Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку падманвалі міністры: ён проста ня ведаў, як пакутуе народ”


Валянцін Жданко, Менск

Адной з найбольш важных падзеяў мінулага тыдня ў Беларусі сталі гучныя адстаўкі кіраўнікоў ураду. За што прэм’еру Генадзю Навіцкаму і некаторым ягоным падначаленым давялося разьлічвацца сваімі крэсламі? Ці толькі за тое, што ўвялі ў зман Аляксандра Лукашэнку і ня здолелі своечасова выплаціць вяскоўцам грошы за малако ды мяса? Вось як паспрабаваў адказаць на гэтыя ды іншыя пытаньні наш слухач зь Нясьвіскага раёну Аляксей Галынка. Ён піша:

“Вось і настаў час, калі прэзыдэнт выявіў хлусьню міністраў. Яны падманвалі яго ўсе гэтыя гады: казалі, што ўсё добра, што ягоныя распараджэньні выконваюцца. А ў сапраўднасьці народ пакутаваў. Заробкі затрымлівалі па паўгоду, за здадзенае малако і мяса ўвогуле, бывала, не плацілі гадамі. Самі начальнікі на гэтым нажываліся, а прэзыдэнту дакладвалі, нібы ў нас усё ў парадку... Але да пары збан ваду носіць...

Многія Лукашэнку ўжо ня верылі — маўляў, падманвае, як і іншыя. Але цяпер усе ўбачылі, як ён распраўляецца з урадам, які не туды вёў краіну. Нахабных чыноўнікаў прэзыдэнт хутка паставіў на месца. І так будзе з усімі, хто замінае нашаму народу жыць сумленна і заможна”.

Праблема ў тым, спадар Галынка, што ўрадам, які, паводле вас, “не туды вёў краіну”, кіруе выключна сам Лукашэнка. Толькі ён аднаасобна вызначае палітыку дзяржавы; выключна ад яго залежыць, які чыноўнік атрымае міністэрскі партфель, а які стане прэм’ер-міністрам; ён жа павінен несьці поўную адказнасьць за дзейнасьць гэтых людзей.

Многія гэтак жа, як і вы, спадар Галынка, думаюць, што Лукашэнка проста ня ведае праўды, што чыноўнікі яго падманваюць. І варта яму даведацца пра сапраўдны стан рэчаў, як усё імгненна зьменіцца: нягодных начальнікаў мудры прэзыдэнт пакарае і памяняе, і ўсталююцца справядлівасьць і заможнае жыцьцё.

Калі вы, паважаны слухач, паспрабуеце сумленна ўспомніць, колькі разоў за апошнія дзевяць год Аляксандар Лукашэнка гэтак жа публічна, перад тэлекамэрамі бэсьціў ды здымаў міністраў, то ўсьлед за гэтым немінуча паставіце сабе пытаньне: а што зьмянілася пасьля тых гучных публічных “разносаў” ды адставак? І вас, напэўна ж, насьцярожыць тая дзіўная заканамернасьць, што неўзабаве пасьля кожнага такога прынароднага лупцаваньня абвяшчалася якая-небудзь чарговая палітычная кампанія — рэфэрэндум ці выбары.

Аляксандар Корань з расейскага Вялікага Ноўгараду даслаў свой ліст электроннай поштай. Падставай для допісу стаў чэрвеньскі сюжэт нашага радыё пра выпадак, калі гарадзкія ўлады Менску вырашылі перайменаваць яшчэ не дабудаваную станцыю мэтро “Ракаўская” ў “Спартовую”, а таксама пра нечаканае вяртаньне на аб’явах у мэтро назвы станцыі “Плошча Леніна” замест “Плошча Незалежнасьці”. Слухач піша:

“Беларускую Свабоду, на жаль, слухаць не магу, бо ў нас вельмi дрэнны прыём, але кожны дзень чытаю ў Інтэрнэце. Прачытаў учора артыкул пра станцыю мэтро “Плошча Незалежнасьцi” i мяне наведала наступная думка: можа, прапанаваць Лукашэнку перанесьцi з Масквы маўзалей зь Ленiным i паставiць яго на плошчы Незалежнасьцi. Тады гэтая плошча цалкам будзе адпавядаць сваёй назьве. А ў Маскве тым часам сьціхнуць размовы пра пахаваньне Ільіча. Ды i самога Лукашэнку будзе куды пакласьці потым, як настане пара.

А каб нiшто не нагадвала пра страшную хваробу рак, трэба ня толькi станцыi “Ракаўская” зьмянiць назву, але яшчэ i ракаў, зь якiмi пiва п’юць, назваць нейк па-iншаму. З павагай, Аляксандар Корань. Вялікі Ноўгарад. Расея”.

Можна зразумець вашую, Аляксандар, іронію. Да савецкіх і камуністычных назваў беларускія ўлады заўсёды ставіліся зь вялікім піетэтам. Назвы станцыяў мэтро тут — не выключэньне. Згадваю, як вагаліся чыноўнікі пры канцы 1990 году, калі будаўнікі закончылі ўзьвядзеньне другой лініі менскай “падземкі” і паўстала пытаньне: ці пакідаць за новымі станцыямі тыя назвы, што зацьвярджаў у свой час ЦК КПБ — “Фрунзэнская”, “Пралетарская”, “Першамайская”…

Тут варта нагадаць: на двары быў уздым нацыянальнага адраджэньня, перастала быць усемагутнай кампартыя, ужо была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. І тым ня менш, усе хістаньні скончыліся тым, што назвы засталіся савецкія. Адзінае выключэньне — станцыя “Плошча Незалежнасьці”. Але і ў гэтым выпадку нават сёньня, праз трынаццаць гадоў, інтэр’ер станцыі застаўся ранейшы: ніводнай згадкі пра незалежнасьць, паўсюль імя і аблічча Леніна.

Валеры Грыцук з Магілёва выказвае ў сваім лісьце шэраг прэтэнзіяў да прыхільнікаў Зянона Пазьняка.

“Сябры, прашу вас, ня будзьце лукашэнкаўцамі наадварот. Зянон Пазьняк шмат зрабіў для Беларусі, але ягоны час канчаткова сышоў. Тое, у што ператварылася частка БНФ, якая назвала сябе КХП, ёсьць сэктай. Я казаў пра гэта на зьезьдзе БНФ яшчэ ў 1995 годзе. Але і сэкта можа эфэктыўна працаваць у пэўных кірунках — напрыклад, у справе абароны беларускай мовы альбо мэмарыялу ў Курапатах”.

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Валерыя Грыцука і заўважу, што сярод прыхільнікаў Зянона Пазьняка вызначэньне іхнай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ як сэкты, напэўна, выкліча рэзка адмоўную рэакцыю. Хоць цяжка адмаўляць той факт, што колькасьць прыхільнікаў гэтай партыі вельмі абмежаваная і што яе папулярнасьць у грамадзтве нязначная.

У сваім лісьце Валеры Грыцук з Магілёва адклікнуўся таксама на лісты прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, што прагучалі ў нашых папярэдніх праграмах.

“Дзякуй тым лукашэнкаўцам, якія пішуць вам, што пераканаліся ў падмане свайго ідала. На жаль, яны яшчэ не разумеюць, што да заможнага стабільнага жыцьця іх могуць прывесьці толькі нацыянальныя сілы. А глябалістам ды інтэгратарам нагадаю, што як дзіця ня можа адразу стаць дарослым, так і краіны, стасункі між краінамі маюць свой час росту і сталеньня. Праўда, у свой час таварыш Ленін прапаноўваў краінам пераскокваць з фэадалізму адразу ў сацыялізм. Але што з такіх спробаў можа атрымацца? Паедзьце да Туркмэнбашы ў Туркмэнію — пабачыце”, — напісаў Валеры Грыцук з Магілёва.

Тэза пра ролю нацыянальных сілаў, як супрацьвагі інтэграцыі, калі вы, спадар Грыцук, маеце на ўвазе інтэграцыю ў шырокім сэнсе, на маю думку, спрэчная. Усе эўрапейскія суседзі Беларусі, у тым ліку з былога савецкага лягеру, абралі за ўзор заможнага і стабільнага жыцьця менавіта аб’яднаную, інтэграваную Эўропу. І дзеля гэтага ім не спатрэбіўся значны гістарычны пэрыяд: усё адбылося цягам аднаго дзесяцігодзьдзя.

Алесь Марціновіч з Баранавічаў піша:

“Калі само насельніцтва Беларусі не баіцца сваёй расейскамоўнасьці, не баіцца абрусець, не баіцца прыблатнёнага рынку на расейскі манер, не баіцца эўразійскага стылю жыцьця — дык чаму ўсяго гэтага за народ баяцца Вячорка, Пазьняк, Шушкевіч, Сіўчык ды іншыя? Думаю, у іх у панчохах на кансьпіратыўных кватэрах ды ў заходніх банках някепскія грошы ад заходніх грантадаўцаў.

А дзе ж тады рэальная апазыцыя да Лукашэнкі, якая згуляе на рэальных тэмах антыпатыі народу да Лукашэнкі і лукашызму? На тэмах, якія зацікаўлена падтрымае большасьць?”

Думаю, спадар Марціновіч, палітыкі ў значна большай ступені, чым звычайныя грамадзяне, павінны прадбачыць наступствы ўладных рашэньняў, у тым ліку і небясьпеку, якую ўяўляюць для нацыі ўціск беларускай мовы, экспансія расейскіх алігархаў, згортваньне дэмакратычных свабодаў. Менавіта таму асобы, імёны якіх вы згадваеце, і засьцерагаюць людзей ад пасьпешлівых рашэньняў.

Што да выказаных у лісьце нядобрых падозраньняў — пакіну іх на вашым сумленьні. Яны не падмацаваныя ніякімі доказамі і ўзьніклі хіба што пад уплывам такіх жа галаслоўных намёкаў прапагандыстаў, што выступаюць у дзяржаўных мэдыях.

На заканчэньне кароткі ліст ад Эдуарда Тобіна са Смалявічаў. Слухач піша:

“Нас вынішчаюць, і мы гэтаму дапамагаем. Мы ня ведаем каранёў сваіх, у гэтым асноўная бяда. Нас выхоўваюць на ашуканстве, дэзінфармацыі ды хлусьні. Нацыянальнай ідэяй нашай павінна стаць вяртаньне ІМЯ свайго: мы ж існуем пад МЯНУШКАЙ. Давайце гэта прадметна абмяркоўваць, а ня енчыць ды стагнаць аб дурнотах існаваньня: так нічога ня зьменіцца”.

Ведаю, спадар Тобін: вы ўжо доўгі час намагаецеся прыцягнуць увагу да таго, што, зважаючы на гістарычныя крыніцы, Беларусь павінна б называцца Літвой, а беларусы — ліцьвінамі. Відавочна, пра гэта вы пішаце і ў апошнім лісьце, заклікаючы адмовіцца ад “мянушкі” і вярнуць “імя”. Цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць практычна, калі на мапе сьвету ўжо больш як дзесяцігодзьдзе існуюць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю Рэспубліка Беларусь і Літоўская Рэспубліка. Ды і ў грамадскай сьвядомасьці замацаваліся менавіта сучасныя, а не гістарычныя назвы.

Апошнімі днямі нам таксама даслалі лісты Аляксандар Лапцеў зь Віцебску, Віктар Курлукоў з Гомеля, Мікалай Лясовіч зь Менску і Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG