Ня ўсім беларускім дзецям і падлеткам хапіла 1 верасьня месца ў школьных клясах. Тое, што навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа вымушаныя былі пачаць заняткі пад адкрытым небам, выклікала шмат водгукаў сярод слухачоў Свабоды. Мы ўжо некалькі месяцаў надаем шмат увагі канфлікту вакол Ліцэю, бо гэтым па сутнасьці вырашаецца лёс ня толькі асобнай навучальнай установы, але і ўсёй беларускамоўнай адукацыі.
Ня ўсе нашыя слухачы пагаджаюцца з пазыцыяй ліцэістаў, іхных бацькоў і настаўнікаў. Вось які ліст, пабываўшы ля сьценаў ліцэю, напісаў нам Генадзь Кахно зь Менску. Слухач піша:
“Чамусьці вы, Валянцін, усьлед за наіўнымі слухачамі захапляецеся ліцэістамі ды іх настаўнікамі. І не задаяце непрыемных пытаньняў. Напрыклад, навошта гэтыя дарослыя дзядзькі ўцягваюць дзяцей у палітыку? Які лёс гэтых дзяцей чакае, калі яны не атрымаюць паўнацэнную адукацыю? Бо іхнае месца — у школьных клясах, а не ў пікетах са сьцягамі ды палітычнымі лёзунгамі.
Усё ня так проста, як падае Радыё Свабода. Пэўныя палітычныя сілы хочуць проста пагрэць рукі на скандальнай сытуацыі. Іх мала клапоціць, што разьменнай манэтай для іх сталі лёсы дзяцей. Ім абы болей шуму ды гвалту”,
— напісаў Генадзь Кахно зь Менску.
Пагаджуся з вамі, спадар Кахно, толькі ў тым, што месца дзецям ды падлеткам у гэтыя верасьнёўскія дні, сапраўды — у школьных клясах. Але хто адабраў у іх гэтыя клясы? Зрабілі гэта іхныя настаўнікі? Бацькі? Апазыцыйныя палітыкі, якіх вы так абвінавачваеце?.. Хто пакінуў дзяцей безь Ліцэю, хоць на тое не было ніякіх аб’ектыўных прычынаў, апроч чыёйсьці прыхамаці ды палітычнай падазронасьці? Адказ менавіта на гэтае пытаньне — прынцыповы і галоўны для разуменьня сытуацыі.
16-17-гадовыя падлеткі — ужо дастаткова сталыя для таго, каб адказваць за многія свае ўчынкі й рабіць самастойны выбар у шэрагу сытуацыяў. Іхны выбар у змаганьні за свой Ліцэй варты павагі. І ў ацэнках гэтага канфлікту я пагаджаюся ня з вамі, спадар Кахно, а са старым вясковым настаўнікам, які добра ведае дзіцячую душу — Алесем Ляскоўскім зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну. У сваім лісьце слухач піша:
“Рыцарская высакароднасьць, непахісная стойкасьць ды грамадзянская мужнасьць, зь якімі ліцэісты са сваімі выкладчыкамі і бацькамі пры шырокай падтрымцы грамадзкасьці адстойваюць адзіную ў нашай краіне цалкам беларускамоўную навучальную ўстанову, яскрава сьведчаць, што беларусы і напраўду людзьмі хочуць звацца.
А ўвогуле, за апошні час адбылося нямала падзеяў, якія ўскалыхнулі нашае дрымотнае беларускае грамадзтва. Асабліва ўразіла жалобная цырымонія пахаваньня Васіля Быкава. Вялікі пісьменьнік страшны для гэтай улады і пасьля сьмерці. Разгубленасьць і здранцьвеньне рэжыму, выкліканыя шматтысячным народным пахаваньнем, былі відавочныя для ўсіх”,
— напісаў Алесь Ляскоўскі, былы школьны настаўнік зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.
Былы выкладчык Мікалай Лясовіч зь Менску працягвае размову пра вартасьці й заганы беларускай апазыцыі, распачатую ў нашых ранейшых перадачах,— у прыватнасьці, 2-га і 30 ліпеня, 27 жніўня. Нагадаю, у папярэдніх лістах спадар Лясовіч катэгарычна не пагаджаўся з крытыкай на адрас апазыцыі, пісаў пра яе дасягненьні, чым выклікаў нямала водгукаў іншых слухачоў зь пярэчаньнямі. Гэтым разам Мікалай Лясовіч удакладняе сваю пазыцыю Ён піша:
“Пад словам “апазыцыя” я маю на ўвазе усіх тых, хто дзейнічае супраць дыктатуры Лукашэнкі, а вы — лідэраў апазыцыйных партыяў. Вядома, сярод гэтых лідэраў ёсьць розныя людзі. Увогуле, ёсьць больш важныя якасьці чалавека, чым розум і патрыятызм. У найвялікшым творы заходнеэўрапейскай культуры “Жан-Крыстоф” Рамэн Ралан прыводзіць словы маладых італьянскіх рэфарматараў: ”Ёсьць нешта больш важнае, чым радзіма — чалавечае сумленьне”.
Вось прыклад, калі сумленьне было вышэй за любоў да радзімы. У найвялікшай кнізе “Былое і думы” Герцэн распавёў: хоць ён і папярэджваў палякаў пра непазьбежнасьць паразы плянаванага паўстаньня 1863 года, але, калі паўстаньне пачалося — падтрымаў яго. Хаця ведаў, што гэтым губіць галоўную справу свайго жыцьця — часопісы “Колокол” і “Полярная звезда”, якія мелі ў Расеі вялізны ўплыў, але пасьля падтрымкі Герцэнам паўстаньня яго страцілі”,
— напісаў Мікалай Лясовіч зь Менску.
Тэма маральнасьці палітыкі й палітыкаў, спадар Лясовіч, актуальная ва ўсе часы. Многія нават лічаць, што высокія маральныя прынцыпы несумяшчальныя са змаганьнем за ўладу. Доказаў у нашай ня надта далёкай гісторыі шмат: гісторыя прыходу да ўлады фактычна ўсіх савецкіх генсекаў — гэта гісторыя здрады, падману, вераломства. Ды і больш новая гісторыя — ужо незалежнай Беларусі — не дае ўзораў высакароднасьці першых асобаў у сытуацыях, калі ішла бойка за высокую ўладу.
Прадоўжым размову пра маральнасьць у палітыцы, пачатую лістом Мікалая Лясовіча. Ёсьць і іншае меркаваньне — што інтэлігентнасьць, далікатнасьць, прыстойнасьць толькі шкодзяць у дасягненьні палітычных мэтаў. Вось што думае на гэты конт інжынэр Міхаіл Лысевіч зь Ліды. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:
“Дэмакратычнае грамадзтва ва ўмовах Беларусі нагадвае мне вельмі палахлівага чалавека. Ён баіцца нават у межах прыстойнасьці, але рэзка адказаць хаму: яму вельмі важна ў любых абставінах застацца незаплямленым. Вельмі часта назіраеш, як прадстаўнікі гэтай часткі грамадзтва папросту разводзяць рукамі: маўляў, ну што тут можна зрабіць?
Ну, калі вы не апэлюеце да Расеі, да міжнароднай супольнасьці зь вельмі простымі, а насамрэч грунтоўнымі пытаньнямі — беларуская мова, парушэньне заканадаўства ў розных галінах грамадзкага жыцьця... (а калі і апэлюеце, то ня надта ўпарта) — то й грамадзтва не ванітуе ад гэтай улады, ад яе выхадак.
Вось прыклад з майго асабістага змаганьня. Прапанаваў на мінулы так званы “камуністычны суботнік-пабор” пералічыць сродкі на адбудову палаца ў Нясьвіжы. Зьвярнуўся да прафсаюза (хоць і не належу да гэтай лукашэнкавай установы). Зьвярнуўся проста на правах грамадзяніна — пісьмова, па-беларуску.
Вынік быў добры, хоць грошы і не пералічылі (загад быў іншы). Але ж мусілі разглядаць, нэрвавацца, зачытваць зварот па-беларуску.
Калі ня мы — то ніхто гэтага рабіць ня стане. Трэба ісьці да канца, бо сродкі ў сталічнай дэмакратычнай грамадзкасьці куды большыя, чым у аднаго чалавека ў нейкім тэхаддзеле РУП “Лідаграпраммаш.”
[Подпіс:] Міхаіл Лысевіч, інжынер-канструктар, 35 год. Ліда”
Напэўна, спадар Лысевіч, гэта ўсё ж сумяшчальныя якасьці: з аднаго боку, прыстойнасьць і прынцыповасьць, а з другога — дзейснасьць, актыўнасьць, настойлівасьць у дасягненьні сваіх мэтаў. Іншая справа, што ідэальнае спалучэньне гэтых якасьцяў сярод дэмакратычных актывістаў і ў вас, у Лідзе, і тут, у Менску — зьява ня надта частая. Заўсёды чагосьці не хапае. Напэўна, з гэтай прычыны і плён такі сьціплы.
Увогуле, лістоў з нараканьнямі на неэфэктыўнасьць дзеяньняў апазыцыі, з папрокамі й папярэджаньнямі на яе адрас у нашай пошце нямала. Аўтар аднаго з такіх допісаў — Віктар Бута зь Менску. Ён піша:
“Мяне вельмі хвалюе непадрыхтаванасьць палітычных лідэраў да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Няма ў іх упэўненасьці, але залішне ганарыстасьці. З гэтай прычыны Лукашэнка распраўляецца зь імі, гуляючы. І можа перамагчы нават без фальшаваньня вынікаў галасаваньня.
Большасьць нашых апазыцыянэраў — людзі прыстойныя і вартыя павагі, але вельмі далёкія ад народа. Не разумее народ іхных ідэалаў — дэмакратыі і незалежнасьці, ня надта давярае, слухаючы іхную беларускую гаворку.
З усяго гэтага трэба рабіць высновы і сур’ёзна рыхтавацца да выбараў. А не займацца глупствам ды крыўдзіцца на народ, якому заўсёды здраджвалі ды падманвалі”,
— напісаў Віктар Бута зь Менску.
Высновы вашыя, спадар Бута, даволі відавочныя. Заўважу, аднак, што цалкам здымаць адказнасьць зь сябе нават шараговы і далёкі ад палітыкі грамадзянін, калі толькі ён жадае зьменаў у дзяржаве — не павінен. У падобных на беларускую сытуацыях, калі ўлада манапалізаваная адной асобай, а ўсе структуры грамадзянскай супольнасьці ў прыгнечаным стане — зьмены адбываюцца якраз тады, калі іх неабходнасьць асэнсуе большасьць грамадзтва. Бяз гэтай грамадзкай энэргіі, якая стыхійна можа выявіць сябе ў любы момант, разасобленая, пазбаўленая грамадзкай трыбуны апазыцыя наўрад ці здольная на хуткую перамогу.
Наш слухач Андрэвуш Шчура зь сяла Пятроўскае Апоцкага раёну Пскоўскай вобласьці разам зь лістом даслаў нумар мясцовай раённай газэты, якая паведамляе пра створаны ім прыватны Музэй Літоўскай памежнай варты Рэчы Паспалітай. Андрэвуш, нягледзячы на адарванасьць ад Беларусі, выдатна валодае беларускай мовай і вельмі цікавіцца гісторыяй. Беларускую Свабоду Андрэвуш слухае ад 88-га году, і піша, што перадачы яму вельмі падабаюцца.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Генадзь Банкевіч зь Менску, Любоў Дзёміна са Смаленску, Іван Сядой зь Менскай вобласьці, Сьвятлана Якіменка зь вёскі Рудня Чэрвеньскага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by