Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка павінен быў здрыгануцца, убачыўшы палоннага Хусэйна... ”


Валянцін Жданко, Менск

Былы ірацкі дыктатар, якога многія ў сьвеце лічылі ледзь не ўсемагутным, быў узяты ў палон без адзінага стрэлу, хоць меў у руках зброю. Чалавек, які надзяліў сябе правам асуджаць на сьмерць сотні тысячаў сваіх суграмадзянаў, які пры жыцьці ставіў сабе помнікі і прымушаў усхваляць сябе як велічнага і геніяльнага правадыра – паўстаў перад мільёнамі людзей у сваім сапраўдным абліччы – маладушным, палахлівым і вартым жалю.

Які лёс чакае іншых дыктатараў, што трымаюць свае народы ў страху і галечы? Як арышт Садама Хусэйна і завяршэньне апэрацыі ў Іраку здольныя паўплываць на будучыню аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў, якіх пакуль што нямала ў розных канцах сьвету?

Адзін зь лістоў нашага слухача Генрыха Аўцюкевіча з Гродзенскай вобласьці на тэму падзеяў у Іраку ўжо гучаў у нашым аглядзе 3-га сьнежня. Я тады дыскутаваў са спадаром Аўцюкевічам наконт пытаньня пра тое, чаму менавіта Злучаныя Штаты ўзялі на сябе функцыю ўтаймаваньня Садама Хусэйна. У прыватнасьці, казаў пра тое, што вялізны эканамічны і вайсковы патэнцыял накладае на ЗША і вялікія міжнародныя абавязкі. Ніводная іншая краіна ня здольная на фінансавыя і матэрыяльныя выдаткі, якіх вымагае вайсковая апэрацыя, аналягічная ірацкай.

У сваім новым лісьце Генрых Аўцюкевіч піша:

“Паслухаўшы Вашыя, спадар Жданко, пярэчаньні, я шмат думаў пра гэта. І вымушаны пагадзіцца з Вамі. Сапраўды, такія рэжымы, як у Іраку, можна скасаваць толькі з дапамогай сілы. І чым хутчэй, тым лепш. Але ж колькі яшчэ такіх таталітарных рэжымаў існуе ў сьвеце: Паўночная Карэя, Куба, Беларусь, Узьбекістан, Азэрбайджан... Ды і тое, што адбываецца ў Расеі, дае ня надта шмат спадзяваньняў на перамогу дэмакратыі.

Лукашэнка ў Беларусі не супакойваецца: то незалежныя газэты закрывае, то грамадзкія арганізацыі, то прыватных гандляроў з гарадзкіх вуліц выганяе... А наўкол – галеча, беспрацоўе, недаступнасьць мэдычнай дапамогі. І гэты чалавек яшчэ хоча, каб яго абралі на трэці тэрмін. Але, відаць, так яно і будзе, калі народ спакойна за гэтым назірае. Ёсьць, вядома, у нашай краіне людзі, якія змагаюцца з рэжымам, але іх, на вялікі жаль, пакуль няшмат. А астатнія сьпяць з расплюшчанымі вачыма”.

У пералічаных Вамі, спадар Аўцюкевіч, краінах рэжымы ўлады адначасова і падобныя, і вельмі розныя. Падобныя аднолькавым імкненнем першых асобаў да неабмежаванай і пажыцьцёвай улады, і адрозныя – ступеньню канцэнтрацыі гэтай улады, формамі культу асобы, пагрозай для бясьпекі суседніх дзяржаваў... Менавіта пагроза для міжнароднай бясьпекі – вызначальная прычына і важкая падстава для зьнешняга ўмяшаньня. Так было ў часе разьвязаньня і югаслаўскага крызысу, і афганскага, і ірацкага... Любая падобная вайсковая апэрацыя – гэта і непазьбежныя чалавечыя ахвяры, і шматмільярдныя выдаткі. І, натуральна, што толькі надзвычайныя абставіны вымушаюць заходніх лідэраў да падобных сілавых акцыяў.

Алесь Бажкоў зь Менску свой электронны ліст даслаў на Свабоду, пабачыўшы ў мінулую нядзелю першыя відэакадры арышту Садама Хусэйна. Слухач піша:

“Варты жалю дзядок бамжаватага выгляду, які паслухмяна дае шукаць доктару ў сваёй ускалмачанай чупрыне паразітаў – гэта і ёсьць учорашні магутны дыктатар, які распараджаўся лёсамі мільёнаў людзей і трымаў у страху ўвесь Блізкі Усход? Лукашэнка павінен быў здрыгануцца, убачыўшы гэтыя кадры. Зразумела ж: цяпер Садам у лепшым выпадку правядзе свае апошнія дні ў турэмнай камеры. А ў горшым... Няхай згадае, які лёс напаткаў нейкае дзесяцігодзьдзе таму румынскага дыктатара Чаўшэску? Што зь ім зрабіў народ, які, як яму здавалася, яго абагаўляў ды маліўся на ягоныя шматлікія помнікі.

Думаю, Аляксандар Лукашэнка самому сабе павінен прызнацца ў аб’ектыўнай рэальнасьці: любоў і давер большасьці беларускага народа за дзесяць год ён страціў. І калі ён паспрабуе цяпер учапіцца за ўладу ды трымаць яе любой цаной – фінал ягоны будзе такі ж, як і ва ўсіх іншых дыктатараў”.

Да вашых, спадар Бажкоў, зусім слушных развагаў варта дадаць хіба тое, што сумны лёс, які напаткаў амаль усіх дыктатараў мінулага, на жаль, ня стаў засьцерагальнікам ад зьяўленьня новых аўтарытарных рэжымаў. Кожнаму новаму самаўладнаму валадару, напэўна, здаецца, што ўжо ён пазьбегне сумнай долі. Але ўсё паўтараецца наноў, як і ва ўсіх папярэдніх дыктатараў: дзеля захаваньня аднаасобнай улады ўжываюцца тыя ж мэтады – перасьлед іншадумцаў, згортваньне грамадзянскіх свабодаў, вынішчэньне вольнага друку, татальны кантроль за людзьмі... Але чым больш непахісным зьнешне выглядае такі рэжым, тым больш, як выяўляецца пазьней, хісткім, няўстойлівым, заганным унутры ён становіцца. І непазьбежна настае момант, калі гэтая ягоная ўнутраная заганнасьць ды асуджанасьць становяцца відавочнымі для ўсіх.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG