камітэту ААН, паводле якой умовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах і спэцпрыёмніках лічацца катаваньнем.

Суд вырашыў задаволіць пазоў часткова. Паводле гэтага рашэньня, Уладзімеру Раманоўскаму кампэнсуюць толькі 390 рублёў за ўтрыманьне ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Гаворыць Уладзімір Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) "Найхутчэй, суд баяўся стварыць прэцэдэнт, каб пазьбегнуць потым скаргаў. Я лічу, што заканадаўства дае магчымасьць задавальняць пазовы ў кампэнсацыі маральных стратаў.

Добра, што ў гэтым працэсе супрацоўнікі міліцыі прызналі, што дзейнічалі незаконна. Гэта станоўчы момант для вырашэньня ўсіх пытаньняў, зьвязаных з правядзеньнямі пікетаў. Можа, ня будуць да пікетоўнікаў ставіцца як да хуліганаў.

Вінаваты тут Менгарвыканкам, які правакуе сілавыя структуры і, галоўным чынам, міліцыю на няпраўныя дзеяньні”.
XS
SM
MD
LG