Пачну з назіраньняў слухача, якія знаёмыя кожнаму ў Беларусі, а для многіх сем’яў сталі штодзённым выпрабаваньнем. Ліст гэты напісаў і даслаў на Свабоду Андрэй Табаленка зь Менску:
“Калі падысьці да любога на вуліцы ды спытаць, што можа аб’ядноўваць назвы “Крыжачок”, “Волшебная флейта”, “Василиса”, “Солнцедар”, “Охотничье”, “Казанова”, то, бадай, кожны вам адкажа, што гэта пералік пладовых вінаў беларускай вытворчасці, якія ўжывае значная частка нашага насельніцтва. На мой погляд, гэтыя так званыя “віны” мала чым адрозьніваюцца адно ад аднаго (сам я не ўжываў, але нюхаў): вадкасьць аднолькавага колеру і паху, моцнасьць 18%, нейкія фарбавальнікі. Гэтыя напоі каштуюць вельмі танна — таньней, чым вялікая бутэлька фанты ці кока-колы. І купіць іх можна амаль у кожнай краме.
У 2000 годзе я працаваў на будаўніцтве ТЭЦ-5, гэта 50 км ад Менску. Аднойчы пасьля працы я ўбачыў вялікі натоўп людзей, якія стаялі ў чарзе ў рудзенскай краме. Я зайшоў з другога боку, каб пабачыць, што там такое прадаецца. Усе куплялі так званае “віно”, якое мела назву “Радасьць”... Тады мяне гэта вельмі ўразіла. На мой погляд, не зусім добрая тая ўлада, пры якой жыццё простага чалавека з дня ў дзень становіцца ўсё складаней, а адзіная ўцеха — у такой так званай “Радасьці”.
У сваім лісьце Андрэй Табаленка таксама разважае наконт прычынаў масавага п’янства. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Пляшкі з танным віном стаяць на паліцах разам зь дзіцячай радасьцю — цукеркамі, шакалядам. І калі дзеці бачаць, як дарослыя купляюць “Волшебную флейту”, то і ў іх можа зьявіцца ўражаньне, нібы гэта — цудоўны напой. А чалавеку, які прыехаў зь іншай краіны, убачыў бутэльку, ды пытаецца: “Што такое крыжачок?”, няма чаго адказаць, таму што няма ніякай сувязі паміж прыгожым беларускім танцам і гэтай атрутай. Хочацца паразважаць на тэму “Каму гэта выгадна?”
Я лічу, што гэта ўсё ж хітрыкі дыктатарскага рэжыму, які быў у савецкія гады і ёсьць сёньня ў нашай краіне. Вельмі небясьпечна, але ж і вельмі выгадна мець алькаголіка ў грамадзтве для палітычнай ўлады. Чалавек, які мае алькагольную залежнасць, усё меней думае пра сваю будучыню, сваю сям’ю, нармальны дабрабыт, яго болей клапоціць, дзе ўзяць яшчэ і дзе выпіць. З такімі цудоўнымі назвамі і невялікім коштам напоі прыманьваюць да сябе падлеткаў і дарослых, якія падчас шукаюць выйсьця ў нашым цяжкім жыцьці праз ўжываньне гэтай атруты, але потым знаходзяць для сябе толькі новыя хваробы, і здаровыя людзі пачынаюць пазьбягаць іх: распадаюцца сем’і, дзеці перастаюць любіць бацькоў, ускладняецца крымінальная сытуацыя ў краіне”.
Ня думаю, спадар Табаленка, што якая б то ні была дзяржава (няхай нават і аўтарытарная) зацікаўленая ў грамадзянах, залежных ад алькаголю. Іншая рэч, што ў так званых “п’яных” рублях зацікаўлены бюджэт: прыбыткі ад вытворчасьці і продажу танных алькагольных сурагатаў хуткія і значныя. Дзеля таго, каб атрымаць іх, не патрэбныя ні вялікія інвэстыцыі, ні новыя тэхналёгіі. Гэткім мэтадам вельмі ахвотна вырашалі бюджэтныя праблемы ў брэжнеўскім Савецкім Саюзе. Адным разам гэта быў і спосаб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад значных сацыяльных праблемаў: на паліцах часта не было мяса і масла, затое таннае так званае “чарніла” было абавязкова.
Аднак наступствы масавага алькагалізму, зь якімі ўрэшце сутыкнуўся савецкі рэжым, былі непараўнальнымі з часовымі бюджэтнымі выгодамі. І скончылася шматгадовае спойваньне маштабнай антыалькагольнай кампаніяй, распачатай у 1986 годзе. Над тым, як яна праводзілася, шмат іранізавалі і пацьвельваліся, але насамрэч заліваць грамадзтва танным алькаголем Савецкі Саюз на той час сапраўды ўжо ня мог працягваць у ранейшых маштабах.
Ліст з расейскага Калінінграду — ад нашага слухача Зьдзіслава Бернатовіча. Сам ён са Слонімшчыны, але ўжо амаль паўстагодзьдзя як пакінуў бацькаўшчыну. Слухач піша:
“Часам у сябе ў Калінінградзе слухаю Беларускую Свабоду. Больш за ўсё падабаецца ваша “Палітычная геаграфія”, што і прымусіла мяне напісаць вам. Апошні раз я быў у Слоніме і ў родных Дзявяткавічах год таму. Выснова на падставе ўбачанага: у Беларусі цяпер сыстэма бязбожных чыноўнікаў-бюракратаў і супрацоўнікаў КГБ (НКВД) пад кантролем старых і новых бальшавікоў.
У Калінінградзе і вобласьці жыве больш як 100 тысяч беларусаў. Жывуць бедна, таму матэрыяльна ды маральна прыгнечаныя. Ёсьць суполка-дыяспара (для паказухі). Колькі слоў пра так званы “саюз” Беларусі і Расеі. У маіх суседзяў па кватэры і лецішчы гэты саюз выклікае толькі пагардлівую насьмешку. Шкадую, што з прычыны шматлікіх цяжкасьцяў (замежны пашпарт, літоўская віза, дарагоўля аўтобуса да Горадні) больш на сваю радзіму не паеду. Можа, хоць ваш карэспандэнт наведае мае родныя Дзявяткавічы”.
Адметна, што ў Беларусі пра лёс гэтых больш як ста тысяч суайчыньнікаў, якія, падобна як Зьдзіслаў Бернатовіч, апынуліся ў расейскім паўанкляве на берагах Балтыкі, амаль не гавораць. Бесьперашкодна езьдзіць на радзіму яны змогуць хіба толькі тады, калі Беларусь і Расея далучацца да Эўразьвязу. Расейска-беларускі саюз ніякіх іхных праблемаў ня вырашыў — адсюль, відавочна, і такое скептычнае стаўленьне да яго.
Што да вас, спадар Бернатовіч, то я ўпэўнены, што вы будзеце мець магчымасьць яшчэ ня раз пабываць у сваіх родных Дзявяткавічах. Пастараемся таксама падрыхтаваць адтуль выпуск “Палітычнай геаграфіі”.
Генадзь Стэльмах з Паставаў адклікнуўся на дыялёг Сямёна Букчына і Андрэя Дынька, які нядаўна прагучаў на хвалях Беларускай Свабоды. З нагоды пачутага слухач піша:
“Андрэй Дынько прапануе супрацоўніцтва з Аляксандрам Лукашэнкам. Аб супрацоўніцтве на роўных ня можа быць аніякай гаворкі. Увогуле, да цяперашняй “Нашай Нівы”, якую ўзначальвае Андрэй Дынько, шмат пытаньняў. Хачу нагадаць пра такі выпадак. Перад чарговым Чарнобыльскім шляхам газета заклікала прыйсьці на гэтую масавую дэманстрацыю. Пад заклікам — красамоўны здымак: міліцыянты цягнуць па асфальце дэманстранта падчас папярэдняй акцыі апазыцыі. Здымак недвухсэнсоўна папярэджваў: “Не хадзі, там цябе чакае ня слава, а ганьба”.
Можа, Дынько прывядзе такі аргумэнт: маўляў, здымаць дэманстранта непрыніжанага, нязьбітага небясьпечна для яго самога: улады могуць скарыстацца здымкам і засудзіць парушальніка. Але спэцслужбы заўсёды здымалі ўсё і засудзілі ўсіх. Вунь, украінцы адседзелі і годныя, незапэцканыя зьехалі ў свае любімыя Карпаты. А беларусам такія здымкі надалі ва ўсім сьвеце імідж народу, прыдатнага толькі для зьбіцьця”.
Думаю, спадар Стэльмах, у газэце патрэбныя розныя фотаздымкі: ня толькі тыя, на якіх апазыцыя праходзіць па вуліцах трыюмфальным шэсьцем з радасным выглядам. Ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці, як вы ведаеце, часьцей бывае інакш — а менавіта так, як на апісаным вамі фатаздымку, што зьмясьціла “Наша Ніва”. Што падумае чытач, гледзячы на такі фатаздымак — пытаньне спрэчнае. Калі памятаеце, калісьці на савецкіх плякатах адлюстроўвалі выключна натхнёныя і бадзёрыя твары будаўнікоў камунізму. Лічылася, што гэта натхняе на працоўныя подзьвігі і бескарысьлівую працу. Але здаецца мне, што разьлік той быў абсалютна неабгрунтаваны.
Мікалай Слуцкі зь Менску ў сваім лісьце таксама выказваецца наконт ідэі кампрамісу паміж уладай і апазыцыяй:
“Прапанова Андрэя Дынька наконт кампрамісу апазыцыі з Лукашэнкам амаральная, неразумная і нерэальная. Разумныя людзі ў Беларусі здагадваюцца, хто аддаваў загады на зьнішчэньне палітычных апанэнтаў рэжыму. Якія кампрамісы могуць быць зь людзьмі, запэцканымі ва ўсім гэтым? Аляксандар Лукашэнка і без намаганьняў апазыцыі ня пойдзе на ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі: гэта небясьпечна найперш для яго самога. Але і на саступкі апазыцыі адносна выбараў ды мэдыяў ён ня пойдзе: любая дэмакратызацыя — пагроза для ягонай улады. А таму, якое б пагадненьне на гэты конт ні было дасягнутае — Лукашэнка яго парушыць”.
Відавочна, спадар Слуцкі, існуюць розныя пункты гледжаньня на гэтую праблему. Мінулыя дзевяць з паловай гадоў апазыцыя галоўным чынам пазьбягала любых пагадненьняў з уладай. Наколькі апраўданая была такая тактыка? Калі меркаваць па выніках, назваць яе плённай цяжка. У кожным разе, зьмена ўлады ў Беларусі рана ці позна адбудзецца. Пра тое, якой будзе цана гэтай зьмены, ува што яна абыдзецца беларускаму грамадзтву, абавязаныя думаць і ўлада, і апазыцыя. Нягледзячы на ўсе вялікія супярэчнасьці і праблемы, падставы для некаторых узаемных кампрамісаў тут, на маю думку, ёсьць.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Лілія Васілеўская зь вёскі Трабы Валожынскага раёну, Уладзімер Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну, Міхаіл Дубнікаў зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну, Аляксандар Лешых з Баранавічаў, Віктар Скараход зь Менску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.