Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Іншых палітыкаў, апроч Лукашэнкі, у Беларусі няма...”


Валянцін Жданко, Менск

Значную частку нашай пошты заўсёды складалі лісты пра лёс беларускай вёскі. Імклівы заняпад калгасаў вымушае ўчорашніх вяскоўцаў шукаць выратаваньня ў гарадах. Але й там бяз працы на зямлі, без уласнага гарода і лецішча выжыць складана. Вось як піша ў сваім лісьце на гэтую тэму Міхаіл Дашкевіч з Кобрына.

“Сёньняшняя беларуская вёска апынулася ў становішчы паміж рабствам і прыгоньніцтвам. Так званы “гегемон” атрымаў лапік зямлі, асноўная прылада працы на якой — рыдлёўка ды вілы. А вёску працягваюць абдзіраць “чырвоныя памешчыкі”. Да слова, калі летась за дачу патрабавалася плаціць 6 тысячаў рублёў, дык цяпер ужо — 30 тысячаў, ды яшчэ 30 тысячаў за гараж...
Такая эканамічная палітыка памнажае шэрагі жабракоў, якіх можна гнаць у любым кірунку, і любое ідэалягічнае шалупіньне ўкладваць ім у вушы...”

Большасьць калгасаў у Беларусі памірае, гэта сёньня відавочна нават уладзе. Тое, што гэтая мадэль эканамічна нежыцьцяздольная — было зразумела даўно. Але ўлада больш як дзесяцігодзьдзе чаплялася за калгасы, баючыся страціць кантроль над вёскай, апасаючыся, што на зямлі зьявіцца незалежны гаспадар, які для яе, ўлады, будзе непаслухмяны, непадкантрольны ёй.

Рынак у вёсцы ўсё роўна пераможа. Сумна толькі, што гэтае чапляньне за калгасныя руіны каштавала пакутаў і жабрацкага існаваньня для соцень тысячаў беларускіх сялянаў.

Ліст ад Галіна Вахт, якая жыве ў эстонскім горадзе Торва.

“Усё жыцьцё мы з мужам пражылі ў Беларусі,— піша слухачка,— Ён у свой час прайшоў Сібір, але кепскім чалавекам ня стаў. Зьехалі мы ў Эстонію яшчэ пры Саюзе — дагледзець маці мужа, яна была ўжо старая. Так там і засталіся.

Тут Саюз распаўся. Мне ісьці на пэнсію. Працоўны стаж на адным месцы (16 гадоў) мне не залічылі. Далі інваліднасьць па зроку (пажыцьцёва), а потым адабралі. Гэта таму, што я не падабаюся ўладам: выказваюся супраць NATO і вайны. Увогуле, за тое, што я — беларуска.

Эстонскія правіцелі цяпер разбураюць усё, што было раней — дружбу народаў, адзінства, перамогу ў вайне. А вы ўсё лаяце Лукашэнку за тое, што ён заклікае берагчы сваё, здабытае крывёю, шанаваць і апрацоўваць уласную зямлю, якую адстаялі нашыя продкі ў барацьбе з фашызмам.

Як жыць, каму на ўсё гэта паскардзіцца? Лукашэнку я люблю, вось толькі як дайсьці да яго — ня ведаю”.

Напэўна, спадарыня Вахт, самым простым выйсьцем для Вас было б вярнуцца ў Беларусь, палітычная сыстэма якой Вам так падабаецца, і жыць тут, удалечыні ад тых, хто, як Вы пішаце, крыўдзіць Вас толькі за тое, што Вы беларуска і што Вам не падабаецца NATO.

У аглядзе пошты, які прагучаў на хвалях Беларускай Свабоды 10 ліпеня, я чытаў ліст на падобную тэму нашага слухача зь Бярозы Міколы Ліцьвінчыка. Ягоная дачка ў 94-м годзе таксама намерылася пераехаць на радзіму, у Беларусь. “За два гады, што чакала беларускага грамадзянства, ёй на біржы толькі аднаго разу прапанавалі працу — месца дворніка. І гэта — дыплямаванаму інжынэру,— паведаміў Мікола Ліцьвінчык.— Паехала назад у Рыгу. Здала экзамен па латыскай мове, працуе і ніякага ўціску не адчувае. У нашым райцэнтры Бяроза тры школы, і ўсе расейскамоўныя,— пісаў спадар Ліцьвінчык.— А ў Рызе мае ўнукі вучацца ў беларускай школе. У Беларусі ў іх такой магчымасьці не было б. Вось табе і ўціск беларусаў у краінах Балтыі...”

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Гуманітарны ліцэй у Менску быў створаны яшчэ ў часы СССР, увосень 90-га году. А таму ён нясе ў сабе ўсе хваробы дзяржаўнай, бюджэтнай, нярынкавай, несамаакупнай арганізацыі.

Па сутнасьці, генэзысна ён выйшаў з той жа сыстэмы, што і Саюз пісьменьнікаў БССР. Гэта — сэкта, каста, адрыў ад народа, служэньне той уладзе, якая выконвала русіфікатарскія пляны чырвонага Крамля. Лягічна, што ўлада ня хоча ўтрымліваць інтэлектуальныя апазыцыйныя цэнтры.

Жыцьцяздольнасьць гэтага спэцыфічнага ліцэя будзе даказана толькі ў адным выпадку — калі новы беларускі багаты прыватнік пагодзіцца быць спонсарам гэтага ліцэя і за грошы вучыць там сваіх дзяцей. Як яшчэ адно выйсьце — існаваньне ліцэя на заходнія гранты”.

Беларускі гуманітарны ліцэй, спадар Марціновіч, быў створаны на хвалі нацыянальнага Адраджэньня, калі ўлада вымушаная была лічыцца з настроямі, якія панавалі тады ў грамадзтве. І ніякія імпэрскія ды русіфікатарскія памкненьні “маскоўскага Крамля” Ліцэй, натуральна, не абслугоўваў.

Калі б улада сапраўды дбала пра інтарэсы беларускай нацыі, калі б яе хвалявала праблема выжываньня беларускай мовы, падрыхтоўка кваліфікаваных і нацыянальна арыентаваных кадраў для гуманітарнай сфэры — у Ліцэя не было б сёньняшніх цяжкасьцяў. У астатнім вы, спадар Марціновіч, безумоўна, маеце рацыю: шляхоў выратаваньня Ліцэя, на жаль, няшмат. І яны добра вядомыя.

Ліст ад Ігара Касьянава з украінскага гораду Севераданецку. Слухач піша:

“Многія яшчэ спадзяюцца на дэмакратычныя выбары ў Беларусі. Але такія выбары магчыма правесьці толькі з інтэлігентным прэзыдэнтам. Многія таксама разьлічваюць, што Лукашэнка ня здасьць Беларусь Расеі. Але ж ён толькі й робіць, што паступова здае яе, адмаўляючыся то ад мовы, то ад нацыянальнай валюты. Як толькі яму прапануюць якую-небудзь пасаду ў Расеі — ён тут жа правядзе рэфэрэндум, і Беларусь стане часткай Расеі.

Яшчэ горш, калі яму дазволяць удзельнічаць у расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах. Яго падтрымаюць камуністы, вайскоўцы, пэнсіянэры... І Лукашэнка выйграе. Тады Расея зойме ў сьвеце цяперашняе месца Беларусі.

Калі ж Расея адмовіць Лукашэнку, то ён застанецца пры ўладзе ў Менску пажыцьцёва — незалежна ад таго, хоча гэтага народ ці не.

Сталіна, Кастра, Хусэйна, Кім Ір Сэна спачатку таксама ўсур’ёз не ўспрымалі. А калі людзі адумаліся — было позна”.

Наконт расейскіх плянаў Аляксандра Лукашэнкі за апошнія гады столькі сказана, яны настолькі відавочныя для расейскай палітычнай эліты — што шанцаў на іхнае ажыцьцяўленьне, выглядае, вельмі няшмат.

Што да магчымасьці пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Лукашэнкі і ўсталяваньня яшчэ больш жорсткага палітычнага рэжыму... Цяжка ўявіць, што гэта можа адбыцца без закрыцьця межаў і будаўніцтва новай “жалезнай заслоны”. Прынамсі, менавіта такім чынам стваралі свае дыктатарскія рэжымы і Фідэль Кастра, і Кім Ір Сэн, і Туркмэнбашы-Ніязаў. Ва ўмовах беларускай эканомікі, якая арыентаваная на экспарт і ў многім грунтуецца на транзытных магчымасьцях геаграфічнага становішча краіны, закрыцьцё межаў раўназначнае эканамічнай катастрофе.

Ліст ад Аляксея Жука зь Мядзельскага раёну.

“У нас людзі ня ведаюць ніводнага іншага палітыка, апроч Лукашэнкі,— піша слухач.— А ўсё таму, што нікога зь іх не відаць на тэлевізіі. Калі Лукашэнка яшчэ толькі прымерваўся да пасады прэзыдэнта, яго голас на радыё і тэлевізіі гучаў ледзь не штодня. Ён не баяўся спрачацца з уладай, удзельнічаў у дыскусіях. А цяперашнія апазыцыянэры маўчаць. Не відаць іх і не чуваць. Няўжо няма нікога, хто адважыўся б уступіць зь ім у публічную дыскусію?

Апроч Лукашэнкі, зь беларускіх палітыкаў усім вядомы хіба што Зянон Пазьняк. Але за яго прагаласуюць адзінкі. Нацыяналістаў нашыя людзі ня любяць.

Так што, шаноўныя апазыцыянэры, калі ня пойдзеце на тэлевізію, ніхто вас ня будзе ведаць, і ніякіх галасоў вы не набераце”.

Тэлевізія ў Беларусі, спадар Жук, жорстка кантралюецца дзяржаўнымі чыноўнікамі. Палітычныя праграмы, у якіх апазыцыйныя лідэры мелі б магчымасьць спрацацца, дыскутаваць, выкладаць уласную пазыцыю, пакрысе цалкам былі выціснутыя з эфіру. Зроблена гэта менавіта для таго, каб людзі ня ведалі яркіх асобаў, каб у Лукашэнкі не было моцных канкурэнтаў на наступных выбарах. Аляксандар Лукашэнка, відавочна, добра памятае, якім шляхам сам прыйшоў да ўлады, і не дапусьціць, каб гэткім спосабам пакарыстаўся нехта іншы.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна, Іван Зьленка з украінскай Адэсы, Вольга Чэрня зь Ліды, Віталь Макавей зь Лепельскага раёну і Мікалай Лясовіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG