Цягам апошніх тыдняў многія нашы слухачы ў сваіх лістах спрабуюць адказаць на пытаньні: “Якім чынам Аляксандар Лукашэнка будзе дамагацца падаўжэньня сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў?” і “Чаму ўсё часьцей узьнікаюць рознагалосьсі паміж Менскам і Масквой у так званым “саюзным будаўніцтве”. Зь некалькіх лістоў на гэтую тэму і пачну размову. Ліст ад Уладзіслава Міцкевіча з Браслава. Слухач піша:
“Лукашэнка пачаў чарговы спэктакль, выдаючы сябе за абаронцу беларускіх інтарэсаў. Невядома толькі, дзе гэта ён быў раней і чаму паслухмяна выконваў усе распараджэньні Масквы, усталёўваючы ў Беларусі ўнутраную расейскую акупацыю? Менавіта Крэмль дапамог яму прайсьці ў прэзыдэнты, і цяпер патрабуе адпрацоўваць аказаныя паслугі. Рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту, якога дамагаецца Лукашэнка — гэта зьнішчэньне беларускай незалежнасьці. Цяпер вядзецца даволі прадуманая гульня. Можна нават і частку грамадзтва супраць Расеі настроіць — галоўнае, каб пайшлі галасаваць. Як прагаласуюць — няважна: усё роўна вынікам будзе поўнае ўхваленьне самазабойчага акту.
Ведаю, спадар Жданко, што вы не прыхільнік байкоту. Але адзіна правільнае рашэньне — менавіта байкатаваць рэфэрэндум: іншага выйсьця ў нас няма. А ты, Свабода, павінна ня толькі асьвятляць падзеі, але і вучыць беларусаў змаганьню, тлумачыць, як іх ашукваюць”, — напісаў сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Браслава Ўладзіслаў Міцкевіч.
На маю думку, спадар Міцкевіч, не зусім слушнае вашае цьверджаньне пра тое, што Крэмль дапамог Лукашэнку стаць прэзыдэнтам. У 1994 годзе, калі памятаеце, Масква рабіла стаўку зусім на іншага кандыдата. Што да кампаніі байкоту, то лісты на гэтую тэму вашых, спадар Міцкевіч, аднапартыйцаў з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ мне ўжо ня раз выпадала камэнтаваць. Справа ня ў тым, як стаўлюся да ідэі байкоту я. Вас, як грамадзкага актывіста, павінна цікавіць, ці гатовыя падтрымаць гэтую ідэю большасьць грамадзтва, асноўныя палітычныя сілы.
Пры асьвятленьні гэтай (як і ўсіх іншых важных для грамадзтва праблемаў) Радыё Свабода падае розныя пункты гледжаньня. Але пры гэтым нашай задачай ня ёсьць прапаганда той ці іншай палітычнай стратэгіі.
Алесь Цадко з Маладэчна таксама разважае над пытаньнем: чаму Аляксандар Лукашэнка так настойліва дамагаецца рэфэрэндуму наконт саюзнага канстытуцыйнага акту? Слухач піша:
“Лукашэнка заклапочаны найперш уласнай палітычнай будучыняй. Саюзная дзяржава для яго — шанец стаць прэзыдэнтам гэтага ўтварэньня, а пры выпадку скасаваць абмежаваньні тэрміну сваіх цяперашніх паўнамоцтваў. Што можа стаць добрай прыступкай для будучага змаганьня за крамлёўскі пасад.
Пуцін хоць і будзе правіць да 2008 году, але зь вялікай напругай, і трэцяга тэрміну яму, верагодна, не пабачыць. Вось тады Лукашэнка і стане прэтэндэнтам нумар 1. Безумоўна, гэтую небясьпеку бачыць каманда піцерскіх кагэбістаў, таму і не дапускае рэфэрэндуму. Але ў Крамля ёсьць выйсьце. Ня будзе Лукашэнка танцаваць пад яго дудку — пракруцяць па тэлеканалах кампрамат аб беларускіх зьніклых палітыках, які, без сумневу, ёсьць у аналах ФСБ. Куды тады падзецца Лукашэнку?”
У вырашальным значэньні Масквы для палітычнай будучыні Аляксандра Лукашэнкі ўпэўненыя вельмі многія. І сапраўды, у Крамля ёсьць эфэктыўныя рычагі для ўзьдзеяньня на любую з былых савецкіх рэспублік — асабліва на такую эканамічна залежную як Беларусь. Але калі даходзіць да моманту перадзелу ўлады — магчымасьці Масквы, як мне падаецца, многія схільныя перабольшваць. Згадайце: у 1994 годзе Барыс Ельцын і Віктар Чарнамырдзін падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі цалкам падтрымлівалі кандыдатуру Вячаслава Кебіча. Прычым, падтрымка яму аказвалася ня толькі палітычная. Але гэта ня здолела перашкодзіць прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
Гэтак жа і ў 1996 годзе падчас палітычнага крызысу ў Беларусі Масква спрабавала паўплываць на Лукашэнку і дамагчыся кампраміснага варыянту, але нічога ня здолела супрацьпаставіць, калі ўсе кампрамісы беларускі лідэр праігнараваў.
Іншая думка наконт палітычнай будучыні Аляксандра Лукашэнкі ў Аляксея Дашчыцкага са Сьвіслацкага раёну. Слухач піша:
“Чамусьці ў Расеі палітыкі палохаюць адзін аднаго Лукашэнкам. А што кепскага здарылася б, калі б ён стаў прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы? І беларусы, і расейцы толькі выйгралі бы. Зь ім тады не змаглі б не лічыцца ні Буш, ні Шродэр, ні Шырак. Саюз, маючы такія вялізныя запасы сыравіны і магутны ядзерны шчыт, зноў стаў бы адной з самых магутных дзяржаваў сьвету. Тыя грошы, якія цяпер у Расеі забіраюць сабе алігархі, пайшлі бы на пад’ём калгасаў, на аднаўленьне працы абаронных заводаў. Людзі больш не сядзелі б бяз працы. Хіба кепска было ў Савецкім Саюзе, дзе на дзьвярах любога заводу можна было знайсьці аб’явы наконт працаўладкаваньня?”
А вы не задавалі сабе пытаньня, спадар Дашчыцкі, чаму Аляксандар Лукашэнка за дзесяць гадоў, маючы ў Беларусі нічым не абмежаваную ўладу, ня здолеў тут, у маленькай эўрапейскай краіне, дасягнуць ніводнай з мэтаў, пра якія вы пішаце датычна гіпатэтычнага саюзу? І калгасы застаюцца, так бы мовіць, “не паднятыя”, і працоўных месцаў не паболела, і цэны даўно сталі вышэйшыя, чым у суседзяў... Чаму вы раптам прыйшлі да высновы, што, калі ў ягоных руках апынецца вялікая краіна зь ядзернай зброяй, дык усё зьменіцца ў лепшы бок?
Ліст ад Пятра Лявіцкага з Берасьця. Слухач піша:
“Мяне вельмі абурае, што ў нашым беларускім горадзе не засталося нічога беларускага. Шыльды на крамах і ўстановах, рэкляма, цэньнікі ў крамах, назвы вуліцаў — усё па-расейску. Нідзе ў горадзе не пачуеш роднай мовы. Я часта ежджу ва Ўкраіну, дзе ў Ковелі жыве мая цешча. Вельмі прыемна ўражвае, што там усюды ўсе надпісы толькі па-ўкраінску. І амаль усе размаўляюць на ўкраінскай мове. Дарэчы, і цэны там вельмі даступныя. Заўсёды купляю там на рынку харчы. У Берасьці — амаль нічога, бо цэны шалёныя, а якасьць вельмі нізкая.
Русіфікацыі Беларусі вельмі спрыяе праваслаўная царква: бацюшкі беларускай мовы ня ведаюць і не жадаюць на ёй услаўляць Госпада. А вось каталіцкія сьвятары, дзякуй ім за гэта, шчыра вучаць дзетак маліцца на роднай мове”.
На жаль, спадар Лявіцкі, такімі назіраньнямі мог бы падзяліцца жыхар любога беларускага гораду. Вынішчэньне з грамадзкага ўжытку ўсяго беларускага адбываецца шпаркімі тэмпамі — і дзейнасьць гэтая не стыхійная. Яе мэтанакіравана ажыцьцяўляюць мясцовыя ўлады, атрымліваючы негалосныя распараджэньні зь Менску, а таксама арыентуючыся на тое, якую пазыцыю ў гэтай справе займае Аляксандр Лукашэнка. А Лукашэнка, як вядома, выступае па-беларуску звычайна толькі раз на год — на ўрачыстым сходзе 3 ліпеня.
Што да розьніцы цэнаў на розных баках беларуска-ўкраінскай мяжы, нам усё часьцей пішуць на гэтую тэму. І гэта, відавочна, таксама ёсьць наступствам эканамічнай палітыкі, якую ажыцьцяўляюць цяперашнія ўлады. Многае тут, на маю думку, тлумачыцца тым, што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў у хуткім часе падняць сярэднюю зарплату ў краіне да 200 даляраў. Калі няспынна ўзьвінчваць цэны, апярэджваючы па тэмпах інфляцыі ўсіх суседзяў (а менавіта гэта адбываецца цяпер у Беларусі), дасягнуць такой мэты ня надта складана. Іншая рэч, што ўзровень жыцьця беларусаў ад гэтага ня вырасьце. Ды і ўздыму нацыянальнай эканомікі гэта зусім не спрыяе.
На заканчэньне ліст ад Сьцяпана Сякача з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці. Слухач піша:
“Мне няёмка за беларусаў, якія так паставіліся да памяці свайго вялікага сына — Васіля Быкава. У Менску, наколькі я ведаю, дагэтуль няма ні мэмарыяльнай шыльды, ні вуліцы Быкава. Увогуле, нізіраючы збоку, міжволі задаеш сабе пытаньне: а ці ёсьць у Беларусі беларусы? А калі ёсьць, дык як маглі адмовіцца ад уласнай мовы? Беларусы глытаюць усё, што ім навязваюць расейцы. Нават Свабода працуе на Расею: вы таксама баіцеся нацыяналізму. Хаця нацыяналізм — гэта калі чалавек любіць сваю радзіму і сваю мову. Чаму лістоў, якія датычаць некаторых ня надта прывабных асаблівасьцяў расейцаў, вы не чытаеце? Атрымліваецца, што вы, Валянцін Жданко, дурыце беларусаў гэтак сама, як і Лукашэнка”.
Зразумела, спадар Сякач, няма нічога заганнага ў тым, што чалавек любіць свой народ і сваю мову. Праблемы ўзьнікаюць тады, калі гэты чалавек пачынае лічыць, што ягоная нацыя мае перавагі над іншымі, а гэтыя іншыя замінаюць і шкодзяць. Прычынаў таго, што ў Беларусі беларуская мова апынулася ў заняпадзе, шмат. І галоўныя зь іх — у самой Беларусі, а не за яе межамі. І вырашаць праблемы таксама павінны самі беларусы: ніхто іншы вырашыць іх ня здольны.
Што да вашых, спадар Сякач, лістоў, у якіх зьневажаюцца нацыянальныя пачуцьці расейцаў, то ў эфіры Свабоды яны гучаць ня будуць, як і любыя іншыя допісы, у якіх утрымліваюцца выказваньні, што могуць прынізіць невінаватых людзей.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Якаў Ішчук з Наваполацку, Тацьцяна Махтадуй з Маладэчна і Алег Чугаеў з Жодзіна.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.