Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хаджу босы, купляю толькі лекі й хлеб”


Валянцін Жданко, Менск

У пошце апошніх тыдняў нямала лістоў на тэму дзяржаўнай ідэалёгіі, спробаў улады аднавіць сыстэму прапагандысцкай апрацоўкі грамадзкай думкі. Дзеля гэтага часта выкарыстоўваецца савецкі камуністычны досьвед.

Наш слухач зь Менску, настаўнік Леў Несьцяровіч апэратыўна адгукнуўся на агляд лістоў на гэтую тэму, які прагучаў 5 лістапада. У ім ішла размова, у прыватнасьці, пра тое, што ў школы і ВНУ Беларусі вяртаецца напаўзабыты “добраахвотна-прымусовы” прынцып стварэньня арганізацыяў піянэраў і БРСМ, якія фінансуюцца ўладай і павінны падтрымліваць яе палітыку. Я цытаваў ліст Канстанціна Аляшкевіча зь Менску, у якім слухач выказваў думку, што БРСМ зьнікне, як толькі Лукашэнка страціць уладу. Леў Несьцяровіч даслаў нам электронны ліст на гэтую тэму, у якім піша:

“Любая дзяржава павінна прапаведаваць уласную ідэалёгію: гэта адзін з мэтадаў умацаваньня ўнутрыдзяржаўнай стабільнасьці. Іншае пытаньне — якую ідэалёгію? Вяртаньне да сацыялістычнага мінулага — гэта, фактычна, пагібель для Беларусі. Заклік да калектывізму? Не ўжо, выбачайце — было у нас такое ў 1920–30-я, а потым і на працягу ўсяго існаваньня “адзінага і непарушнага”. Што з гэтага выйшла, мы ўсе ведаем. І, думаю, паўтарэньня ня хочам. Патрыятызм? Але патрыятызм бывае розны. Лукашэнка заклікае нас ганарыцца БССР, каштоўнасьцямі таго часу. Але з тае эпохі калі й ёсьць чым ганарыцца, дык хіба вызваленьнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ды героямі вайны — і ўсё. А што ж раней? Чаму, калі моладзь згадвае пра каштоўнасьці БНР, яе цкуюць АМОНам?

Уводзячы ідэалёгію, прэзыдэнт хоча паказаць свой клопат пра народ. Бо ніякіх дасягненьняў у яго няма, а правесьці плебісцыт, каб застацца пры ўладзе, хочацца. Вось ідэолягі і павінны пераканаць народ, што Беларусь быццам бы квітнее.

Што да БРСМ, дык я зьяўляюся сакратаром гэтай арганізацыі ў адной зь менскіх школ (на жаль, давялося ўступіць — пад прымусам). Цалкам падзяляю меркаваньне, што пасьля сыходу Лукашэнкі БРСМ проста перастане існаваць (пры ўмове, што ўлада пяройдзе да разумнага чалавека). З павагай да Радыё Свабода — Леў Несьцяровіч, Менск (прозьвішча зьмененае)”.

Такі вось ліст ад маладога менскага настаўніка, якога ўлада лічыць сваім апірышчам і сваёй будучыняй — зважаючы на ягоны фармальны статус як актывіста БРСМ.

Варта згадаць: у 1991 годзе, перад распадам СССР, у шэрагах камсамолу лічылася некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек. На абарону ГКЧП ці неўзабаве забароненай КПСС на вуліцу ня выйшаў ніводзін уладальнік значка з профілем Леніна. Сам ВЛКСМ ціха сканаў у хуткім часе пасьля таго, як адышла ў нябыт ленінская партыя. Гучныя скандалы падчас распаду здараліся, але выкліканыя яны былі выключна падзелам паміж былымі камсамольскімі функцыянэрамі багатай маёмасьці, што была сабраная на сяброўскія складкі мільёнаў падманутых і кінутых хлопцаў і дзяўчат.

Беларуская ўлада, ствараючы дакладную копію камсамолу, напэўна, разьлічвае, што ў копіі будзе іншы фінал. Хоць спадзяваньні гэтыя, на маю думку, нічым не падмацаваныя.

Наш даўні слухач Мікалай Лясовіч зь Менску адклікнуўся на нядаўнюю дыскусію паміж Анатолем Чубайсам і Аляксандрам Лукашэнкам у перадачы расейскага тэлеканала НТВ “Свабода слова”. Мікалай Лясовіч разважае над пытаньнем: хто перамог у той спрэчцы? Слухач піша:

“Лукашэнка, як і многія начальнікі (і ня толькі начальнікі), якія не прывыклі спрачацца на роўных, пераацэньвае свае дыскусійныя здольнасьці. Тым больш, што гэтым разам у яго быў сапраўды моцны супернік. Чубайс сваёй карэктнасьцю і дакладнасьцю ня толькі падкрэсьліў дэмагагічнасьць заяваў Лукашэнкі, ягонае грубае стаўленьне да суразмоўцаў, “тыканьне”, але і справакаваў Лукашэнку на мноства зьняважлівых выказваньняў на адрас Расеі.

Як вынік, нават даўні саюзьнік Лукашэнкі ў стварэньнітак званай “саюзнай дзяржавы”, дэпутат Думы Мікалай Ганчар прызнаўся, што яго пакрыўдзілі Лукашэнкавы выказваньні наконт Расеі. А кропку паставіў Чубайс, калі падсумаваў спрэчку, сказаўшы, што ўражаньні ўсіх прысутных у студыі расейцаў можна вызначыць як недавер да Лукашэнкі. Думаю, уражаньні большасьці гледачоў былі такія ж. А Лукашэнка, вядома, разьлічваў зусім на іншае”.

На жаль, спадар Лясовіч, дыскусію ў тым выглядзе, як яе паказаў канал НТВ, маглі бачыць далёка не паўсюль у Беларусі. Затое празь некалькі дзён беларускія дзяржаўныя тэлеканалы паказалі вялікія ўрыўкі перадачы з уласнымі прапагандысцкімі камэнтарамі. Там ужо не знайшлося месца таму эпізоду, калі Лукашэнка хваліцца трыццацю тысячамі расейцаў, якія нібыта штогод пераяжджаюць у Беларусь. На што Чубайс са статыстычнымі зьвесткамі ў руках даказаў, што гэта састарэлыя зьвесткі, а насамрэч колькасьць перасяленцаў летась склала ўсяго некалькі тысяч, і гэта лічба штогоду зьмяншаецца. Не паказалі беларускія каналы і вельмі красамоўнага эпізоду, калі Лукашэнка спрабуе перайсьці з Чубайсам на “ты” — і тут жа сустракае жорсткі пратэст з боку апанэнта.

У варыянце беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў гэта была хутчэй ня спрэчка, а звыклы для беларускага гледача маналёг аднаго палітыка.

Ліст ад Генрыха Аўцюкевіча са Шчучынскага раёну. Слухач піша:

“Мне 40 гадоў. Я інвалід другой групы па зроку. Жыву ў вёсцы разам з мамай (ёй 80 гадоў) і братам, якому 43 гады. Брат — таксама інвалід, у яго псыхічнае захворваньне. Пэнсіі ў нас маленькія (у мамы — 67 тысяч рублёў, у брата — 64 тысячы, у мяне — 78 тысяч). Уласнай гаспадаркі з прычыны стану здароўя трымаць ня можам.

Беларускую Свабоду слухаю ўжо два гады. У мяне старэнькі “Акіян”: яшчэ крыху “цягне”. Слухаю вашыя навіны, перадачы “Экспэртыза Свабоды”, “Паштовая скрынка”, іншыя. Шмат у чым вы маеце рацыю, але ў некаторых момантах я з вамі не пагаджаюся. Хоць бы наконт жыцьця ў Савецкім Саюзе. Да развалу Саюзу пэнсіі ў нас былі хоць і невялікія, але іх усё ж хапала на тое, каб апрануцца, абуцца, ды і на лекі, і на харчаваньне... А цяпер у нас нічога не засталося. Калі б летась па лініі райсабесу нам з гуманітарнай дапамогі ня выдалі крыху адзеньня — хадзілі бы голыя і босыя. Босыя мы і так ходзім: купіць абутку ня можам. Ад цяперашніх цэнаў галава ідзе кругам. Мы адмовіліся амаль ад усяго. Купляем толькі самыя неабходныя лекі (а яны вельмі патрэбныя) ды хлеб. Дагэтуль ня можам выплаціць абавязковай страхоўкі — 7 340 рублёў. Тэлевізара няма, абутку няма. Хата халодная: дроў мала, трэба купляць – а за якія грошы? Добра хоць – з саўгаса далі крыху бульбы.

У вёсцы даўно закрылі школу, бібліятэку... Чытаць я люблю — але дзе возьмеш кнігі ды газэты? Ва ўладаў усё толькі на словах. Толькі й чуеш: закрываюць незалежныя выданьні, ліквідуюць грамадзкія арганізацыі, зьнікаюць незалежныя палітыкі... Усё больш прыціскаюць прадпрымальнікаў. Ды і ўвесь народ стаў жыць значна горш. Ня ведаю, калі што-небудзь ня зьменіцца, мы загінем”, — напісаў Генрых Аўцюкевіч са Шчычынскага раёну.

У лісьце слухач падае свой дакладны адрас (вёску ды імя), але са зразумелай прычыны ў эфіры іх просіць не называць. На жаль, мы ўсё часьцей атрымліваем падобныя лісты даведзеных да адчаю людзей. Звычайна гэта лісты расчараваньня: чалавек спадзяваўся, што Лукашэнка верне абясцэненыя грашовыя ашчаджэньні, альбо падвысіць пэнсію, альбо абавяжа калгас бясплатна выдаваць тэхніку для апрацоўкі прысядзібнага ўчастку. З экрану тэлевізара Лукашэнка, сапраўды, абяцае гэта зрабіць — але ў калгаснай канторы чалавек у адказ на свае патрабаваньні чуе зусім іншае. Я ў падобных выпадках звычайна раю людзям больш спадзявацца на ўласныя сілы ды меней разьлічваць на прыгожыя абяцаньні палітыкаў.

Выпадак зь сям’ёй Генрыха Аўцюкевіча, аднак, выключны. Разьлічваць на ўласныя сілы яму не выпадае, а дзяржаўнай дапамогі не хапае нават на самае неабходнае. Ва ўмовах вялікага гораду ў такіх бедакоў хоць нейкія шанцы ёсьць: можна пайсьці ў райвыканкам, адшукаць нейкую гуманітарную арганізацыю. А як быць у маленькай вёсцы, калі адзіны аўтобус да райцэнтру даўно адмянілі, а ў мясцовага сельсавету няма грошай нават на канцылярскі клей для старшыні? Ваш ліст, спадар Аўцюкевіч, мы перадамо ў адну з гуманітарных арганізацыяў і папросім, каб вам пры магчымасьці дапамаглі.

На заканчэньне — ліст ад Генадзя Месьціча зь Віцебску. Слухач піша:

“Вось ужо каторы год штовечар блукаю па вашых хвалях разам са стваральнікамі здаровай нацыянальнай сьвядомасьці, будаўнікамі Адраджэньня. Я — з вамі назаўсёды. А таму, каб і надалей мець магчымасьць спаталяць смагу, прашу колькі вашых фірмовых каляндарыкаў, калі такія шчэ засталіся. Будзе чым парадаваць сябрукоў, падобных да мяне хваробай, імя якой — Беларусь. Паверце, такія ёсьць нават у Віцебску, сярод моладзі, народжанай па-за саветамі, па-за навалай ганьбы і прыніжэньня”, — напісаў Генадзь Месьціч зь Віцебску.

З задавальненьнем, Генадзь, выконваем вашую просьбу. Тым больш, што з пачатку лістапада хвалі, на якіх можна слухаць Беларускую Свабоду, зьмяніліся, і мы выдалі новы каляндарык з нашым новым раскладам. А за добрыя словы на адрас Свабоды — дзякуй.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Алесь Цадко з Маладэчна, Алег Вашкевіч зь Менску, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Міхаіл Леках з Рыгі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG