Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас, дзяцей расстралянага “ворага народу”, двойчы пазбавілі спадчыны”


Валянцін Жданко, Менск

Думка, якая гучыць у многіх лістах на тэму айчыннай гісторыі ХХ стагодзьдзя: беларускае грамадзтва яшчэ да канца не асэнсавала таго, што адбылося зь ім у выніку злачыннага камуністычнага экспэрымэнту. Таму й стала ў Беларусі магчымым тое, што ў школьных падручніках гісторыі зьнікаюць разьдзелы пра сталінскія злачынствы, а памяць ахвяраў Курапатаў дагэтуль не ўшанаваная належным чынам.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю з гэтай нагоды піша:

“Калі кажуць, што беларусы памяркоўныя, то звычайна маюць на ўвазе, што пра нас можна выціраць абутак. Неабходна змагацца з такімі стэрэатыпамі. Народ — гэта ня толькі тыя, хто жывуць сёньня. І ў народаў таксама бываюць пад’ёмы і спады. Трэба больш асьвятляць тыя моманты нашай блізкай гісторыі, пра якія гісторыкі або маўчаць (пад ціскам улады), або хлусяць, забыўшы пра чалавечую годнасьць”.

Адным з такіх важных этапаў айчыннай гісторыі Анатоль Жэрдзеў з Гомелю лічыць 40–50-я гады мінулага стагодзьдзя, калі ў Заходнюю Беларусь другі раз вярталася савецкая ўлада: сялянаў сталі зганяць у калгасы, пачалі разбураць цэрквы і касьцёлы... Слухач гэтак згадвае той час:

“Мне давялося ў тыя гады быць у Наваградку. Калектывізацыя ішла поўным ходам, але людзі змагаліся з гэтай навалай. Пра гэта я даведаўся з размовы маёй маці з братам, які ў той час працаваў нампалітам у рамеснай вучэльні Наваградку. Ён распавёў, што на той час было забіта сем сакратароў райкамаў у Заходняй Беларусі”.

Далей слухач распавядае пра такі малавядомы канфлікт наваградзкіх навучэнцаў зь міліцыяй напрыканцы 40-х гадоў. Зноў цытую ліст:

“Аднойчы пад вечар у сталоўку рамеснай вучэльні ўваліліся трое п’яных савецкіх афіцэраў, ды сталі патрабаваць абслугі. Афіцыянткі спрабавалі ўцяміць п’янтосам, што сталоўка гэтая — толькі для вучняў. Тыя ў адказ пачалі глуміцца над дзяўчатамі ды пагражаць зброяй. Тады вучні, якія там дзяжурылі, раззброілі хуліганаў ды выкінулі на вуліцу. Празь нейкі час афіцэры вярнуліся зь міліцыянтамі, каб заарыштаваць вучняў. Тыя не паддаліся. І з гэтай хвіліны пачалася вайна паміж вучнямі і міліцыянтамі, якая доўжылася больш як суткі, пакуль міліцыі не прыйшла падмога зь іншых гарадоў. І гэта пры тым, што зброяй вучняў былі толькі напільнікі ды малаткі.

Пасьля гэтага вучняў раскідалі па розных вучэльнях Беларусі — па два-тры чалавекі ў кожнае”, — распавёў у сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Цікавы і, сапраўды, малавядомы выпадак!

На пачатку 90-х гадоў, калі ў грамадзтве была вялікая ўвага да невядомых старонак гісторыі, а разгублены КГБ нават часткова зрабіў даступнымі свае сакрэтныя архівы — у беларускім друку зьявілася шмат публікацыяў пра цікавыя і драматычныя моманты айчыннай гісторыі — пра антыбальшавіцкі супраціў 20-х гадоў, пра гвалтоўную калектывізацыю і масавае зьнішчэньне людзей сталінскім рэжымам у 30-я, пра пасьляваеннае змаганьне з бальшавікамі ў Заходняй Беларусі…

Сёньня ў беларускай афіцыйнай гісторыі гэтыя тэмы зноў замоўчваюцца або перапісваюцца ва ўгоду гэтак званай “дзяржаўнай ідэалёгіі”.

Адпаведнае і стаўленьне з боку дзяржавы да людзей, якія сталі ахвярамі камуністычнага рэжыму. Вось якую гісторыю распавялі ў сваім лісьце на Свабоду спадар Абрамчук і спадарыня Літвякова зь Менску. Яны пішуць:

“Мы — дзеці рэпрэсаванага і расстралянага ў гэтак званай “справе Галадзеда і Чарвякова” Макара Абрамчука. Ён працаваў у Беларусі ў 21–28-м гадох. Прысуд выканалі 2 лістапада 1938 году. Адабралі ўсю маёмасьць, дом. Нас, траіх малалетніх дзяцей, цудам выратавала мама, аддаўшы сваім бацькам у Менск. Яе саму перасьледавалі, трымалі ў шпіталі для псыхічна хворых, як жонку “ворага народу”.

Потым бацьку рэабілітавалі. У 88-м годзе адной з нас — Абрамчук Ірыне Макараўне — савецкая ўлада дала кватэру, як дачцы рэпрэсаванага. Мама адмовілася жыць у гэтай кватэры, атрыманай за кроў мужа. Яна жыла ў сваім доме, пакінутым у спадчыну бацькамі. У 98-м годзе мама памерла, пакінуўшы нам гэты дом па вуліцы Разінскай, 82, у спадчыну. Вось тут і пачаліся нашыя пакуты.

Праз два гады пасьля сьмерці мамы дом выключаюць з жылога фонду, прызнаўшы старым, спарахнелым. Так нас другі раз пазбавілі спадчыны. І гэта ў дзяржаве, якая прэтэндуе на тое, каб называцца “прававой”, — распавялі ў сваім лісьце спадар Абрамчук і спадарыня Літвякова зь Менску.

Пакуль здараюцца такія вось гісторыі, пакуль дзеці нявінна забітых сталінскім рэжымам памятаюць сваё абяздоленае дзяцінства — датуль, відавочна, нельга лічыць, што сталінізм на былой савецкай прасторы стаў гісторыяй. Сёньняшняя дэмакратычная Нямеччына лічыць сваім абавязкам выплаціць немалыя кампэнсацыі ўсім замежным грамадзянам, якія ў той ці іншай ступені пацярпелі ад нацыстаў. А што ж расейскія (а яшчэ ў большай ступені — беларускія ўлады, якія не хаваючыся лічаць сябе пасьлядоўнікамі савецкага рэжыму)? Якую кампэнсацыю могуць атрымаць дзясяткі тысячаў ахвяраў так і не прыцягнутых да суду сталінскіх катаў? Ды ніякай — хіба што дзеля насьмешкі — разавую выплату, якой хопіць на некалькі боханаў хлеба.

Мікола Саскевіч з Калінкавічаў разважае наконт спробаў некаторых беларускіх апазыцыйных палітыкаў наладзіць кантакты з расейскімі аднадумцамі. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Пакуль што ў Расеі вельмі мала палітыкаў, якіх можна назваць эўрапейскімі. Пераважаюць тыя, у каго погляды імпэрска–каляніяльныя. Найпершае, што ёсьць у іхных думках — захоп нашае тэрыторыі й ператварэньне Беларусі ў іхную губэрню. Гэтага не хавае і сам прэзыдэнт Пуцін.

А як толькі сюды прыйдуць расейцы — пачнецца перадзел уласнасьці. Як гэта адбываецца ў Расеі — усе ведаюць. Пачнецца адстрэл нашых дэмакратычных палітыкаў, бізнэсоўцаў і проста прагрэсіўных людзей. А Лукашэнка тым часам сыйдзе ў цень і будзе адпачываць дзе-небудзь у падмаскоўным маёнтку, ні за што не адказваючы”, — напісаў Мікола Саскевіч з Калінкавічаў.

Ня думаю, спадар Саскевіч, што ў пляны Аляксандра Лукашэнкі ўваходзіць хуткі сыход у цень і адпачынак у Падмаскоўі. Памятаеце, якую бурную рэакцыю выклікала ў яго ідэя ператварыць Беларусь у расейскую губэрню, агучаная летась Пуціным? Ды і расейскі капітал пачувае сябе сёньня ў Беларусі зусім ня так камфортна, як на тое спадзяваліся маскоўскія алігархі.

Але ў Масквы ёсьць шмат магчымасьцяў ўзьдзеяньня на Лукашэнку — таму і спрабуе наладжваць кантакты з расейскай палітычнай элітаю частка беларускай апазыцыі. Наўрад ці варта бачыць у кожнай такой паездцы ў Маскву здраду і падкоп пад беларускую незалежнасьць.

Былы савецкі афіцэр Ільля Копыл зь Менску распавядае пра тое, як стаў сьведкам аднаго зь мітынгаў у цэнты Менску, у якім удзельнічалі пераважна камуністы і вайсковыя пэнсіянэры. Слухач піша:

“Генэрал з трыбуны пералічваў гэтак званыя “слаўныя перамогі” Чырвонай арміі. А калі дакладчык прыпыніўся, каб перавесьці дух, я выкрыкнуў: “Лепш скажыце, як Чырвоная армія здала немцам Менск на шосты дзень вайны ў 41-м годзе; як здала Менск тым жа немцам у 18-м; як драпала да Волгі...” Я яшчэ пра многае хацеў сказаць, але мне не далі. Хтосьці выкрыкнуў: “Гэта правакатар!” — і мяне выштурхалі.

Але я быў задаволены, што не сустрэў на мітынгу сваіх аднакашнікаў. У мяне шмат знаёмых афіцэраў у адстаўцы, і ніхто зь іх не ўваходзіць у гэтак званы “Саюз афіцэраў” і ня ходзіць на іхныя сходкі. І калі я чую ці чытаю, што ўсе адстаўнікі — прыхільнікі таталітарнай улады ў Беларусі — я абураюся. Такіх сярод нас ня больш, чым сярод якой заўгодна іншай катэгорыі насельніцтва.

Дарэчы, Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, якое існавала на пачатку 90-х гадоў, а потым было забаронена ўладаю, складалася напалову з адстаўнікоў. І адстаўнікі яшчэ спатрэбяцца, калі, ня дай Бог, узьнікне пагроза для незалежнасьці Беларусі”, — напісаў Ільля Копыл, былы афіцэр Савецкай арміі зь Менску.

Многія адстаўныя вайскоўцы, якія рана — у 40-50 гадоў — выходзяць на пэнсію — грамадзка вельмі актыўныя. Адсюль, відавочна, і ўзьнік стэрэатып пра іхную масавую прыхільнасьць да цяперашняй улады.

Асабліва такое меркаваньне было распаўсюджанае ў сярэдзіне 90-х гадоў. Цяпер масавых акцыяў вайсковых адстаўнікоў стала заўважна меньш. Як, дарэчы, менш у Беларусі стала саміх адстаўных вайскоўцаў. У савецкія часы афіцэры пад старасьць зьяжджаліся сюды ў масавым парадку — з Сыбіру, Далёкага Ўсходу, Сярэдняй Азіі. Пры Лукашэнку, як ні дзіўна, пачаўся зваротны працэс: многія адстаўнікі-пэнсіянэры пачалі перасяляцца ў Расею. Вайсковыя пэнсіі там адзін час былі ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG