На мінулым тыдні ў Беларусі часта згадвалі падзеі другой усясьветнай вайны. Дзень 3 ліпеня ўлады абвесьцілі сьвятам незалежнасьці, хоць для большасьці беларусаў гэтая дата па-ранейшаму атаясамліваецца з вызваленьнем Менску ад нацысцкай акупацыі. Як звычайна, у гэтыя дні мы атрымліваем лісты, у якіх робіцца спроба асэнсаваць падзеі паўвекавой даўніны і ролю асобаў, якія лічацца героямі той вайны.
Ільля Копыл зь Менску адклікнуўся на ліст Аляксея Найдзены зь вёскі Цілеўшчына Мёрскага раёну, што прагучаў у аглядзе пошты 11 траўня. У ім ішла размова пра тое, што шэраг вэтэранскіх арганізацыяў дамагаюцца ўсталяваньня ў цэнтры Менску помніка савецкаму маршалу Георгію Жукаву. Слухач наракаў, што ў Беларусі гавораць і пішуць толькі пра таленты і перамогі Жукава, а слова ягоным апанэнтам не даюць. Аляксей Найдзена згадваў шматлікія паразы першых месяцаў вайны, сотні тысяч савецкіх салдатаў, якія трапілі ў нямецкі палон. Жукаў тады быў начальнікам Генштабу і намесьнікам наркаму абароны. Іншымі словамі, якраз ён за гэта і павінен несьці адказнасьць.
Былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску разьвівае гэтую тэму. Ён апісвае наступны гістарычны эпізод:
“Пасьля Бэрлінскай апэрацыі, калі сустрэліся савецкія і амэрыканскія войскі, Эйзэнхаўэр запытаўся ў Жукава, як гэта яму так хутка ўдалося разьмінаваць падыходы да Бэрліна. Наўкол жа суцэльнае міннае поле: амэрыканцы згубілі на мінах чатырох салдат — і далей рызыкаваць ня сталі. На што Жукаў адказаў: “Мы кінулі на міннае поле ў атаку стралковую дывізію. Амаль уся яна гераічна загінула, але сваімі целамі праклала дарогу на Бэрлін”.
Яшчэ адзін драматычны эпізод савецкай вайсковай гісторыі, да якога маршал Жукаў мае непасрэднае дачыненьне — манэўры на Тоцкім палігоне пад Арэнбургам з выкарыстаньнем атамнай зброі, што адбыліся ў 1954 годзе. Згадваў іх у сваім лісьце і Аляксей Найдзена. А Ільля Копыл пра той час піша так:
“На ўмоўнага праціўніка з самалёта была скінутая атамная бомба. Некаторыя вёскі загарэліся, як порах: жыхары ледзь пасьпелі выскачыць з ахопленых полымем хат. Пасьля выбуху праз эпіцэнтар прайшлі войскі, абароненыя ад радыяцыі толькі папяровымі накідкамі. Жукаў кінуў людзей у радыеактыўнае пекла гэтак жа, як некалі кідаў на міны. У будучыні ўсіх удзельнікаў манэўраў чакалі хваробы і марудная сьмерць.
На Тоцк тады ішлі цягнікі з вайскоўцамі і зь Беларускай вайсковай акругі. Можа, за гэтыя, так бы мовіць, “подзьвігі” хтосьці хоча паставіць манумэнт Жукаву ў цэнтры Менску. Асабіста я супраць гэтага. У нас ёсьць свае героі, вартыя помнікаў — Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касьцюшка, Ян Хадкевіч, Кастусь Астроскі, Кастусь Езавітаў ды шмат іншых”, — напісаў Ільля Копыл зь Менску.
Я ўжо згадваў, камэнтуючы ліст Аляксея Найдзены, што супярэчлівыя біяграфіі, бадай што, ва ўсіх савецкіх военачальнікаў. Не выключэньне і Георгі Жукаў, хоць яго больш, чым многіх іншых, шануюць удзельнікі мінулай вайны.
Напэўна, ва ўсталяваньні помніка Жукаву ў Менску не было б нічога заганнага, калі б да таго ў беларускай сталіцы належным чынам была ўшанаваная памяць нацыянальных герояў — найперш тых, якіх назвалі ў сваім лісьце вы, спадар Копыл. Пакуль жа і Беларусь, і Менск перапоўненыя манумэнтамі камуністычным дзеячам ды падзеям другой усясьветнай вайны.
Варта таксама заўважыць, што апошнім часам пра ідэю ўсталяваньня помніка Жукаву ля Дому афіцэраў у Менску на афіцыйным узроўні ня згадваюць, нават падчас пампэзных сьвяткаваньняў чарговых ваенных гадавінаў.
Ліст ад сьвятара, ярэя Аляксандра зь Пінскага раёну. Слухач піша:
“Пішу вам, бо боль і туга перапаўняюць сэрца. Мне сорамна за канкардат Філарэта (Вахрамеева) з таталітарнай уладай. Зразумела, што Беларусь ня ўстане на ногі без духоўнага адраджэньня. Але ці здабудзе ёй Філарэт гэтае адраджэньне? Як праваслаўны ярэй адкажу: не.
Дзякуючы “БДГ” ды іншай незалежнай прэсе, грамадзтву стала вядома пра масавыя псыхічныя хваробы студэнтаў Жыровіцкай сэмінарыі, пра Філарэтавых япіскапаў-гомасэксуалістаў. Ці тыя гэта асобы, якія маюць клопат пра наш народ? Не, многіх зь іх цікавяць толькі грошы, асабісты дабрабыт ды камфорт. Каб гэтая заганная сыстэма не памерла, яе кіраўнікі і шукаюць падтрымкі ўлады. Гэта не ў інтарэсах царквы, а толькі паглыбляе варажнечу паміж канфэсіямі ды спрыяе расколам”, — напісаў сьвятар зь Пінскага раёну ярэй Аляксандар.
Унутры самой праваслаўнай царквы супярэчлівае стаўленьне да гэтых асаблівых адносін з Аляксандрам Лукашэнкам. Тыя, хто падпісвалі дамову, лічаць, што гэта дасьць новыя магчымасьці (найперш фінансавыя) дзеля адбудовы цэркваў, увогуле пашырэньня і ўмацаваньня праваслаўя. Тыя, хто глядзіць далей, задаюць пытаньне: што будзе з аўтарытэтам царквы, са стаўленьнем да яе моладзі, — асабліва пасьля Лукашэнкі.
Мы дагэтуль працягваем атрымліваць лісты на разьвітаньне зь вялікім беларускім пісьменьнікам Васілём Быкавым, якога ня стала 22 чэрвеня. Вось што напісала з гэтай жалобнай нагоды Сьвятлана Бахманава з Бабруйску:
“Адыход у вечнасьць вялікага грамадзяніна Беларусі, разьвітаньне зь ім вельмі ўзрушылі мяне і выклікалі неабходнасьць напісаць аб сваіх асабістых перажываньнях. Я ўдзячная ўсемагутнаму Богу, што ў такі складаны і лёсавызначальны час для нацыі Ён даў нам шчырае і самаадданае сэрца Васіля. Гэты чалавек спаўна выканаў сваё зямное прызначэньне. Страта для нас вялікая. Але Беларусь не засталася сіратой, бо ёсьць Бог, які па сваёй вялікай любові і нашых малітвах дасьць нам прарока з душой і прадбачаньнем Быкава.
У залі Дому літаратара падумалася (даруйце за патэтыку): жыцьцё Васіля — своеасаблівы Беларускі Рэквіем, апошні акорд якога — перамога вечнай Ісьціны”, — напісала Сьвятлана Бахманава з Бабруйску.
Ведаю, спадарыня Сьвятлана, што вашыя перажываньні і думкі падзяляюць сотні тысяч людзей, для якіх сьмерць Васіля Быкава стала вялікай стратай і вялікім узрушэньнем. Як вядома, улады Беларусі вельмі хваравіта ўспрынялі маштабы пахавальнай працэсіі, якая праводзіла Васіля Быкава ў апошні шлях, а таксама той факт, што пахаваньне праходзіла пад нацыянальнай сымболікай. Гэтую ўладную ацэнку падтрымліваюць і некаторыя нашыя слухачы. Вось які ліст даслаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
“На жаль, пахаваньне Васіля Быкава апазыцыя палітызавала, ператварыўшы ў гэткі маяк новых чаканьняў (кшталту пачатку 90-х гадоў). Насамрэч жа гэта яшчэ глыбей завядзе апазыцыю ў тупік, сваім фантомным вэктарам нанясе страты рэальнаму шляху да дэмакратыі. Тым часам насельніцтва Беларусі, як гэта ні сумна, на 90, а то і на 99 адсоткаў проста не заўважыла сыходу Васіля Быкава. Што ў выпадку, напрыклад, з чэскім Вацлавам Гаўлам цяжка сабе ўявіць”, — лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
Напэўна, спадар Марціновіч, сам вы на пахаваньні не былі, а інфармацыю атрымлівалі зь дзяржаўнага тэлебачаньня. Інакш бы ведалі, што ніякіх палітычных прамоваў, заклікаў і лёзунгаў там не было. Была вялікая жалоба і вялікая згуртаванасьць дзясяткаў тысяч людзей, аб’яднаных агульным горам. Так, многія прыйшлі з нацыянальнымі сьцягамі. Але гэта тыя сымбалі, за якія змагаўся і якія лічыў сваімі Васіль Быкаў.
Сьцьвярджэньне пра тое, што беларусы не заўважылі сыходу Васіля Быкава, проста непраўдзівае — такога пахаваньня, якое адбылося 25 чэрвеня, такой колькасьці людзей, якія прыйшлі на разьвітаньне, Менск ня бачыў прынамсі некалькі дзесяцігодзьдзяў.
На заканчэньне — ліст нашай слухачкі Марыі Пацюк зь вёскі Ляхаўцы Маларыцкага раёну, якая падзялілася сваімі вясковымі прысядзібнымі клопатамі. Яна піша:
“У нашай мясцовасьці ў вясковых жыхароў нядаўна была вялікая бяда — пачалі дохнуць куры. Прыяжджалі вэтэрынары, праводзілі вакцынацыю. Але ўся птушка, якой зрабілі прышчэпкі, таксама здохла. Хоць прышчэпкі давалі ў прымусовым парадку, а за непадпарадкаваньне гаспадарам пагражалі штрафам. Думаю, прычынай магло стаць тое, што і птушку, і кармы, і насеньне часта вязуць з-за мяжы, а вэтэрынарны кантроль слабы, а то і ўвогуле яго няма”.
Марыя Пацюк зь вёскі Ляхаўцы Маларыцкага раёну таксама паведамляе, што слухае Беларускую Свабоду ўжо 30 гадоў.
“Вашыя галасы ў маім доме гучаць пастаянна, — піша слухачка. — Шмат сілаў і цярпеньня трэба вам, каб несьці сьвятло тугавухім, якія ня чуюць, а калі і чуюць, дык баяцца...”
Мы ўдзячныя вам, спадарыня Пацюк, за добрыя словы і за вашу шматгадовую вернасьць Беларускай Свабодзе.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Валянцін Паборцаў з Асіповічаў, Уладзімір Гардзейка са Смалявічаў і Алена Сурганава зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.