Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму свабода не дае слова прадстаўнікам беларускай улады?”


Валянцін Жданко, Менск

Той, хто нядаўна пачаў слухаць Беларускую Свабоду, а дагэтуль атрымліваў інфармацыю пра падзеі ў Беларусі толькі зь дзяржаўных мэдыяў, абавязкова задасьць сабе тыя ж пытаньні, якія паставіў у лісьце да нас пінскі студэнт Дзьмітры Шчаглоў. Пытаньні гэтыя — пра аб’ектыўнасьць і залежнасьць журналіста, пра дачыненьні ўлады і прэсы. У сваім лісьце Дзьмітры Шчаглоў піша:

“Мне 19 гадоў, я вучуся ў Пінскім філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту (перайшоў на трэці курс). Вельмі часта слухаю і Радыё Свабода, і дзяржаўныя СМІ. І зрабіў для сябе такую выснову наконт вашай працы: хто зь якой кармушкі корміцца, той таго і падтрымлівае. Ні на крок пры гэтым не адступаючы.

Калі Аляксандар Лукашэнка — закладнік сваёй камуністычнай ідэалёгіі, дык вы, Радыё Свабода — закладнікі Захаду. Паспрабуйце сказаць што-небудзь у падтрымку беларускай улады, дык Захад самі ведаеце што зробіць з вамі. Таму ад вас не пачуеш ніводнага добрага слова на адрас улады. Але няўжо ў Беларусі ўсё так дрэнна? Паводле апошняй статыстыкі, яна сярод краінаў СНД займае першае месца ў шэрагу галінаў. І заробкі ў Беларусі не такія ўжо і нізкія. Да каго са знаёмых ні зойдзеш — дык ня скажаш, што людзі кепска жывуць.

Вы ж свой эфірны час даяце толькі ўласным карэспандэнтам ды актывістам апазыцыі. А прадстаўнікоў улады ў вас ніколі не пачуеш. Такім чынам, я нават ня ведаю, хто менш дэмакратычны — вы ці дзяржаўнае тэлебачаньне. Там іншая крайнасьць, ня знойдзеш нічога апазыцыйнага.

А наогул, з такімі СМІ, як у Беларусі, вельмі сорамна за сваю краіну ў цэнтры Эўропы. Праўду, напэўна, можна знайсьці толькі ў цэнтрыстаў. Але дзе яны ў Беларусі?” — пытаецца студэнт зь Пінску Дзьмітры Шчаглоў.

Мы, паважаны Дзьмітры, вельмі часта зьвяртаемся па інфармацыю і камэнтары да чыноўнікаў, кіраўнікоў дзяржаўных установаў розных узроўняў, асабліва ў пытаньнях, на якія толькі ў іх можна атрымаць дакладны адказ. На жаль, большасьць чыноўнікаў, пачуўшы пра тое, што з пытаньнямі да іх зьвяртаецца журналіст амэрыканскага радыё, палахліва кідаюць тэлефонную слухаўку альбо адмаўляюцца ад размовы, спасылаючыся на занятасьць. У неафіцыйных размовах некаторыя з гэтых асобаў прызнаюцца, што проста апасаюцца наступстваў, перасьледу з боку начальства, а то і абвінавачаньняў у “сувязях з ідэалягічным ворагам”. Хоць афіцыйна падобных забаронаў як быццам і не існуе.

У сытуацыях, калі меркаваньне таго ці іншага прадстаўніка ўлады асабліва важнае для ўсебаковага асьвятленьня тэмы, а ён ад камэнтару адмаўляецца, мы адмыслова згадваем пра гэты факт у эфіры.

Што да падтрымкі беларускай улады... Мы, шаноўны Дзьмітры, не хаваем сваіх мэтаў. А мэтай ёсьць адстойваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў, правоў чалавека, прынцыпаў вольнага рынку праз распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі ды ідэяў. Калі беларуская ўлада будзе падзяляць гэтыя мэты, то цалкам можа разьлічваць на нашую падтрымку.

Заўвагі да дзейнасьці Беларускай Свабоды, але ўжо іншага кшталту — у інжынэра-канструктара зь Ліды Міхаіла Лысевіча.

“Ёсьць адна акалічнасьць, якая мне апошнім часам у вашых перадачах зусім не падабаецца, — піша слухач. — Занадта вы апэлюеце тым ці іншым чынам да Масквы: запрашаеце нейкіх палітолягаў, палітычных дзеячоў ды іншых... Зь іхных выступаў яскрава бачна, што не паважаюць яны нашу краіну. Народ наш увогуле не вызнаюць за народ, гавораць пра што заўгодна, але не пра нашу дзяржаву, дзе цяпер пануе дыктатура. Часам проста агідна слухаць.

Увогуле, ці ёсьць у гэтай самай Расеі людзі, якія шчыра бачаць нас незалежнай краінай, а наш народ — самадастатковай нацыяй, а не нейкай чарговай народнасьцю Расеі без асаблівага права голасу, як у іх прынята? Пытаньне, па-мойму, рытарычнае: такіх людзей у Расеі — адзінкі. Нават мой стрыечны брат, які жыве ў Маскве, але паходзіць з Гарадзеншчыны, ужо ня бачыць у нас народу, здатнага на самастойнае жыцьцё (дарэчы, гэта — ягоная праблема ды бяда). Прапаную вам усё ж больш зьвяртацца да сапраўдных сяброў Беларусі, а самае галоўнае — да народу Беларусі”. Подпіс: Лысевіч Міхаіл, інжынэр-канструктар, 35 гадоў. Ліда.

Зьнешняя палітыка, якую ажыцьцяўляюць цяперашнія беларускія ўлады, такая, што ад стаўленьня Масквы ў Беларусі залежыць вельмі многае — і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў культуры. Ня ўлічваць гэтую абставіну, спадар Лысевіч, азначала б сьвядома ці міжволі ўводзіць слухачоў у зман, не даваць ім аб’ектыўнай інфармацыі. Таму мы і надалей будзем даваць слова расейскім палітыкам, палітолягам, навукоўцам і журналістам — каб вы, нашыя слухачы, мелі ўсебаковае ўяўленьне пра тое так званае “саюзнае будаўніцтва”, што разгарнулася на абломках былой савецкай імпэрыі і сур’ёзна пагражае беларускай незалежнасьці.

Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну напісаў на тэму дачыненьняў царквы і дзяржавы. З гэтымі праблемамі слухач знаёмы з уласнага досьведу.

“З 1970 году я працаваў у Маларыцкай царкве чытальнікам на клірасе, потым 12 год — панамаром. Нямала пабачыў за гэты час. У тыя гады, калі панаваў ваяўнічы атэізм, ня кожны адважваўся хадзіць у храм. Даводзілася выслухоўваць рознае і мне, у тым ліку ад блізкіх людзей. Мой дзядзька працаваў начальнікам у райфінаддзеле. “Ты ганьбіш наш род”, — казаў ён мне. Ён ды яшчэ цётка, што працавала настаўніцай у Маларыце, прыкладалі нямала намаганьняў, каб я адступіўся ад сваёй рэлігійнай скіраванасьці.

Нядаўна па Беларускай Свабодзе пачуў перадачу пра вянчаньні. Згадваю, як вянчаліся ў савецкі час: часта — у вузкім коле (толькі жаніх, нявеста ды сьведкі). Замужніх і бязь сьведкаў вянчалі. Шмат вянчаньняў стала напрыканцы 1980-х гадоў, калі пры Гарбачове ўлада зьмяніла стаўленьне да царквы.

Цяпер у гэтай справе многае зьмянілася. Берасьцейская япархія прыняла нават адмысловую пастанову: асобы праваслаўнага веравызнаньня павінны тройчы быць на сумоўі ў сьвятара, зафіксаваць гэта пратаколам пры сьведках, абвесьціць сваю прыналежнасьць да праваслаўных, прыняць споведзь і вянчацца паводле праваслаўнага звычаю.

Я ведаю пра многія бакі жыцьця царквы, у тым ліку ня надта прывабныя. На жаль, прымаўка “Абы грошы — граху ня будзе” — актуальная. Таму я прыхільнік рэформы праваслаўнай царквы. Я, у прыватнасьці, супраць таго, каб бралі грошы за адпяваньне нябожчыкаў. А таксама супраць фіксаванай цаны за трэбы”, — напісаў Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Калі царква ператвараецца ў штосьці кшталту камэрцыйнага прадпрыемства, такія пытаньні ўзьнікаюць у многіх вернікаў, спадар Сац. І размова тут ня толькі пра ўвядзеньне тарыфаў на паслугі сьвятара. Руская Праваслаўная Царква спрабуе займацца камэрцыяй (у тым ліку гандляваць алькаголем), дамагаецца шматлікіх ільготаў і асаблівага месца ў дзяржаве, трапляючы ў шчыльную залежнасьць ад улады. Абгрунтоўваецца ўсё гэта часьцей за ўсё неабходнасьцю будаваць новыя храмы, што вымагае немалых выдаткаў. Але ці не атрымаецца ў выніку, што ў новых дарагіх і велічных саборах, пабудаваных на атрыманыя такім шляхам грошы, проста ня будзе каму маліцца?

Канстанцін Міронаў зь Менску ў сваім лісьце тлумачыць, чаму, на ягоны погляд, пры сёньняшняй уладзе нельга ўдзельнічаць у выбарах і рэфэрэндумах. Слухач піша:

“Пры цяперашнім выбарчым кодэксе і практыцы выбараў, што склалася за апошнія гады, верагоднасьці таго, што ў саветы любога ўзроўню трапяць хоць колькі-небудзь значныя асобы — няма. Рабіць стаўку на незалежных альбо малавядомых кандыдатаў, якія, магчыма, потым пяройдуць на пазыцыі дэмакратыі — ненадзейна. Ва ўсякім разе, доля такіх наўрад ці будзе большай, чым цяпер у Палаце прадстаўнікоў. Ды і гэтыя сябры групы “Рэспубліка” нейкія ня дужа надзейныя. Часам нават здаецца, вось-вось закрычаць “Няхай жыве Лукашэнка!”

Яшчэ адзін істотны момант — тое, што большасьць нашага насельніцтва не цікавяць няпэўныя дэмакратычныя каштоўнасьці кшталту “ўваходжаньня ў агульнаэўрапейскі дом”. Таму ва ўмовах, калі няма выбараў па партыйных сьпісах, усе кандыдаты вымушаныя рабіць ухіл у бок папулізму. І абяцаць, абяцаць, абяцаць... А галоўны папуліст у нас — вядома хто. І на гэтым полі яго не перайграеш.

Так што ўдзельнічаць у выбарах або рэфэрэндумах — бессэнсоўнае марнатраўства. З такой тактыкай Лукашэнка будзе кіраваць столькі, што пытаньне “А чаму вы ўсё яшчэ пры ўладзе?” урэшце будзе гучаць недарэчна — так, як вы задавалі б яго ангельскай каралеве. Альтэрнатыва ўсяму гэтаму ёсьць, і яна палягае ў прапановах Зянона Пазьняка”, — напісаў Канстанцін Міронаў зь Менску.

Мне ўжо не адзін раз даводзілася адказваць на падобныя пытаньні, спадар Міронаў. Ідэя байкоту выбараў і рэфэрэндумаў ня новая. Аднаго разу апазыцыя ўжо спрабавала ажыцьцявіць яе, і гэты досьвед цяжка назваць удалым. Магчыма, таму большасьць апазыцыйных дэмакратычных партыяў абіраюць іншую тактыку — дамагаючыся справядлівых, празрыстых выбараў, шляхам якіх толькі і магчыма зьмяніць уладу бяз гвалту і грамадзкіх катаклізмаў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Анатоль Кулеш зь Ліды, Віктар Бута зь Менску і Васіль Мантакоў з Гомелю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG