Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Куды завядзе БНФ той, хто гатоў на змову з Лукашэнкам?”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста Анастаса Семяновіча зь вёскі Бараўляны Менскага раёну. Спадар Семяновіч, які многія іншыя нашыя слухачы, спрабуе падсумаваць і асэнсаваць вынікі дзевяцігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

“Назіраю за жыцьцём і ўсё больш пераконваюся, што краіна Беларусь да пасады прэзыдэнта не гатовая, і наўрад ці будзе гатовая ў наступныя 40–50 гадоў. Нам больш падышла б парлямэнцкая рэспубліка, пры якой Вярхоўны Савет зацьвярджаў бы склад ураду, а той пэрыядычна трымаў бы справаздачу перад дэпутатамі. Не справіліся міністры са сваімі задачамі — саступайце месца іншым.

На маю думку, на гэтую тэму варта было б правесьці шырокую дыскусію з удзелам палітычных лідэраў. А потым — дамагацца ліквідацыі пасады прэзыдэнта і вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году. А што вы думаеце на гэты конт, дарагі Валянцін?” — пытаецца Анастас Семяновіч зь вёскі Бараўляны Менскага раёну.

Дыскусія такая, спадар Семяновіч, ужо была — у 1993–94 гадах, у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, падчас працы над праектам беларускай Канстытуцыі. Многія тады засьцерагалі ад увядзеньня пасады прэзыдэнта з шырокімі паўнамоцтвамі, папярэджвалі, што гэта можа стаць шляхам да аўтарытарнай дзяржавы. Аднак вырашальны голас у Вярхоўным Савеце тады мелі прыхільнікі тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча, якія не сумняваліся, што менавіта ён стане першым прэзыдэнтам.

Ажыцьцявіць зваротны пераход — ад прэзыдэнцкай рэспублікі да парлямэнцкай у сёньняшніх умовах, калі ў дзяржаве фактычна няма падзелу ўладаў, а ўсе паўнамоцтвы засяроджаныя ў руках адной асобы — надзвычай праблематычна. Незалежна ад таго, якія б дыскусіі хто ні праводзіў.

Таму апазыцыя і шукае розныя (у тым ліку нестандартныя) спосабы ўзьдзеяньня на ўладу з мэтай яе дэмакратызацыі. Шмат водгукаў выклікала ідэя, агучаная нядаўна падчас он-лайнавай канфэрэнцыі са слухачамі Свабоды намесьнікам старшыні БНФ Юрыем Хадыкам — пра магчымасьць дамовы з Лукашэнкам наконт ягонага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну наўзамен за гарантыі дэмакратызацыі Беларусі.

Міхаіл Касьянаў з украінскага гораду Севераданецку Луганскай вобласьці з гэтай нагоды напісаў:

“Не паверыў сваім вушам, калі пачуў па беларускай Свабодзе ў выступе аднаго зь лідэраў БНФ Юрыя Хадыкі згадку пра магчымасьць дамовы з Лукашэнкам наконт ягонага трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва. Дажылася апазыцыя!

Напэўна, жыцьцё яшчэ ня так ударыла ўсіх па кішэнях і па галаве, а то б у Менску на плошчы зьбіраліся ня дзьве-тры тысячы людзей, як цяпер, а мільён. І стаялі б да таго часу, пакуль Лукашэнка добраахвотна не адмовіўся ад улады. Для гэтага зброі ня трэба. Уся сіла — у масавасьці і згуртаванасьці. А калі людзі баяцца, дык няхай ведаюць: страх — галоўны занявольнік, а ганарлівасьць тых, хто ня хоча прызнаваць сваіх памылак — гэта іхная слабасьць”.

Палітычная апазыцыя ў Беларусі пасьлядоўна клікала і кліча людзей на вуліцы ўжо другі дзясятак гадоў. Апошнім часам гэтыя заклікі падтрымлівае нязначная колькасьць людзей. На тое ёсьць шмат прычынаў. Можна наракаць на запалоханасьць людзей, але трэба разумець і тое, што страх іх у многім абгрунтаваны. За ўдзел у дэманстрацыі ў Беларусі могуць зьбіць, арыштаваць, выключыць з унівэрсытэту, зволіць з працы...

Палітычныя лідэры вымушаныя з гэтым лічыцца. А значыць, шукаць і знаходзіць новыя спосабы ўзьдзеяньня на ўладу. Пра што, уласна, і гаварыў Юры Хадыка, калі агучваў сваю нечаканую ідэю пагадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам.

Уласным тлумачэньнем сёньняшніх палітычных праблемаў Беларусі падзяліўся і настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Ён піша:

“Развагі слухачоў пра тое, што ў нас, маўляў, няма палітычных лідэраў, у мяне выклікаюць некалькі пытаньняў. А ці ў лідэрстве праблема? На мой погляд, галоўнае іншае: нашае сумленьне, годнасьць кожнага беларуса. Кожны сам павінен зрабіць свой выбар, асэнсаваўшы жыцьцё вакол сябе. Унутраны стан чалавека заўсёды пратэстуе супраць несправядлівасьці, недэмакратычнасьці, хлусьні. Ды і афіцыйная інфармацыя зь дзяржаўных крыніцаў гэтаму садзейнічае.

На мой погляд, палітычнае лідэрства мае выключнае значэньне для ўсходніх цывілізацыяў. З Усходу ж прывілі гэты прынцып і нам: вось, маўляў, пан прыедзе — і ўсё наладзіцца. Ці будзе, ці стане для нас, беларусаў, наступны рэфэрэндум праверкай на нашую годнасьць, сталасьць, самасьвядомасьць?”

Пытаньне гэтае рытарычнае, спадар Волчык. Праблема ў тым, хто і як будзе лічыць бюлетэні ды падсумоўваць вынікі гэтага рэфэрэндуму. Калі тыя ж выбарчыя камісіі, што і падчас нядаўніх выбараў, і калі незалежных назіральнікаў ня будуць дапускаць на ўчасткі — у зыходзе такога, так бы мовіць, “плебісцыту” сумнявацца не даводзіцца.

Аляксей Найдзена зь вёскі Цілеўшчына Мёрскага раёну напісаў з нагоды зьвестак пра тое, што шэраг вэтэранскіх арганізацыяў дамагаецца ўсталяваньня ў цэнтры Менску помніка савецкаму маршалу Георгію Жукаву.

“Чамусьці гавораць і пішуць толькі пра таленты і перамогі Жукава, а слова ягоным апанэнтам не даюць. А хто ж тады вінаваты ў шматлікіх паразах першых месяцаў вайны, у тым, што пад акупацыю трапіла ўся эўрапейская частка СССР, а ў нямецкі палон — сотні тысяч савецкіх салдатаў? Кім тады быў Жукаў? Начальнікам Генштабу і намесьнікам наркома абароны. Іншымі словамі, якраз ён за гэта і павінен несьці адказнасьць.

Выклікаюць шмат пытаньняў і пераможныя апэрацыі пад кіраўніцтвам Жукава. Усе яны дасягнутыя цаной вялікіх ахвяраў: людзей Жукаў не шкадаваў, цэлымі дывізіямі гнаў на кулямёты. Пасьля вайны, у 1954 годзе, менавіта Жукаў кіраваў манэўрамі на Тоцкім палігоне з выкарыстаньнем атамнай зброі. У выніку тысячы вайскоўцаў загінулі адразу, тысячы паміраюць да цяперашняга часу”, — распавёў у сваім лісьце Аляксей Найдзена зь вёскі Цілеўшчына Мёрскага раёну.

Супярэчлівыя біяграфіі, бадай што, ва ўсіх савецкіх военачальнікаў, спадар Найдзена. Не выключэньне і Георгі Жукаў, хоць яго больш, чым многіх іншых, шануюць удзельнікі мінулай вайны.

Напэўна, ва ўсталяваньні помніка Жукаву ў Менску не было б нічога заганнага, калі б да таго ў беларускай сталіцы належным чынам была ўшанаваная памяць нацыянальных герояў — Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарыны, Льва Сапегі... Пакуль жа і Беларусь, і Менск перапоўненыя манумэнтамі камуністычным дзеячам ды падзеям другой усясьветнай вайны.

Георгі Маскаўчук са Слоніму даслаў нам паведамленьне пра мітынг, які правялі ў гэтым горадзе тыя, хто пацярпелі ад Чарнобылю. На мітынгу, паведамляе слухач, гаварылі пра тое, што мэдычная дапамога для многіх стала недаступнай, што заробкі не адпавядаюць росту цэнаў, асабліва на камунальныя паслугі, што дзяржаўная палітыка накіраваная на зьнішчэньне беларускай мовы; нарэшце, што ў краіне неабходныя зьмены, а Лукашэнка тым часам хоча ўсё пакінуць, як ёсьць, ды імкнецца застацца пры ўладзе яшчэ на няпэўны тэрмін. З нагоды ўсіх гэтых пытаньняў, паведаміў Георгі Маскаўчук са Слоніму, удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю.

На заканчэньне — ліст ад Андрэвуша Шчуры з расейскага сяла Шыльскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці. Ліст напісаны на дыхтоўнай беларускай мове, прытым лацінскім шрыфтам. Андрэвуш так піша пра сябе і свае мясьціны:

“Ужо трэці год я стала жыву тут, у сяле Шыльскім, ля самай ракі Вялікай. Ад маёй сядзібы да рачнога берага меней як сто крокаў. Тут, у Шыльскім, пахаваны мой бацька, Лявон Шчура. Тут жыве матуля. Тут і я вырашыў будаваць собскі дом і караніцца назаўжды. Мясьціны наўкол найпрыгажэйшыя. Да таго ж Шыльскае досыць утульнае. Натоўп дачнікаў наяжджае сюды толькі ўлетку, а ў астатні час тут ніводнай чужой душы. Для мяне гэта сапраўдны падарунак, бо людныя мясцовасьці мне недаспадобы.

Зусім побач — нейкіх 7–8 кілямэтраў ракою ўгару ад Шыльскага — колішняя дзяржаўная мяжа Рэчы Паспалітай 1772 году. А паводле Дэўлінскага замірэньня 1618 году тая мяжа ўвогуле ішла праз шыльскія перакаты — гэта значыць, праз нашае сяло. Я мяркую, недзе ў ня так каб надта далёкай будучыні зафундаваць тут, у Шыльскім, Музэй памежнае варты Кароны і Княства (назва пакуль умоўная). Дзеля гэтага ўжо год, як распачаў пошукі ўсемагчымых адпаведных зьвестак”.

Андрэвуш Шчура таксама даслаў свой фотаздымак — як ён палюе на качак у ваколіцах свайго Шыльскага.

Напісаны ліст, нагадаю, жывой беларускай мовай. Адчуваецца, што яна для Андрэвуша — родная. Я зірнуў на мапу паўночна-заходняй Расеі: ад Апочкі да расейска-беларускай мяжы сама меней дзьве сотні кілямэтраў. Было вельмі прыемна даведацца, Андрэвуш, што там, у пскоўскай “глыбінцы”, вы так беражліва захоўваеце свае беларускія карані й цікавіцеся нацыянальнай гісторыяй.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Cымон Булыга з Баранавічаў, Мікалай Лясовіч зь Менску і Мікола Саскевіч з Калінкавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG