Пошта першых тыдняў новага году, як звычайна, складаецца зь лістоў тых нашых слухачоў, якія спрабуюць падсумаваць вынікі году мінулага і зазірнуць у блізкую будучыню. Наш даўні слухач Алесь Цадко з Маладэчна ў сваім новым лісьце разважае пра тое, як могуць разьвівацца палітычныя падзеі ў Беларусі ў 2004 годзе. Слухач піша:
“На мой погляд, будзе працягвацца далейшая “зачыстка” палітычнага ды інфармацыйнага поля, распрацоўка ды ажыцьцяўленьне пляну, мэта якога — бестэрміновае прэзыдэнцтва Лукашэнкі, з уцягваньнем у выбарчае махлярства большасьці апазыцыйных сілаў. Пуцін жа, як стаўленік расейскага ФСБ, пасьля атрыманьня новых прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў пачне весьці кардынальна іншую вонкавую палітыку (найперш на постсавецкай прасторы), ствараючы пад свой трэці тэрмін нейкі гібрыд колішняга СССР. Першым у гэтым зьвяне стане нашая краіна, як найбольш прасунутая ў справе адмаўленьня ад уласнай незалежнасьці.
Шкада, што хуткія лятальныя наступствы чакаюць ня толькі Аляксандра Лукашэнку, як прэзыдэнта незалежнай дзяржавы, але і Беларусь, якую нечакана для многіх разам зь цяперашнім правіцелем праглыне новая расейская імпэрыя”.
Падобных апакаліптычных прагнозаў, спадар Цадко, было нямала, пачынаючы з 1995 году, калі распачалося актыўнае так званае “саюзнае будаўніцтва”. Восем гадоў няспыннага яднаньня скончыліся, аднак, тым, што сёньня Беларусь і Расея ў справе інтэграцыі апынуліся далей адна ад адной, чым былі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. І пакуль нішто ня сьведчыць пра тое, што нешта можа кардынальна зьмяніцца. Можна бясконца разважаць пра гіпатэтычныя схемы, якія паспрабуе выкарыстаць прэзыдэнт Пуцін праз чатыры гады дзеля таго, каб застацца пры ўладзе. Але і тады, і цяпер любыя ягоныя палітычныя амбіцыі адносна Беларусі будуць сутыкацца зь няменшымі амбіцыямі Аляксандра Лукашэнкі (ці іншага прэзыдэнта, калі да таго часу ў Беларусі адбудзецца зьмена ўлады). І гэтыя супярэчнасьці, як паказаў досьвед мінулых гадоў, пераадолець надзвычай складана.
Уласнымі развагамі пра сутнасьць дэмакратыі і дыктатуры падзяліўся ў сваім лісьце Сяргей Шацько зь Менску:
“Гэтыя ўяўленьні склаліся ў мяне з уласнага досьведу, кніг і выказваньняў сяброў і ворагаў. У іх, напэўна, няма нічога новага, але хацелася б нейкай дыскусіі на тэму прывабнасьці і перавагаў дыктатураў і дэмакратыяў”.
Зь вялікага ліста Сяргея Шацька я выбраў некалькі цытатаў. Вось, напрыклад, як слухач тлумачыць тое, што ў асобныя пэрыяды дыктатура карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва:
“Галоўная прывабнасьць дыктатуры ў тым, што можна жыць лёгка, не напружваючы свайго розуму: “бацька”-правадыр думае за ўсіх. Эканамічную сыстэму дыктатуры можна вызначыць як супэркарупцыю, калі не асобны завод, а ўся краіна “прыхватызаваная”. Адсюль беднасьць грамадзтва, калі параўнаць з суседнімі дэмакратычнымі краінамі (заробкі ў Польшчы ў пяць разоў вышэй за нашыя, і гэты разрыў павялічваецца. Хаця ў 1990 годзе былі прыкладна аднолькавыя). Звонку дыктатарскія рэжымы вельмі слабыя, асабліва эканамічна, але ўнутрана дыктатуры вельмі ўстойлівыя і пры адсутнасьці зьнешніх штуршкоў заканчваюцца толькі са сьмерцю правадыра”.
Да вашых, спадар Шацько, зусім слушных развагаў дадам, што ўстойлівасьць і даўгавечнасьць дыктатуры ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі адгароджаная яна ад зьнешняга сьвету. Камуністычны рэжым у СССР, баючыся зьнешняга ўплыву, стварыў “жалезную заслону” ўздоўж сваіх межаў і фактычна не выпускаў уласных грамадзянаў за мяжу, каб тыя ня бачылі, як жыве свабодны сьвет. Самыя жорсткія дыктатуры сьвету працягваюць існаваць таксама ва ўмовах амаль поўнай ізаляцыі: рэжым Фідэля Кастра — на высьпе пасярод Атлянтыкі, і рэжым Кім Чхэн Іра — на паўвысьпе пры поўнай закрытасьці межаў з суседзямі — Паўднёвай Карэяй, Кітаем і Расеяй.
У Беларусі, якая ўжо паловай сваіх межаў сутыкаецца з Эўразьвязам і эканамічна вельмі залежная ад транзыту паміж Расеяй і Захадам, стварыць нешта падобнае для ўлады было б самагубствам.
Уласнымі развагамі пра тое, ці гатовае беларускае грамадзтва ўспрыняць і прыняць дэмакратычныя каштоўнасьці, дзеліцца ў сваім лісьце на Свабоду Яфім Набутаў зь Віцебску. Ён піша:
“Беларусы не дарасьлі да дэмакратыі — яна ім не патрэбная. Людзі ж усё мераюць рублём. Вось калі б ты прагаласаваў за дэмакратыю, а табе за гэта мільён — тады было б зразумела. Але ж жыцьцёвы досьвед сьведчыць пра іншае: Гарбачоў заклікаў да дэмакратыі, а выявілася, што вёў да развалу, шалёнай інфляцыі і так званага рынку, вынікам якога ў Расеі стала тое, што жменька хітруноў і злодзеяў сталі мільянэрамі, а асноўная частка народу — жабракамі. Таму і галасуе народ за такіх як Пуцін, хто ні пра дэмакратыю, ні пра рынак асабліва не гаворыць, затое саджае ў турму розных там хадаркоўскіх ды абяцае людзям, што адбярэ нарабаванае ў народу. І няўжо можна дакараць за гэта людзей?”
Карэнныя палітычныя ды эканамічныя пераўтварэньні, якія наканавана было перажыць былым савецкім грамадзянам за апошнія пятнаццаць гадоў, безумоўна, хваравітыя, і для многіх былі спалучаныя з расчараваньнямі. І ўсё ж, спадар Набутаў, трэба быць вельмі ўжо абмежаваным чалавекам, каб атаясамліваць дэмакратычныя ідэі з хітрунамі і злодзеямі, якія выкарысталі момант, каб прыбраць да рук колішнюю дзяржаўную ўласнасьць.
Беларусы ня менш за іншыя эўрапейскія нацыі ўсёй сваёй вялікай гісторыяй выпакутавалі права быць вольнымі, працаваць на сябе, мець права справядлівага выбару сваёй улады. І жыць паводле тых жа стандартаў, што і суседзі на Захадзе, зь якімі побач жылі стагодзьдзямі.
Ліст ад нашага сталага слухача і аўтара Мікалая Лясовіча зь Менску:
“У сувязі з падзеямі ў Грузіі некаторыя (у тым ліку на хвалях Свабоды) выказваюць сумнеў у мужнасьці нашага народу. У сувязі з гэтым хачу нагадаць пра наступны гістарычны факт. 4 красавіка 1864 году Герцэн сустрэўся са сваім старым сябром Гарыбальды — вызваліцелем і аб’яднальнікам Італіі, якім за ягоныя мужнасьць і высакароднасьць захапляўся цэлы сьвет. Гарыбальды загаварыў з Герцэнам пра паўстаньне 1863 году ў Польшчы і Беларусі. “Ён зьдзіўляўся адвазе паўстанцаў, — згадвае Герцэн у сваёй кнізе “Былое і думы”. — Без арганізацыі, бяз зброі, безь людзей, без адкрытай мяжы, без усялякага апірышча выступіць супраць моцнай ваеннай дзяржавы і пратрымацца больш як год — такога прыкладу няма ў гісторыі. Добра, калі б іншыя народы перанялі. Столькі геройства не павінна, ня можа быць марным”, — такую цытату з размовы вядомых рэвалюцыянэраў 19 стагодзьдзі Герцэна і Гарыбальды прыводзіць у сваім лісьце наш менскі слухач Мікалай Лясовіч як доказ таго, што ў гісторыі Беларусі былі моманты, калі продкі сёньняшніх беларусаў мужна адстойвалі сваю свабоду, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны.
Ужо ня першы раз знаходзім мы ў сваёй паштовай скрынцы дасланыя невядомымі слухачамі зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну асобнікі мясцовай нелегальнай газэты “Дуброўскі настрой”, якую самі выдаўцы называюць “Народным баявым лістком”. Ня сумняюся, што людзі ў Дуброве чытаюць газэту ад першага да апошняга радка, бо адкуль яшчэ даведаесься такія, напрыклад, навіны:
“Паколькі на балоце ў Бугаве засталося ладнага буракоў, то тыя зь сялян, хто мае косю, ня спалі ў шапку, а ратавалі ўраджай, — піша невядомы дуброўскі карэспандэнт. — Буракі зьверху трохі марозавыя, а зьнізу дарма — добрыя. Ці то з прычыны тэхналягічнай неабходнасьці, ці то з крывоты тутэйшая арцель перадыскавала плантацыю. А шкада. Можна было б шчэ ірваць тыя бурачкі”.
Ці яшчэ адна навіна зь вясковай дуброўскай газэты:
“Трактарыст з Зарэчча Іван Шчэрбін стараецца, дык яго начальнікі ў аддзяку затуркалі папіканьнем: маўляў, мы ж далі табе новы трактар. Бач, якую ласку рабаўладальнік да раба мае — даў яму вялікі залязьняк, ды гэтым жа і папікае. Іван Шчэрбін раззлаваўся ды аддаў залязьняк назад. Але прыехаў кум, угаварыў Івана — і той зноў стаў на залязьняк”.
Адметны сам факт існаваньня такой газэты ў далёкай палескай вёсцы. Імпануе іранічны погляд аўтара на мясцовыя падзеі і глыбокае разуменьне сутнасьці гэтых падзеяў. Бадай, ня ўсё яшчэ страчана для беларускай вёскі, пакуль там выходзяць такія газэты.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.