Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Голаду ў калгасе няма, бо ўсе крадуць”


Валянціна Жданко, Менск

Як зьменіцца абаронная стратэгія Беларусі пасьля таго, як большая частка суседніх дзяржаваў далучыліся да НАТО? Чаму прынцыпы хрысьціянскай маралі не запанавалі ў грамадзтве? Якім чынам удаецца выжываць вясковым жыхарам, па шмат месяцаў не атрымліваючы заробкаў? Адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць даць слухачы, лісты якіх увайшлі ў сёньняшні агляд пошты Беларускай Свабоды.

Пачну зь ліста Максіма Дасевіча зь Менску, які разважае пра тое, як зьмяняюцца ў беларускім грамадзтве ўяўленьні пра маральныя каштоўнасьці:

“Памятаеце, гадоў трыццаць таму ўсе савецкія людзі марылі пра сапраўдныя джынсы. І вось мне, вясковаму школьніку, пашанцавала мець іх. Я лічыў сябе ледзь ня самым шчасьлівым на сьвеце. Па некалькі разоў на гадзіну даставаў іх з шафы, прымерваў, прытуляў да грудзей. Яны мелі нейкі незвычайны пах, і сэрца трапятала ад радасьці. Цяпер тое, вядома, сьмешна згадваць... Мара юнацтва — аўтамабіль. І вось зноў шчасьце: я — уладальнік “Запарожца”. Мінуў час, і сёньня можна бачыць, як звычайны дзядзька зь вёскі прыяжджае ў горад на “БМВ” ці “Мэрсэдэсе” гандляваць малаком. Але нешта на яго твары не відаць шчасьця. Хтосьці марыць пра кампутар, хтосьці пра мабільны тэлефон. Напэўна, хутка яны будуць у кожнай хаце. Але ці прынясе гэта шчасьце?

Можа, скажаце: якое шчасьце, калі няма дэмакратыі, свабоды, калі кепскі прэзыдэнт ды і суседзі з Усходу, мякка кажучы, ня тыя што трэба? Ну, добра — будзем мы ў Беларусі мець усё, што маюць людзі ў Нямеччыне, Англіі ці Швэцыі. Адчуем сябе шчасьлівымі? Ды не, бо і там людзі пакутуюць ад цяжкіх хваробаў, алькагалізму, наркаманіі, распаду сем’яў, самазабойстваў.

Сёньня амэрыканцы, выпраўляючы сваіх дзяцей у школу, ня ўпэўненыя, ці вернуцца тыя жывыя і здаровыя. Сьведчаньне таму — мэталашукальнікі, што ўсталёўваюць у дзьвярах школаў. А вось у Індыі (можа, і ня вельмі багатай, але рэлігійнай) яшчэ захаваліся традыцыі, калі дзеці зь вялікай павагай ставяцца да сваіх бацькоў. І яны вельмі адрозьніваюцца ад тых дзяцей, якія эмігравалі са сваімі бацькамі на Захад. Тыя дзеці плююць на сваіх бацькоў. Дзякуй Богу, Зянон Пазьняк, пажыўшы ў так званым “свабодным” сьвеце, пачынае патрошкі разумець рэальнасьць. Можа, калі-небудзь ён да канца зразумее, што альтэрнатывай дэмакратыі і так званай “свабодзе” можа быць толькі жыцьцё паводле закону Бога. А ўсе іншыя шляхі — гэта вельмі клопатны і небясьпечны занятак, бо непазьбежна скончыцца крахам”.

А чаму, спадар Дасевіч, вы супрацьпастаўляеце дэмакратыю і веру ў Бога? Хіба яны неспалучальныя? Хіба дзе-небудзь у свабодным сьвеце абвяшчалі вайну рэлігіі, нішчылі храмы і расстрэльвалі сьвятароў, як гэта рабілі, да прыкладу, у Савецкім Саюзе? Аднаго матэрыяльнага дабрабыту, відавочна, недастаткова, каб адчуваць паўнату жыцьця, душэўны камфорт і ўласную раўнавагу са сьветам. Але ці магчымае шчасьлівае існаваньне там, дзе няма ўсяго таго, што вы, спадар Дасевіч, лічыце другарадным, неістотным і ня вартым увагі?

Так, ёсьць прыклады, калі дзеля служэньня Богу чалавек адмаўляецца ад усяго, калі для яго страчваюць сэнс усе звыклыя каштоўнасьці. Але многія з такіх прыкладаў выклікаюць не павагу і разуменьне, а жах і пратэст. Малады шахід, апярэзваючы сябе “поясам сьмяротніка”, разважае, спадар Дасевіч, прыблізна гэтак жа, як вы — наконт разбэшчанасьці заходняй цывілізацыі, прывіднасьці матэрыяльнага дабрабыту, гніласьці дэмакратыі і неабходнасьці ўсім даказаць сваю адданасьць Богу. Рэлігійны фанатызм у самых небясьпечных і злачынных формах узьнікае якраз там, дзе няма ні дэмакратыі, ні дастатку, хоць вера ў Бога часта абвяшчаецца асновай дзяржаўнай палітыкі.

Ліст ад Васіля Махоціна зь Менску. Ён піша:

“Вось і дачакаліся беларусы: НАТО падпаўзло да самых нашых межаў. Амэрыканскія зьнішчальнікі базуюцца за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Ліды і Горадні. Чаму маўчыць Лукашэнка? Ён павінен зьвярнуцца да народу як некалі Сталін, каб людзі ўсе як адзін згуртаваліся перад небясьпекай, што паўстала перад народам. Гэта найперш у інтарэсах самога Лукашэнкі, які павінен памятаць, як зусім нядаўна бамбавалі Бялград толькі за тое, што Мілошавіч не захацеў танцаваць пад амэрыканскую дудку. Беларусь, Расея, увесь прагрэсіўны сьвет павінны аб’яднацца і стварыць свой магутны ваенны блёк, каб спыніць агрэсіўную экспансію НАТО, даць імпэрыялістам дастойны адпор”.

Як і вы, спадар Махоцін, Аляксандар Лукашэнка не ў захапленьні ад пашырэньня НАТО, і некалькі гадоў таму выказваўся прыблізна гэткім жа чынам — пра тое, што “жахлівы монстар НАТО падпаўзае да нашай сінявокай Беларусі”. Але гэтыя страхі, што былі зусім зразумелыя і апраўданыя 15 гадоў таму, сёньня выглядаюць дзіўнымі. НАТО аб’ядноўвае па сутнасьці ўвесь эўрапейскі кантынэнт. Мэты гэтага абарончага саюзу празрыстыя і лягічныя, а мэханізм прыняцьця рашэньняў фактычна выключае сытуацыю, пры якой войскі НАТО сталі б інструмэнтам агрэсіі супраць краіны, што паважае нормы міжнароднага парадку і не ігнаруе рэзалюцыяў ААН.

Так, ёсьць палітыкі, якія ня супраць стварыць свой ваенны блёк, які бы супрацьстаяў НАТО. Памятаеце, адзін час нават вялася размова пра стратэгічную вось Менск–Масква–Пэкін. Пражэкты гэтыя былі ілюзорныяі марныя — ні ў Маскве, ні ў Пэкіне іх усур’ёз ніхто не разглядаў.

Ліст ад нашага даўняга слухача Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Вось і сяўба пачалася. Калгасы ў асноўным чакаюць выратавальнага кола з цэнтру. Няма паліва, няма ўгнаеньняў, няма грошай на запчасткі, ня кажучы ўжо пра зарплату. Але насельніцтва незадавальненьня не выяўляе: усе крадуць хто як можа — ці на фэрме, ці ў полі, ці ў якім іншым месцы. З голаду не прападзеш, на бохан хлеба капейку заўсёды можна здабыць. Такое цяпер на вёсцы жыцьцё. Я ў сувязі з гэтым згадваю старыя прыпеўкі, што хадзілі ў нас у 1950-я гады. Напрыклад, такую:

“У калхозе добра жыць:
Дзесяць робяць — сто ляжыць.
А як сонца прыпячэ,
Дык тых дзесяць уцячэ...”

Цяжэй, спадар Сац, у тых калгасах, дзе ўжо і красьці няма чаго, усё даўно раскрадзена. А такіх у Беларусі нямала — некалькі соцень, і іх колькасьць увесь час павялічваецца. Вось гэтыя калгасы ўлада літасьціва дазволіла рэфармаваць і нават аддаваць фэрмэрам. Цяпер засталося знайсьці тых фэрмэраў, якія пагодзяцца ўзяць зруйнаваныя гаспадаркі са шматмільённымі даўгамі. Дзесяць год таму, калі ў гэтых калгасах яшчэ было што красьці, фэрмэраў улада высьмейвала — яны, маўляў, краіны не накормяць.

Яўгенія Казлова з Воршы ў сваім лісьце разважае пра тое, чаму многія беларусы ня ведаюць, якая найвялікшая ў гісторыі Беларусі падзея адбылася 25 сакавіка 1918 году. Слухачка піша:

“Часта задумваюся: чаму большасьць нашых суайчыньнікаў адзначае прыдуманыя, ня нашы сьвяты — 23 лютага, 7 лістапада, 8 сакавіка? Відавочна, так іх выхавалі. Людзі ня ведаюць сваёй гісторыі. Я ім, дзе толькі магчыма, тлумачу і распавядаю пра 25 сакавіка, наш Дзень Волі. Гэта сапраўднае сьвята, абгрунтаванае гістарычнымі фактамі й падзеямі. Дарэчы, я згадваю, што гэта — двойчы сьвята. 25 сакавіка — яшчэ і Дабравесьце, ці Зьвеставаньне. Можа, гэта, дарагія мае беларусы, невыпадкова? Можа, у гэтым ёсьць глыбокі сэнс? Арханёл Габрыэль сказаў навіну Маці Божай, што яна народзіць сына, імя якому — Ісус. А можа, БНР, як і Ісус, нарадзілася, нядоўга жыла і потым уваскрэсьне, як Ён?”

Гістарычная значнасьць падзеяў 25 сакавіка 1918 году відавочная для ўсіх, хто сур’ёзна цікавіцца нацыянальнай гісторыяй. Для большасьці людзей гэтая дата невядомая толькі таму, што яе ігнаруе ўлада, якая загадала выкрасьліць дзень 25 сакавіка з падручнікаў гісторыі й забараняе адзначаць Дзень Волі на вуліцах гарадоў. Наўрад ці такая забарона праіснуе даўжэй за гэтую ўладу. Думаю, спадарыня Казлова, мы з вамі яшчэ будзем сьведкамі таго, як 25 Сакавіка стане галоўным дзяржаўным сьвятам Беларусі, а над будынкам Дому Ўраду на плошчы Незалежнасьці зноў зьявяцца бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня”.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Раман Зіноўеў з расейскага гораду Іванцееўка, Міхаіл Калтуноў зь Менску і Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG