Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лёс Cадама Хусэйна — папярэджаньне для Аляксандра Лукашэнкі”


Валянцін Жданко, Менск

Ці хутка скончацца ў Іраку баявыя дзеяньні? Якім будзе пасьляваеннае дзяржаўнае ўладкаваньне гэтай краіны? Як паўплывае сяброўства Аляксандра Лукашэнкі й Садама Хусэйна на будучыя дачыненьні Менску і Багдаду? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах нашыя слухачы.

Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца Юры Канышка з Воршы:

“Цягам дванаццаці гадоў ЗША і Вялікабрытанія цярпліва назіралі за тым, што адбываецца ў Іраку, спадзеючыся, што Хусэйн адумаецца. Не адумаўся. Гісторыя амэрыканцаў ды ангельцаў сьведчыць, што ім можна давяраць. Вялікабрытанія свае калёніі прывяла да дэмакратызацыі і дала свабоду (а некаторыя добраахвотна засталіся пры ёй). ЗША змагаюцца за жыццё нават аднаго свайго грамадзяніна, і не даруюць беззаконьня тым, хто яго ўчыніў.

А якую адзнаку можна паставіць палітыцы беларускага рэжыму? Чаму ніхто зь Вялікабрытані ці ЗША ня едзе жыць у Беларусь, а тры мільёны беларусаў жадаюць зьехаць у далёкае замежжа?

Лукашэнка шмат гаворыць пра сьветлую будучыню пад крылом Расеі. Але спытайце ў народу Фінляндыі, ці хоча ён у саюз з Расеяй — хоць бы на той падставе, што больш як сто гадоў Фінляндыя таксама ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі? Вось вам і яскравы прыклад для беларусаў. Жывем мы за 700 кілямэтраў ад фінаў, прырода, клімат там такія падобныя на нашы. А жыцьцёвы ўзровень параўнаць немагчыма.

Настане час, калі дэмакратычны сьвет яшчэ падзякуе ЗША і Вялікабрытаніі за тое, што яны ўзялі на сябе цяжар вырашэньня ірацкай праблемы. Раны вайны загояцца, у Іраку будзе законная і прадказальная ўлада, зьнікне пагроза для суседзяў гэтай краіны, з палёгкай уздыхне і ўвесь мусульманскі сьвет. Менш стане глебы для тэрарыстаў. А галоўнае — гэта будзе добрай навукай для ўсіх цяперашніх і наступных дыктатараў на гэтай грэшнай зямлі. Думаю, гэта тычыцца і Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі — сябра Мілошавіча і Хусэйна”, — напісаў Юры Канышка з Воршы.

Заўважу, спадар Канышка, што Аляксандар Лукашэнка на прыкладзе сваіх сяброўскіх узаемадачыненьняў са Слабаданам Мілошавічам мог пераканацца, чым канчаюцца блізкія кантакты з дыктатарскімі рэжымамі. Цяпер нават цяжка ўявіць, што некалькі гадоў таму ў Бялградзе ўсур’ёз гаварылі пра магчымасьць далучэньня да беларуска-расейскага саюзу. Новая Югаславія фактычна спыніла ўсялякія кантакты з афіцыйным Менскам.

Праблема, аднак, у тым, што чужы досьвед для новых дыктатараў ня дужа павучальны. Напэўна, кожнаму зь іх здаецца, што ўдасца пазьбегнуць сумнай долі сваіх папярэднікаў...

Ёсьць у нашай пошце на тэму вайны ў Іраку і іншыя лісты, зь іншымі высновамі і ацэнкамі. Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:

“Для Злучаных Штатаў закон ня пісаны, яны і ня думаюць пра закон. Але ім давядзецца разьлічвацца за ўчыненае. Кроў нявінных ахвяраў і хрысьціянскіх сьвятыняў Мэсапатаміі, на якія ступіла іхная нага, ім дорага абыдзецца. Ірак — калыска ўсяго чалавецтва, там больш як 700 старажытных помнікаў. Яны будуць разбураныя па віне ЗША. Ганьба і Пуціну з Лукашэнкам, якія дапусьцілі гэтую вайну...”

Не зусім зразумела, спадар Сац, чаму вы лічыце, што гістарычныя помнікі ў Іраку будуць разбураныя. Амэрыканскія ды ангельскія салдаты ваююць ня з помнікамі, а з войскамі Хусэйна. А сучасная зброя дазваляе пазьбегнуць разбурэньня каштоўных будынкаў.

Дзіўна таксама, што вы ўскладалі нейкія спадзяваньні ў гэтым канфлікце на Пуціна і Лукашэнку. Яны калі й маюць нейкае дачыненьне да гэтай вайны, то хіба што ўскосныя — у сэнсе верагодных паставак зброі й вайсковага рыштунку рэжыму Садама Хусэйна.

Некалькі лістоў на тэму нядаўняй ідэалягічнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Алесь Цадко з Маладэчна разважае пра тое, якія наступствы можа мець для беларускага грамадзтва ўвядзеньне новай дзяржаўнай ідэалёгіі. Слухач піша:

“Што новага можа прапанаваць Лукашэнка? Скварку і чарку? У маім родным Лебедзеве раней кожная сям’я трымала найменей карову, дзясятак курэй, двое сьвіней... Цяпер жывёлу трымаюць лічаныя людзі.

А вось з чаркай іншая справа. Так званымі “п’янымі куткамі”, дзе можна напіцца таннай і няякаснай барматухі, абгарадзілі ня толькі вёскі, але нават гарадзкія прадпрыемствы. Сьпіваецца, гіне краіна, і нараджае дэбілаў”.

Над антыалькагольнай кампаніяй савецкага ўзору канца 1980-х гадоў звычайна пацьвельваюцца. Тады, сапраўды, нарабілі шмат глупстваў з высечанымі вінаграднікамі, з карткамі на гарэлку і бясконцымі чэргамі ля вінных крамаў. Але тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі — іншая крайнасьць. Сьпіртовыя сурагаты на хімічных фарбавальніках коштам менш як даляр за паўлітра агульнадаступныя нават для падлеткаў, прычым у любы час сутак. Такога не было нават у брэжнеўскім Савецкім Саюзе, у якім, як вядома, п’янства таксама набыло масавыя маштабы. Але тады дзяржава хоць бы ўводзіла абмежаваньні шляхам дастаткова высокіх коштаў на гарэлку і скарочаным часам продажу.

Cтудэнт пэдунівэрсытэту Павал Чайкоўскі зь вёскі Кунцаўшчына Менскага раёну піша:

“Шаноўны Валянцін Жданко, я вельмі ўзрушаны антыбеларускім выступам Аляксандра Лукашэнкі на ідэалягічнай нарадзе 27 сакавіка. І хачу праз вас зьвярнуцца да ўсіх апазыцыйных партыяў і рухаў, што шануюць Беларусь, з заклікам тэрмінова гуртавацца і дамаўляцца наконт арганізацыі ўсебеларускай акцыі пратэсту супраць зьнішчэньня Беларусі антынародным рэжымам. Далей чакаць нельга, кліча Беларусь!”

Разумею, Павал, вашае ўзьнёслае жаданьне і шчыры парыў. Але, баюся, заклікаў да гуртаваньня і да акцыяў пратэсту было так шмат, што яшчэ адзін падобны заклік вялікага плёну не прынясе. Зноў жа, залішне драматызаваць сытуацыю не выпадае: выступ Аляксандра Лукашэнкі толькі падводзіць тэарэтычную базу пад тую палітыку, якую ён ажыцьцяўляе ў Беларусі ўжо дзевяць гадоў.

Ліст ад Ільлі Копыла зь Менску. Слухач піша:

“Пакуль Пуцін і Лукашэнка аддзялялі “мух ад катлетаў” і спрачаліся, як ямчэй правесьці акупацыю Беларусі — цалкам ці па абласьцях — сьцяг інтэграцыі падхапілі Лябедзька, Ярашук ды іншыя. Наступныя падзеі з паездкамі гэтых спадароў у Маскву паказалі, што Лябедзька і Ярашук — больш аднадумцы Лукашэнкі, чым лідэры апазыцыі.

Не магу пагадзіцца зь цьверджаньнямі Лябедзькі, што ў расейскай Думе яго нібыта пачулі й зразумелі. Усе думцы — амаль цалкам прыхільнікі Лукашэнкі. Лябедзька кантактуе з фракцыяй Саюзу правых сілаў. Але і Нямцоў — дэмакрат з нацяжкай. Вярнуўшыся з Чачэніі, ён сказаў, што Расея там павінна праводзіць палітыку “бізуна і перніка”. Тое ж самае казаў Мураўёў-вешальнік, калі душыў Беларусь.

...Калі ў нас ёсьць партыі, якія лічаць сябе апазыцыйнымі, то пасьля перамоваў Пуціна і Лукашэнкі яны павінны былі выступіць перад усім сьветам з заявамі наступнага зьместу: калі Пуцін і Лукашэнка не адмовяцца ад сваіх імпэрскіх амбіцыяў, мы возьмем у рукі зброю, каб абараніць незалежнасьць Беларусі. І анэксія Беларусі будзе мець для Расеі наступствы больш жахлівыя, чым яе чачэнская вайна. І трэба зрабіць так, каб пра гэтую небясьпеку ведаў кожны расеец”.

На сёньня, спадар Копыл, пагроза страты беларускай незалежнасьці не выглядае такой рэальнай і блізкай, як, прыкладам, шэсьць-сем гадоў таму. І справа ня толькі ў тым, што з прыходам Уладзімера Пуціна Аляксандар Лукашэнка фактычна страціў шанцы на самастойныя гульні (і перамогі) на расейскай палітычнай сцэне.

Важна тое, што ў сьвядомасьці саміх беларусаў мяняецца стаўленьне да беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. Мітычны саюз застаецца каштоўнасьцю і мэтай для ўсё меншай часткі насельніцтва. І з гэтым вымушаны лічыцца Аляксандар Лукашэнка.

Адпаведна, і палітычныя сілы ўнутры самой Беларусі не ўспрымаюць пагрозу расейскай анэксіі так востра, як у сярэдзіне 1990-х гадоў. Клікаць народ да зброі дзеля абароны незалежнасьці, як вы, спадар Копыл, прапануеце, сёньня выглядае ня надта своечасовым і абгрунтаваным.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Андрэвуша Шчура з расейскага сяла Шыльскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці. Ён піша:

“Нядаўна пачуў па Беларускай Свабодзе пра Ірыну Кашталян, якая ўзначальвае арганізацыю “Гісторыка”. Маю да спадарыні Кашталян пэўныя пытаньні, датычныя колішняе мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і сучаснай Пскоўскай вобласьцю Расеі. Гэта цікавіць мяне, паколькі менавіта ў Пскоўскай вобласьці я ўжо два гады як стала пасяліўся і будую вялікі дом ля самае ракі Вялікая, недалёка ад Апочкі”.

З такім лістом, а таксама з просьбай даслаць адрас аб’яднаньня “Гісторыка” зьвярнуўся да нас Андрэвуш Шчура з Пскоўскай вобласьці, з Расеі. Выконваем вашую просьбу, спадар Шчура, і разам з каардынатамі Ірыны Кашталян дасылаем некалькі каляндарыкаў зь летнім раскладам перадачаў Беларускай Свабоды.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Анастас Семяновіч з пасёлку Бараўляны Менскага раёну, Міхаіл Адаркін з Гомеля і Мікалай Слуцкі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір у пятніцы і нядзелі. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG