Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка абараніў Беларусь ад беразоўскіх ды хадаркоўскіх”


Валянцін Жданко, Менск

Якім чынам у Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады? Чаму многія людзі ня бачаць альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку? Ці гатовыя беларусы далучыцца да эўрапейскай супольнасьці і што замінае такому далучэньню?Гэта галоўныя пытаньні, на якія спрабуюць адказаць слухачы ў сваіх лістах, дасланых на Свабоду цягам мінулага тыдня. Пачну з фрагмэнта ліста ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Ёсьць у нашым насельніцтве нейкі калектыўны страховачны розум, які прадчувае непазьбежны хаос, што чакае краіну ў выпадку, калі яна пачне жыць паводле законаў сучасных заходніх дэмакратыяў. З гэтым сутыкнуцца беларускія дэмакраты на выбарах увосень. Што сталася б, калі б Пазьняк, Вячорка, Шушкевіч, Чыгір, Статкевіч апынуліся пры ўладзе ў Менску ды спусьцілі нам на галаву лібэральныя заходнія нормы — усіх гэтых адвакатаў-букваедаў-прайдзісьветаў-найлепшых сяброў мафіі? А на месцах павылазілі б дзядзькі Васі і пад дэмакратычны шумок усё пад сябе падмялі. Я на дзядзьку Васю ў суд — а ягоны памагаты мне кастэтам па галаве ўвечары ў пад’езьдзе. Мы на Васю ў суд усе разам — а ягоныя дарагія адвакаты зь дзядзькі Васі за пяць хвілінаў Хрыста зробяць перад судзьдзём. Ды і не прывыклі мы па судах кучкавацца — нам на гэта строгі дзядзька ў вэртыкалі патрэбен. Нават Пазьняк казаў нядаўна пра згубнасьць для непадрыхтаваных беларусаў лібэральных законаў Захаду”.

Вельмі зручнае, спадар Марціновіч, у вас апраўданьне дзеля таго, каб цяперашні аўтарытарны рэжым і надалей заставаўся нязьменным. Не гатовыя, маўляў, беларусы жыць паводле дэмакратычных законаў, падмануць іх лібэральныя прайдзісьветы, абрабуюць. Навошта ў такім разе ўвогуле нейкія справядлівыя выбары, падзел уладаў, рынкавая эканоміка, правы чалавека? Ёсьць жа адзін, як вы пішаце, “строгі дзядзька ў вэртыкалі”: ён і абароніць, і не падмане, і ўсё справядліва падзеліць. Так, для многіх людзей у Беларусі такія каштоўнасьці дэмакратычнага сьвету як правы чалавека, справядлівыя выбары, незалежны суд стаяць не на першым месцы. Але ўсе без выключэньня пры ацэнцы жыцьцёвага ўзроўню ў Беларусі з зайздрасьцю глядзяць на Захад. Заканамернасьць жа тут такая (і пра яе ўсе ведаюць): там, дзе разьвітая дэмакратычная сыстэма — парадак і заможныя грамадзяне; дзе жорсткая дыктатура — там галеча ды бяспраўе.

Электронны ліст ад Валерыя Грыцука зь Менску. Ён піша:

“Я хачу, каб ваша і наша Радыё Свабода пасьлядоўна і прама ставіла адвечнае пытаньне для беларусаў: “А чаго яны хочуць?” Адносна майго вызначэньня большасьці беларусаў, то гэта не абраза, а канстатацыя, навуковая клясыфікацыя. А калі нехта з тых, маўклівых беларусаў, абурыўся, то хай напіша на Свабоду. Дарэчы, спадар Іван Сідарэнка фактычна падтрымаў маю ацэнку большасьці беларусаў. Але ня будзе такіх лістоў, бо гэтыя істоты страцілі амаль усё чалавечае.

Цяпер зганяюць усіх дзяржаўных службоўцаў у новую прыгонную сыстэму — на кантракт. Дзе пратэсты, дзе масавая падтрымка акцыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці? Дзе якая-кольвек абарона сваіх правоў? Бо тое, што цяпер стала модным — галадоўкі — то не абарона правоў. Якой міласьці можна чакаць ад гэтай улады, калі нават дзеля таго, каб атрымаць падпіску на незалежную газету, трэба ліцэнзія для тых, хто хацеў бы распаўсюджваць газету? Цяпер Незалежнась Беларусі трымаецца толькі на прыхамаці і страху АЛукашэнкі, але ці надоўга тое? Другога шанцу для нас, беларусаў, ня будзе. І калі мы не абаронім Беларусь, то ніякае НАТО нам не дапаможа”.

Патлумачу слухачам, што ў сваіх папярэдніх лістах на Свабоду 11 і 22 лютага Валеры Грыцук выказаў меркаваньне, што большасьці беларусаў уласьцівае адчуваньне, якое ён назваў “страхам быдла”. Я тады адказаў слухачу: тое, што ён зьняважліва называе “страхам быдла”, ёсьць зусім зразумелай і апраўданай рэакцыяй людзей на абставіны, у якіх яны апынуліся. Масавыя пратэсты ў аўтарытарнай дзяржаве — зьява ўвогуле рэдкая.

Палітычныя актывісты, якія разьлічваюць на прыход да ўлады, на маю думку, ня могуць і не павінны патрабаваць ад людзей у гэтых умовах нейкай надзвычайнай грамадзкай актыўнасьці. І тым больш не павінны, не дачакаўшыся гэтай актыўнасьці, называць народ быдлам. Абвінавачаньні ў гэтым выпадку трэба адрасаваць найперш самім сабе, свайму палітычнаму прадбачаньню ды арганізатарскім здольнасьцям.

Цалкам ня згодзен з вамі, спадар Грыцук, што галадоўка ня ёсьць спосабам абароны людзьмі сваіх правоў. Заўважце, за апошні год ужо трэці працоўны калектыў у Беларусі (спачатку былі Ваўкавыск і Віцебск, цяпер — Смалявічы) масава зьвяртаецца да гэтага надзвычайнага спосабу пратэсту, рызыкуючы ўласным здароўем. Ва ўмовах Беларусі гэта ледзь не адзіны рэальны спосаб зьвярнуць увагу ўлады на свае праблемы, і, як паказаў досьвед папярэдніх акцыяў — дамагчыся перамогі над чыноўнікамі.

Ліст ад Алеся Цадко з Маладэчна:

“Беларускія палітыкі чамусьці не заўважаюць адной вельмі істотнай праблемы — таго, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі сёлета заканчваецца. Згодна з Канстытуцыяй (у тым ліку і лукашэнкаўскай 1996 году) прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў. Адна і тая ж асоба ня можа быць прэзыдэнтам больш як два тэрміны. Такім чынам, другі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі заканчваецца 10 ліпеня 2004 году. Чаму пра гэта ўсе маўчаць — у тым ліку незалежныя штатныя аналітыкі і палітолягі?”

Справа ў тым, спадар Цадко, што Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў рэфэрэндум 1996 году, каб на два з паловай году працягнуць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. У прынятай тады Канстытуцыі, якая дзейнічае ў Беларусі і сёньня, зьявіўся артыкул 114-ы. Паводле яго, тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта лічыцца з дня ўступленьня ў сілу Канстытуцыі — гэта значыць, з 27-га лістапада 1996 году. Такім чынам, калі кіравацца гэтай Канстытуцыяй, прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка можа заставацца яшчэ два з паловай году. Зрэшты, ён ужо неаднаразова заяўляў, што не выключае новага перагляду Канстытуцыі, каб захаваць за сабой уладу і пасьля больш як дванаццацігадовага кіраваньня.

Два лісты на адну тэму — пра тое, чым адметная палітыка Аляксандра Лукашэнкі і як яна ўспрымаецца ў масавай сьвядомасьці. Вось што піша ў сваім лісьце Іван Козыраў зь Менску:

“Некалькі гадоў таму скончыў унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці “Бібліятэказнаўства”, але працы не знайшоў. Давялося перабівацца выпадковымі заробкамі, жыць на лецішчы, спадзявацца на бацькоў. За гэтыя гады пабачыў шмат чаго, пагутарыў з рознымі людзьмі. Найперш мяне цікавіла стаўленьне іх да Лукашэнкі і ацэнка сытуацыі ў Беларусі. Стаўленьне рознае. У большасьці маіх знаёмых няшмат грошай, некаторым нават не хапае, каб заплаціць за пакой і набыць лустачку хлеба. Некаторыя кожны дзень п’юць “чарніла”. Але большасьць пры гэтым разважае так: “А хто лепшы, чым Лукашэнка? Гэтыя, што пры ўладзе, хоць ужо нахапаліся, усталяваліся. Ды і Лукашэнка ня любіць злодзеяў побач з сабой: паглядзі, колькі ўжо пасадзіў”. А яшчэ мае суседзі казалі гэтак: “Дзякуй, што ёсьць яшчэ на буханку таннага хлеба, пляшку вінца ды пачак цыгарэт”.

Часам думаю: калі так будзем разважаць, нічога ў нас ня будзе, і працягнем мы свой шлях у бездань. Ні Лукашэнка, ні дэмакраты, ні хто іншы нас ня зьменіць, калі ня зьменімся самі. І толькі тады Беларусь стане квітнеючай эўрапейскай дзяржавай”.

Падобным жа чынам разважае ў сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Неўдах зь Нясьвіжу. Слухач піша:

“Вялікая заслуга Лукашэнкі ў тым, што ў Беларусі не зьявіліся свае беразоўскія, гусінскія ды хадаркоўскія. Як толькі нехта падобны ўсплывае ды пачынае кідацца ў вочы сваім багацьцем ды сувязямі — тут жа апынаецца ў сьледчым ізалятары. Беларускімі алігархамі, відавочна, гатовыя былі стаць і Ціцянкоў, і Віньнікава, і Лявонаў, і Рахманько, і Жураўкова. Можна ўявіць, ува што ператварылася б Беларусь, калі б Лукашэнка даў ім разгарнуцца. Наша краіна і так небагатая (ніякага параўнаньня з Расеяй), а алігархі яе ўвогуле абрабавалі б і зрабілі б людзей жабракамі. Большасьць беларусаў — людзі бедныя (асабліва калі мераць паводле заходніх стандартаў). А вашыя дэмакраты абараняюць багатых. Таму ў іх ніякіх шанцаў на перамогу у сёньняшняй Беларусі няма. Людзі будуць галасаваць за Лукашэнку, пакуль адчуваюць, што ён абараняе іх ад новых багацеяў”.

А чаму вы, спадар Неўдах, выключаеце варыянт, пры якім вялікаму сацыяльнаму расслаеньню ў грамадзтве супрацьстаялі бы не прыхамаці і цьвёрдая рука прэзыдэнта, а збалянсаваная падатковая сыстэма і жорсткі кантроль за выкананьнем законаў? Заўважу да таго ж, што ўсе названыя вамі ў лісьце асобы, якіх вы (магчыма, не без падставаў) прылічылі да патэнцыйных беларускіх алігархаў — і Ціцянкоў, і Віньнікава, і Лявонаў, і Рахманько, і Жураўкова, — свой уплыў, сувязі, доступ да рэсурсаў здабылі з ласкі менавіта Аляксандра Лукашэнкі, які прызначаў іх на высокія дзяржаўныя пасады.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віктар Бута і Маргарыта Пушкевіч зь Менску і Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG