Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму пры камуністах усе мелі грошы, але ня ўсе маглі купіць тое, што хацелі?”


Валянцін Жданко, Менск

Якім успрымаецца вачамі нашых слухачоў савецкае мінулае Беларусі? Якія высновы яны робяць, параўноўваючы цяперашнія рэаліі з тымі, што былі ўласьцівыя для краіны 10-15 гадоў таму? Як мяняюцца настроі тых, хто чакаў ад Аляксандра Лукашэнкі вяртаньня Беларусі на савецкія рэйкі?

У сваіх лістах нашыя слухачы па-рознаму адказваюць на гэтыя пытаньні. Вось што піша Леанід Малахоўскі зь Менску:

“Часта абмяркоўваю зь сябрамі — калі лепш жылося, пры камуністах ці цяпер. Усё ж тады была стабільнасьць, неблагая праца, зь якой цябе адміністрацыя нават пры жаданьні не магла зволіць. Заробак плацілі двойчы на месяц, у адны і тыя ж дні. І грошай як быццам хапала. Адзін вялікі мінус — на тыя грошы не было чаго купляць. Каб набыць прыстойныя імпартныя чаравікі — у чарзе паўдня трэба было душыцца. Чаргі на мэблю чакалі гадамі. Тое ж было пры Гарбачове і зь лядоўнямі, і з тэлевізарамі. Я ўжо не кажу пра аўтамабіль — каб набыць яго, трэба было стаць або героем працы, або інвалідам, або сваяком сакратара райкама партыі.

Чаму ж цяпер стала ўсё наадварот: тавараў поўна, а грошай няма? І заробкі мізэрныя, і плацяць іх нясвоечасова. А ў калгасах увогуле поўная галеча, заняпад і дэградацыя. Нікога не турбуе — маеш ты працу ці не. А страціць добрае працоўнае месца вельмі нават проста: ніхто ня лічыцца ані з прафсаюзамі, ані з тваімі абставінамі.

Ці ж нельга было выбраць нейкі трэці шлях — каб і праца была, і грошы, і каб тавары не зьнікалі?” — пытаецца ў сваім лісьце Леанід Малахоўскі зь Менску.

У Савецкім Саюзе, спадар Малахоўскі, спрабавалі даказаць, што рынкавыя законы можна замяніць дырэктывамі Дзяржплану. А грошы друкавалі, ня надта клапоцячыся пра тое, ці забясьпечаныя яны таварамі. У выніку з грашыма праблемаў не было, затое паліцы крамаў на вачах пусьцелі. І без таго ня надта багатыя валютныя рэсурсы накіроўваліся пераважна на ваенныя заводы ды на дапамогу гэтак званаму “сацыялістычнаму лягеру”.

Цяперашнюю беларускую эканоміку таксама можна назваць рынкавай толькі ўмоўна. Але пасьля многіх гадоў гіперінфляцыі і тут зразумелі, што шляхам друкаваньня пустых грошай моцную эканоміку не пабудуеш.

Што да нейкага трэцяга шляху — то беларускія ўлады адзін час вельмі актыўна гаварылі пра гэтак званы “рынкавы сацыялізм”. Але захоўваць бясплатную мэдыцыну, адукацыю ды сацыяльныя ільготы ва ўмовах, калі эканоміка засталася амаль нязьменнай, не ўдаецца. Таму пра сацыялізм больш ня згадваюць.

Увогуле, моцная сацыяльная абарона існуе толькі ў тых краінах, дзе моцная рынкавая эканоміка, дзе чалавек зацікаўлены ў тым, каб шмат працаваць і шмат зарабляць.

Ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну. Ён піша:

“Шаноўны Валянцін Жданко, працягваю з зацікаўленьнем слухаць вашыя камэнтары да лістоў слухачоў. Добразычлівыя, спагадлівыя людзі нашы б’юцца, як рыба аб лёд, шукаючы выйсьця. Гэтак званы “ўсенароднаабраны” за амаль дзевяць год аднаасобнага кіраваньня завёў краіну ў тупік. На жаль, самая адсталая частка грамадзтва па-ранейшаму застаецца глухой, абыякавай да ўсяго, што адбываецца ў краіне і з краінай, да свайго ўласнага лёсу ды да лёсу нашчадкаў. Відаць, наш народ заслужана наклікаў на сябе такую працяглую ды цяжкую, але справядлівую Божую кару.

Але не сумняюся: міне яшчэ нейкі час — і абставіны ў краіне немінуча кансалідуюць народ, загартуюць яго волю і дапамогуць адолець найвастрэйшую д’яблаву зброю — страх. І тады ў выніку непазьбежнага сацыяльнага выбуху настане, нарэшце, канец яшчэ аднаму дыктатарскаму рэжыму — гэтым разам у нас, на Беларусі”. Подпіс: Алесь Ляскоўскі, настаўнік-пэнсіянэр, 78 гадоў. Вёска Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Ня ведаю, спадар Ляскоўскі, ці варта чакаць сацыяльнага выбуху. І для людзей, і для дзяржавы шмат лепш, каб улада мянялася ў адпаведнасьці з законам, шляхам справядлівых выбараў. Паводле Канстытуцыі 94-га году, згодна зь якой абіралі Аляксандра Лукашэнку, тэрмін двух ягоных прэзыдэнцкіх тэрмінаў павінен скончыцца праз год, у ліпені 2004-га. І абірацца на новыя тэрміны ў яго няма права. Але вы ведаеце, што адбылося з Канстытуцыяй і якія пляны на далейшае прэзыдэнцтва мае Аляксандар Лукашэнка.

Але нават у такіх умовах найбольш прымальнае выйсьце — справядлівыя выбары з гарантыяй аб’ектыўнага незалежнага кантролю. Іншага спосабу займець уладу, якая б карысталася даверам бальшыні насельніцтва, чалавецтва пакуль не прыдумала.

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Анатоля Жэрдзева з Гомелю.

“Незалежная прэса ў Беларусі — толькі на словах незалежная,— піша слухач.— А для іншадумцаў у іх месца няма. Цэнзура ў выглядзе рэдактара ці рэдакцыі такіх, як я, іншадумцаў на свае старонкі не прапускаюць. Вось прыклады. 6 сьнежня 1995 году газэта “Свабода” апублікавала заметку “Эмансыпацыя па-беларуску”, у якой, на маю думку, была дапушчаная нетактоўнасьць і да жанчын наогул, і да памяці жонкі знакамітага пісьменьніка Льва Талстога. Даслаў свой водгук — безвынікова.

У другім выпадку “Народная воля” надрукавала артыкул Юрыя Хадыкі з развагамі наконт беларускага народа: аўтар абгрунтоўваў падзел яго на народ і насельніцтва. Накіраваў свой артыкул, высновы якога істотна адрозьніваліся ад тых, якія звычайна робіць “Народная воля”. Выявілася, што рукапіс пайшоў у кошык для сьмецьця.

Абурае тое, што сьветапогляд маладых нават незалежная прэса фармуе аднабакова. Гэта ня дасьць плёну ані тым газэтам, ані тым больш народу”,— напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Любая газэта, спадар Жэрдзеў, у тым ліку недзяржаўная, мае права на выбар аўтараў, на рэдагаваньне тэкстаў, на адбор лістоў для публікацыі. Гэта ня ёсьць цэнзураю ці абмежаваньнем свабоды друку. Такі ж парадак у дэмакратычным сьвеце. Свабода друку — у тым, што мусіць існаваць мноства мэдыяў, якія адстойваюць розныя палітычныя погляды. І любы чалавек мае магчымасьць выбраць тое, што яму бліжэй, што адпавядае ягоным перакананьням.

У Беларусі такі выбар, на жаль, вельмі абмежаваны. Але й тут наўрад ці выпадае абвінавачваць рэдактараў у нецярпімасьці да іншадумства толькі за тое, што яны не публікуюць нейкіх тэкстаў.

Ліст, які даслаў нам электроннай поштаю Васіль Мацкевіч зь Пінску. Слухач піша:

“Нядаўна ў Пінску сьціпла адзначылі Дзень здароўя. У гарадзкім парку купка дзяцей зьбівала кеглі і спрабавала патрапіць мячом у абклеены газэтаю кошык для сьмецьця. Узнагародай для пераможцаў былі паветраныя балёнікі ды буклеты з інфармацыяй пра правы пацыентаў шпіталяў.

Падзея, здавалася б, дробная, на яе і ўвагі зьвяртаць ці варта. Аднак цікавая дэталь: арганізатарам імпрэзы быў кіраўнік мясцовых адзьдзяленьняў праваабарончага цэнтру “Вясна” і Партыі БНФ, які дэманстратыўна прайгнараваў выбары ў мясцовыя саветы, Дзень Волі і падрыхтоўку “Чарнобыльскага шляху”.

Можа, у Пінску няма праблемаў з правамі чалавека, ці незалежным кандыдатам ня чыняць перашкодаў улады? Вядома, не.

Проста на гэтым тле выразна бачная ступень дэградацыі нашай апазыцыі. Уласных арыгінальных ідэяў няма. Вось апазыцыя і пачынае выконваць указаньні Лукашэнкі, які нядаўна падчас ідэалягічнай нарады загадаў усім грамадзкім арганізацыям “неадкладна ўзяцца за ўмацаваньне здароўя насельніцтва”. Подпіс: Васіль Мацкевіч, Пінск (e-mail: vira@tut.by).

У рэгіянальных аддзяленьнях палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў складаныя ўзаемадачыненьні з уладамі і абмежаваныя ўласныя магчымасьці. На тое шмат прычынаў, і пра іх вы, спадар Мацкевіч, відавочна, і сам добра ведаеце. Адстойваць апазыцыйныя погляды, жывучы ў невялікім горадзе ці мястэчку, складана і небясьпечна. Ці ёсьць ва ўсіх апісаных вамі, спадар Мацкевіч, падзеях віна і злыя намеры канкрэтнага актывіста, які ўзначальвае партыйную ды грамадзкую суполку ў Пінску? Магчыма, што й так. Але ў такім разе самі ягоныя партыйныя паплечнікі мусяць ва ўсім разабрацца і выказаць сваё меркаваньне падчас партыйных выбараў.

Юры Гіль зь Вільні, старшыня Таварыства беларускае мовы Віленскага краю, даслаў паведамленьне пра тое, што 28 чэрвеня ладзіць у сваім родным засьценку Вашунава, імпрэзу пад дэвізам: “З Богам, мовай, песьняй у Вашунаве”. Імпрэза прымеркаваная да 10-годзьдзя “Засьцянковай хаткі” — гісторыка-этнаграфічнага музэю, які стварыў Юры Гіль і ўжо шмат гадоў абараняе яго ад нападаў мясцовых чыноўнікаў. Пра гісторыю гэтага змаганьня мы ўжо неаднойчы распавядалі. Гэтым разам спадар Гіль разам з паведамленьнем даслаў нам копію свайго ліста Аляксандру Лукашэнку, да якога зьвяртаецца пасьля шматлікіх бясплённых спробаў дамагчыся справядлівасьці ў шматлікіх чыноўнікаў і ў судах.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сьвятлана Касьціцына з Магілёва, Мікалай Слуцкі зь Менску, Аляксей Доўгаль з Маладэчна, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў і Ўладзіслаў Голуб з Івацэвічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG