Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашым калгасе плацяць па 900 рублёў за працоўны дзень...”


Валянцін Жданко, Менск

Якія зьмены адбываюцца ў сёньняшняй беларускай вёсцы? Што хвалюе вясковага чалавека? Чаго ён чакае ад улады? Пра што непакоіцца? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

“У лістападзе на вёсцы ўсе чакалі абяцанага падвышэньня пэнсіі. Спачатку начальнікі аб’явілі, што падвысяць яе на 22 адсоткі. Потым замоўклі. Прыйшлі пэнсіі: выявілася, што павялічылі іх на 900 рублёў. Людзі абураюцца: выходзіць, галоўнае — агітацыя, а астатняе — як атрымаецца. Яшчэ адзін клопат для вясковага чалавека — замена пашпартоў. Некаторыя мяняць іх не зьбіраюцца, бо грошай ня тое што на новы пашпарт — на хлеб не хапае. Але чыноўнікі запалохваюць: не заменіш пашпарту, кажуць, не атрымаеш пэнсіі.

Тым часам з калгасамі робіцца нешта незразумелае. Усе бачаць, што яны сваё аджылі. Плацяць у нашым калгасе па 900 рублёў за дзень. Побач фірма “Вілія” наймае людзей на працу на ягадніках. Заробак — 7–9 тысяч на дзень. Куды ідуць людзі — зразумела”.

Вельмі цікавыя назіраньні, спадар Сац. Калгасная сыстэма заўсёды трымалася на дзяржаўным дыктаце і дзяржаўным жа фінансаваньні. Начальніцкіх камандаў хапае і сёньня, а вось грошай, каб падтрымліваць неэфэктыўную гаспадарку, усё меней. Таму і заробкі ў калгасе такія: за дзень заробіш хіба што на два боханы хлеба. Для працоўнага чалавека гэта зьнявага.

Калгасы непазьбежна разваляцца — як любая неэфэктыўная форма гаспадараньня, што грунтуецца на прымусе, а не на асабістым інтарэсе працаўніка. Іншая рэч — як хутка і якім коштам гэта адбудзецца. Калі б улады больш як дзесяцігодзьдзе не трымаліся за калгасы, а імкнуліся заахвоціць гаспадароў, фэрмэраў, аблічча беларускай вёскі сёньня было б зусім іншае.

Веніямін Фёдараў зь Менску адклікнуўся на самую гучную міжнародную падзею апошняга часу — арышт ірацкага дыктатара Садама Хусэйна. Праўда, водгук спадара Фёдарава своеасаблівы. Ён піша:

“Колькі агіднай радасьці ў вас на Свабодзе з прычыны арышту законнага прэзыдэнта Ірака Садама Хусэйна. Але Аляксандар Лукашэнка — гэта вам не Садам Хусэйн. Ён па шчылінах хавацца ня будзе, а сам узначаліць магутную і непераможную беларускую армію, каб даць зьнішчальны адпор любому агрэсару. Няхай ня думаюць амэрыканскія імпэрыялісты, што мы іх баімся. Мы ім тут не дамо ўводзіць свае парадкі й рабаваць нашы багацьці. Разам са свабодалюбнымі арабскімі народамі мы створым магутны кулак і абаронім нашы заваёвы. Мне ўжо нямала гадоў, але я яшчэ памятаю, як зараджаць вінтоўку. І калі спатрэбіцца, гатовы стаць у строй.

А Аляксандар Лукашэнка павінен запатрабаваць ад Расеі, каб тая вярнула нам ядзерныя ракеты, якія вывезла на пачатку 1990-х гадоў. Ніхто не даваў права прадажнаму праамэрыканскаму ельцынскаму рэжыму выводзіць нашы ракеты, якія мы здабылі сваім потам і крывёю. Будзе ў нас ядзерная зброя — ніякі Буш не адважыцца ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы”.

Даволі дзіўна было чытаць ваш ліст, спадар Фёдараў. Такое ўражаньне, што вы засталіся недзе ў 70-х гадах мінулага стагодзьдзя, што наўкол — “халодная” вайна, “жалезная заслона” і прапагандысцкая гістэрыя.

Ня ведаю, спадар Фёдараў, каго вы западозрылі ў намеры рабаваць беларускія багацьці й што маеце на ўвазе пад гэтымі “багацьцямі”. Сьвет даўно зьмяніўся. На захад ад Берасьця — аб’яднаная эўрапейская супольнасьць, якая хоча бачыць Беларусь ня ворагам, а складнікам свабоднага і заможнага кантынэнту.

А што да ядзерных ракет, то яны былі выведзеныя зь Беларусі на законнай падставе — усе адпаведныя дамовы Беларусь падпісала і ратыфікавала. І дзякуй Богу, што гэта пасьпелі зрабіць да 1994 году.

Ліст ад Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну. Слухач раней ужо зьвяртаўся на Свабоду, распавядаючы пра тое, што шмат гадоў цярпеў ад неабгрунтаванага дыягназу, пастаўленага псыхіятрамі. Цяпер ён дамагаецца рэабілітацыі як пацярпелы ад злоўжываньняў псыхіятрыяй. Слухач піша:

“Мінула ўжо нямала часу, як ліквідаваная камісія Вярхоўнага Савету ў справе расьсьледаваньня злоўжываньняў псыхіятрыяй. А што замест яе? Ахвяры ж засталіся, няхай нават і я адзін. Ну, добра — няхай улада ў гэтым не зацікаўленая. А што ж праваабаронцы? Нядаўна я зьвяртаўся ў Маладэчанскае аддзяленьне БХК. Прынялі маю заяву, копіі дакумэнтаў — і ўсё на гэтым. Ну, хоць бы пахадайнічалі пра нейкае незалежнае абсьледаваньне на міжнародным узроўні, ці яшчэ што... Ствараецца ўражаньне, што гэты БХК залежны ад улады.

Ну, прапануюць мне звычайнае “зьняцьцё з уліку” — дык гэта ж у маім становішчы ідыятызм. Патрэбная сацыяльная абарона, кампэнсацыя стратаў. Мне 51 год, на парозе старасьць. Дзе і з кім я яе сустрэну? Ні сям’і, ні матэрыяльнага дастатку. Пра што яны думалі, ставячы ў 1986 годзе такі дыягназ? Вядома, цяперашняя ўлада трымаецца на эгаізме людзей. Але ж, я думаю, абавязак і вашай радыёстанцыі — заклікаць людзей бачыць далей. Бо самаўпраўства можа закрануць кожнага, у любы момант, калі ня будуць дзейнічаць справядлівыя законы і ня будзе паважацца сумленьне. Асабліва калі зло пасялілася ў людзях у белых халатах”.

Магчыма, спадар Макарэвіч, вам ня варта ўскладаць надта вялікіх спадзяваньняў на кампэнсацыю ад дзяржавы. На тым, ранейшым, памылковым дыягназе сёньня, наколькі я зразумеў з вашага ліста, ужо ніхто не настойвае. І вы можаце весьці лад жыцьця звычайнага здаровага чалавека — знайсьці працу, стварыць сям’ю... У сёньняшніх беларускіх рэаліях цяжка (думаю, нават немагчыма) спадзявацца на тое, што вы здолееце адсудзіць ад дзяржаўнай мэдыцыны вялікую грашовую кампэнсацыю, якая б вырашыла ўсе вашыя праблемы. Рабіць нейкія захады дзеля гэтага, натуральна, можна і трэба. Думаю нават, што рана ці позна справядлівасьць пераможа. Але ці варта сёньня засяроджвацца выключна на гэтым?

Ліст з прэтэнзіямі на адрас Свабоды — ад Аліны Дуброўскай, Ангеліны Масюты, Алы Шылавай і яшчэ дзесяці прыхільнікаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Слухачы паведамляюць пра сваю нядаўнюю традыцыйную паездку па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну.

“29 лістапада ў кожным зь мястэчак, якія мы наведалі, ля памятных крыжоў мы ўскладалі кветкі, запальвалі сьвечкі, сьпявалі патрыятычныя песьні, ладзілі памятныя мітынгі, — пішуць аўтары ліста. — Пасьля вяртаньня ў Менск уключылі свае прыймачы. І пра што там можна было даведацца? Карэспандэнт Беларускай Свабоды Севярын Квяткоўскі, які ўдзельнічаў у паездцы, даў аб гэтым кароткую інфармацыю. І ні слова аб імпрэзе, якая доўжылася ад 10-й да 16-й гадзіны. Слухачы Радыё Свабода не пачулі выступаў Эдварда Зайкоўскага, Юрася Беленькага, Валеры Буйвала ды іншых... Пра гэта па радыё нельга было пачуць, бо ў карэспандэнта Радыё Свабода не было дыктафона. Вось так працуюць журналісты Свабоды”, — дакараюць нас Ангеліна Масюта і ейныя аднадумцы з КХП БНФ. Копіі ліста, як звычайна, аўтары даслалі ў амбасады многіх заходніх дзяржаваў.

Мы, спадарыня Масюта, ня маем магчымасьці перадаваць у эфіры ўсе прамовы вашых партыйных актывістаў і лідэраў, ці аддаваць перавагу менавіта вашай партыі ва ўрон іншым палітычным сілам. Наш карэспандэнт прысутнічаў падчас сьвяткаваньня гадавіны Слуцкага збройнага чыну і падрыхтаваў пра гэта кароткі рэпартаж. Дзеля таго, каб пасьпець у вечаровы эфір, рэпартаж ён перадаў па тэлефоне са Слуцку, без дыктафонных запісаў. Памер рэпартажу і аб’ём выкладзенай у ім інфармацыі, на нашую думку, цалкам адпавядае маштабу і масавасьці падзеі, пра якую ў ім распавядалася.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Рамана Зіноўева з расейскага гораду Іванцееўка. Ён піша:

“Неяк у Літве ў мяне спыталі: “Дзе ў вас у Расеі руская рэспубліка? Ёсьць рэспублікі татарская, башкірская, якуцкая... А дзе ж руская?” Што я мог адказаць? Расея ўсё чапляецца за імпэрскія хімэры. Вось Чачэнію вырашылі ні ў якім разе не адпускаць. Добра, што існуе пакуль Беларуская рэспубліка. Але і тут усё хістка. Саюз з Расеяй пазбавіць беларусаў статусу тытульнай нацыі. Мову яны ўжо і так амаль страцілі. А аб’яднаюцца з Расеяй — увогуле стануць нікім”.

Ня думаю, спадар Зіноўеў, што нацыянальным каштоўнасьцям расейцаў нешта пагражае ў Расеі і што патрэбна нейкая адмысловая “руская рэспубліка”. Заклікі да стварэньня такой рэспублікі гучаць у асноўным з боку радыкальных расейскіх нацыяналістаў, якія заклікаюць выслаць з Расеі “іншародцаў”. Ідэі гэтыя — фашысцкага кшталту, і для стабільнасьці і цэласнасьці Расеі вельмі небясьпечныя.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Маргарыта Пушкевіч, Жана Цыркунова і Мікалай Слуцкі зь Менску, Уладзімір Прышчэпаў зь вёскі Вязьзе Асіповіцкага раёну, Ганна Суднік з Койданава (Дзяржынску) і Міхаіл Леках з Рыгі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG