У лістах, якія я выбраў для сёньняшняга агляду, слухачы кожны па-свойму спрабуюць асэнсаваць прыроду цяперашняй беларускай улады, падсумаваць вынікі дзевяцігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, зазірнуць у будучыню Беларусі.
Пачну зь ліста ад пэнсіянэркі Марыі Іофэ зь Ліды:
“Добра, што ёсьць на сьвеце Радыё Свабода. Увечары слухаю вас — і нібы акунаюся ў іншы сьвет, бяз гэтай афіцыйнай хлусьні, падману, крывадушнасьці. Няблага было б, каб болей было ў вас расповедаў пра тое, як жывецца нам, простым людзям. Як лічым капейкі да пэнсіі, прыніжаемся на рынку, латаем даўно зношаныя чаравікі, а часам і корпаемся ў сьметніках. Пра гэта ж болей ніхто не расказвае.
Паглядзіш беларускае тэлебачаньне — дык яны ўсё толькі пра клапатлівага Лукашэнку, які то бібліятэку будуе, то чыноўнікаў сваіх лае, то ў хакей гуляе. Першыя гады здавалася: малады, спрытны, спуску злодзеям не дае... А цяпер, як ужо дзевяць гадоў прайшло, бачыш: пустое ўсё гэта, адна паказуха. Жыцьцё ж да лепшага не мяняецца, усё толькі горш становіцца. Які толк ад гэтага ягонага спрыту ды лаянкі? Разумныя людзі даўно ўжо гэта зразумелі, але час мінуў: цяпер Лукашэнку проста так ад улады за вушы не адцягнеш. Напэўна, давядзецца дажываць пры ім”, — напісала Марыя Іофэ зь Ліды.
Наконт тэматыкі нашых перадачаў — слушная прапанова, спадарыня Іофэ, пастараемся яе ўлічыць. Што да асаблівасьцяў Аляксандра Лукашэнкі як публічнага палітыка — так, вы, на маю думку, вельмі дакладна вызначылі адну з галоўных ягоных рысаў: уменьне падабацца публіцы, выглядаць шчырым і пераканаўчым, казаць простай, даходлівай, часта афарыстычнай мовай тое, што ад яго хочуць пачуць. Іншая рэч, што за гэтымі зьнешне пераканаўчымі словамі часта няма рэальнага зьместу — абяцаньні з году ў год паўтараюцца і гэтак жа часта не выконваюцца. За дзевяць гадоў жыцьцё беларусаў не зьмянілася ў лепшы бок, а на міжнароднай арэне дзяржава значна больш страціла, чым набыла.
Многія падзяляюць ваш, спадарыня Іофэ, пэсымістычны прагноз наконт магчымасьці хуткай зьмены ўлады ў Беларусі. Хоць, калі стомленасьць і расчараваньне ад гэтай улады стануць агульнымі — сытуацыя можа зьмяніцца даволі хутка.
Наш даўні слухач Мікола Саскевіч з Калінкавічаў даслаў новы ліст, у якім піша:
“На мой погляд, у палітычную барацьбу ў Беларусі павінен уступіць Васіль Быкаў. Яго паважае ўвесь беларускі народ: і пэнсіянэры, і вэтэраны, і калгасьнікі, і моладзь... Яму маглі б дапамагчы Івонка Сурвілла, Ніл Гілевіч. Усе разам яны здольныя згуртаваць палітыкаў вакол Зянона Пазьняка. Беларусі патрэбная моцная асоба, якая выступае за незалежнасьць і дэмакратыю. Якраз такой асобай і ёсьць Зянон Пазьняк. Колькі можна цярпець гэтае бязладзьдзе, калі народ ператвораны ў рабоў, наўкол карупцыя і галеча”.
Апроч таго, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў прапануе, каб дэмакратычная беларуская інтэлігенцыя зьвярнулася да ўраду ЗША і якой-небудзь папулярнай галівудзкай кінакампаніі з такой прапановай:
“Няхай бы яны зьнялі для нас гістарычны фільм пра нашу радзіму — Вялікае Княства Літоўскае, пра тое, як мы адбівалі напады Масковіі, як разам з палякамі бралі Маскву, як удзельнічалі ў бітве пад Венай, абараняючы Эўропу ад нашэсьця Асманскай імпэрыі. Калі б быў такі фільм, дык кожны беларус ведаў сваю гісторыю і ганарыўся сваёй краінай. І ведаў, адкуль можна чакаць небясьпекі для беларускай незалежнасьці”.
Думаю, спадар Саскевіч, што зьняць такі фільм павінны самі беларусы — на ўласныя грошы, на сваёй нацыянальнай кінастудыі. Гэта абавязак самой нацыі, калі толькі яна шануе ўласную гісторыю. На жаль, пакуль што на “Беларусьфільме” мільёны бюджэтных даляраў выдаткоўваюцца на экранізацыю не нацыянальнай клясыкі, а сумнеўных твораў расейскіх аўтараў.
Што да вашых прапановаў наконт згуртаваньня палітыкаў і ролі ў гэтым Васіля Быкава. У Васіля Ўладзімеравіча, сапраўды, бясспрэчны аўтарытэт, на які апасаецца адкрыта рабіць замах нават сёньняшняя ўлада. Ведаю, было шмат момантаў, калі Васілю Быкаву прапаноўвалі заняцца палітыкай — ён на гэта не пагадзіўся. І, напэўна, меў рацыю: у яго свая місія і свая роля ў беларускай гісторыі.
Сумнеўна гучыць вашая, спадар Саскевіч, ідэя пра тое, што славутыя пісьменьнікі павінны згуртоўваць вакол Зянона Пазьняка палітыкаў. Гэта павінен рабіць сам палітык — калі толькі ён разьлічвае на падтрымку большасьці насельніцтва і на заваяваньне рэальнай улады.
Анатоль Жэрдзеў з Гомелю не пагадзіўся з маім камэнтаром да ягонага ліста, у якім было параўнаньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з рэжымам Леаніда Брэжнева. Слухач даслаў новы ліст, у якім піша:
“Параўноўваючы цяперашнюю ўладу з брэжнеўскай, я зусім ня меў на ўвазе, што намі сёньня кіруе такі ж нямоглы і бязвольны чалавек, якім быў Брэжнеў у апошнія гады жыцьця. Але ж кожны цар альбо дыктатар мае сьвіту, безь якой улада немагчымая. Ягоныя думкі аб тым, як падмануць людзей, даходзяць да нас праз адну групоўку памагатых; да нас у кішэню ён залазіць праз другіх; б’е па галаве дубінкай — з дапамогай трэціх... Усё гэта робіцца з дапамогай грошай і з выкарыстаньнем чалавечых слабасьцяў — славалюбства, амбіцыяў.
Тое, што замест састарэлых злачынцаў прыходзяць новыя,адбываецца не таму, што наш народ такі, а таму, што ўсе тыраны і дэспаты вельмі клапоцяцца аб выгадным для сябе фармаваньні сьветапогляду. Дзіцячыя садкі ды школы знаходзяцца пад іх поўнай уладай. Успомніце дзіцячыя камуны імя Дзяржынскага, гітлерюгенд, хунвэйбінаў... Без духоўных калек злачынная ўлада існаваць ня можа.
Калі ўлада Чаўшэску ў Румыніі сканала, дык ягоныя памагатыя забілі яго без судуі сьледзтва. Бо, калі б ён быў прыцягнуты да суду, то стаў бы ня толькі абвінавачаным, але і галоўным сьведкам абвінавачаньня. “Няма чалавека — няма праблемы”. Сёньняшнім злачынцам вельмі падабаецца гэтая фармулёўка знакамітага дыктатара”, — напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.
Звычайна лічыцца, што таталітарны рэжым стварае магутную сыстэму ідэйнага панаваньня над грамадзтвам, фанатычнай веры ў свае догмы. На справе гэтыя ўяўленьні часта памылковыя. Падмурак, на якім трымаецца дыктатура — галоўным чынам страх. Як толькі страх зьнікае, учорашнія прававерныя атэісты-ленінцы адбудоўваюць Храм Хрыста-Збаўцы, валакуць з п’едэсталу Дзяржынскага, публічна паляць партбілеты. Падобнае адбывалася ня толькі ў былым Савецкім Саюзе — а і ў той жа Рымыніі, нядаўна — у Іраку... Уяўленьне пра маналітнасьць рэжыму, які стварыў Аляксандар Лукашэнка, таксама, на маю думку, памылковае. Тым больш, што нават самыя блізкія паплечнікі, якія ў свой час прывялі Лукашэнку да ўлады, вельмі хутка страцілі пасады і сталі ягонымі самымі заўзятымі апанэнтамі.
На заканчэньне ліст ад Івана Лісоўскага зь Менску. Слухач піша:
“Русіфікацыя ўсіх бакоў грамадзкага жыцьця ў Беларусі набыла пры Лукашэнку значна большыя маштабы, чым гэта было ў БССР. Сёньня змаганьне асобнага чалавека супраць дзяржаўнай палітыкі асыміляцыі амаль бясплённае. Усё справаводзтва ў Беларусі вядзецца па-расейску; усе ВНУ — расейскамоўныя; мова школьніцтва на 80% — таксама расейская. Вядзецца пасьпешлівая русіфікацыя зьнешняга афармленьня гарадоў.
Лукашэнка прымусова асымілюе беларусаў. Урал Латыпаў з дапамогай КГБ і ФСБ зьяўляецца падмуркам гэтай палітыкі. І мне вельмі сорамна за ўсё гэта. Падрастае ўнучка, якую трэба вучыць павазе найперш да сваёй зямлі, сваёй мовы... А гэта вельмі цяжка зрабіць у сёньняшніх беларускіх умовах.
І гэта ліст не нацыяналіста. Яно было б лепш зразумелым сёньняшняму кіраўніцтву Беларусі, калі б яны самі апынуліся ў падобнай псыхалягічнай, фізычнай стрэсавай сытуацыі”, — напісаў Іван Лісоўскі зь Менску.
Так, спадар Лісоўскі: беларускамоўныя грамадзяне пачуваюць сябе сёньня ў Беларусі чужымі і бяспраўнымі. Фармальна беларуская мова мае статус дзяржаўнай, але фактычна яна выцясьняецца з усіх сфэраў грамадзкага ўжытку. Вы лічыце вінаватымі ў гэтым выключна Лукашэнку, Латыпава, КГБ і ФСБ? Думаю, гэта ня ёсьць поўным пералікам вінаватых.
Аляксандар Лукашэнка заўсёды адчуваў і адчувае настроі большасьці насельніцтва: на гэтым падмурку трымаецца ягоная папулісцкая палітыка. І ў 1995 годзе ён наўрад ці пачаў бы мэтанакіраванае вынішчэньне беларускай мовы, калі б адчуваў, што гэта выкліча нязгоду і пратэсты большасьці грамадзтва. Тое, як беларускае грамадзтва адрэагавала на рэфэрэндум 1995 году і як цяпер рэагуе на русіфікацыю — ёсьць, бадай, самай вялікай пагрозай для існаваньня беларускай мовы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by