Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нам засталося дачакацца, калі з паліцаў крамаў зьнікне хлеб”


Валянцін Жданко, Менск

Многія слухачы на мінулым тыдні адгукнуліся на зьнешне ня надта заўважную падзею — рашэньне Нацыянальнага банку вывесьці з абарачэньня грашовую купюру вартасьцю адзін рубель. Праіснаваўшы ўсяго два гады, рубель стаў ахвярай нястрымнай інфляцыі — самай высокай па прасторах СНД.

Паводле некаторых зьвестак, Нацбанк быў ня супраць, каб пазбавіцца і ад 5-рублёвай і нават ад 10-рублёвай купюраў — выдаткі на іх выраб сёньня вышэйшыя, чым іх намінал. Але зрабіць гэта пакуль не дазволілі.

Уладзіслаў Жыгалка зь Менску так ацэньвае тое, што адбылося з рублём:

“Не магу маўчаць з нагоды зьнікненьня рублёвай купюры. Нават несьвядомаму чалавеку ясна, што ў Беларусі трэба праводзіць новую дэнамінацыю — выкрэсьліваць з купюраў яшчэ тры ці нават чатыры нулі — так, каб і адзін рубель быў важкім. Зараз толькі ў Беларусі грошы вымяраюць тонамі ці цэнтнэрамі. Такога няма ні ў кога з нашых суседзяў. Нават самыя танныя рэчы ў Беларусі каштуюць сотні і нават тысячы рублёў. Гэта сорам”.

Георгі Белаконь з Калінкавічаў таксама адгукнуўся на разьвітаньне з рублём. Ён піша:

“На першы погляд, тое, што рубель выводзіцца з абарачэньня — правільна. За рубель даўно ўжо нічога ня купіш, ён толькі стварае цяжкасьці пры разьліках. А з другога боку, хто выйграе ад акругленьня цэнаў? Для аднаго чалавека тыя некалькі рублёў — ня грошы, а вось у маштабах краіны сума атрымаецца ўнушальная.

Калі ад нас адбіралі так званыя “чарнобыльскія” выплаты — па паўтары-тры тысячы на месяц, дык абяцалі, што тыя грошы пойдуць на будаўніцтва цэнтру радыяцыйных дасьледаваньняў у Гомелі. А ў выпадку з рублём — мы што, павінны будзем аддаваць з уласнай кішэні грошы гандлярам?

Ці не зручней было б правесьці дэнамінацыю — хаця б у маштабе 1:10, і ўвесьці ў абарот беларускія капейкі”, — прапануе Георгі Белаконь з Калінкавічаў.

Прапанова пра дэнамінацыю, паважаныя спадары Жыгалка і Белаконь, слушная, але, па-мойму, нясвоечасовая. Рана ці позна Беларусі давядзецца чарговы раз адмаўляцца ад шматлікіх нулёў на купюрах, але рабіць гэта трэба тады, калі штогадовая інфляцыя будзе вымярацца адным-двума адсоткамі, калі ў краіне будзе ажыцьцяўляцца прадказальная і разумная эканамічная палітыка. А інакш — колькі нулёў ні выкрэсьлівай, празь некалькі гадоў яны зьявяцца зноў.

Беларускія ўлады, дарэчы, за апошнія 10 гадоў дэнамінацыю праводзілі ўжо двойчы — а сёньня зноў кошт многіх тавараў вымяраецца ўжо сотнямі тысяч і нават мільёнамі рублёў.

Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава незадаволены тым, як я пракамэнтаваў ягоны ліст у аглядзе, што прагучаў 3 студзеня. Нагадаю: спадар Міцкевіч — цьвёрды прыхільнік Зянона Пазьняка. Дзейнасьць Партыі БНФ, якую ўзначальвае Вінцук Вячорка, ён лічыць бясплённай. А адзінае выйсьце для беларусаў, паводле спадара Міцкевіча — сабрацца ўсім у адпаведны час у адпаведным месцы, якое вызначыць Зянон Пазьняк, і вырашаць пытаньне адхіленьня рэжыму ад улады.

Я выказаў сумнеў: ці не атрымаецца так, што заклік падтрымаюць ўсяго некалькі тысяч сяброў КХП БНФ, якія цалкам падзяляюць погляды Зянона Пазьняка і гатовыя выканаць любую ягоную каманду.

Уладзіслаў Міцкевіч маімі заўвагамі незадаволены. Ён піша:

“Абвінавачваю вас, спадар Жданко, у распаўсюдзе пэсымізму і апатыі сярод слухачоў. Вы зьдзекліва пытаецеся, ці не аб’явім мы тых, хто ня зьявіцца на шэсьце, здраднікамі. Не, шараговых беларусаў не аб’явім. І якая вам справа да колькасьці мітынгоўцаў. Ва ўсякім разе, той, хто прыйдзе, заспакоіць сваё сумленьне...

Вам што, не зразумела, што мы ўжо амаль у акружэньні. І абруч ужо пачаў сьціскацца з флангаў. Застаецца толькі адно, а гэта — збор усёй моцы і прарыў. Вы прыводзілі прыклад з гісторыі вызваленьня Польшчы ад камуністаў, сьцьвярджалі, што Валэнса карыстаўся падтрымкай народу, а вось Пазьняк — не. На тое скажу, што справа тут ня ў лідэры, а ў народзе. На выбарах 1994 году абмаскалены, палітычна цёмны народ выбраў такога ж абмаскаленага чалавека з постсавецкай прасторы. Ну, а перамагаў бы, напрыклад, у той час Зянон, дык не сумнявайцеся — КГБ-ФСБ гэтага так не пакінуў бы. Ды і што заставалася рабіць Пазьняку — хлусіць ці што, размаўляць па-расейску, альбо стаць не Зянонам Пазьняком, а Евгеніем Поздняковым?

Я яшчэ ня бачыў, спадар Жданко, больш дальнабачнага палітыка і аналітыка, чым Зянон. Яго немагчыма ашукаць: гэта вам ня Домаш і не Ганчарык. Так што лічу, што ў сваім камэнтары наконт Пазьняка вы абсалютна ня мелі рацыі”, — напісаў Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава.

Ня стаўлю сабе за мэту, спадар Міцкевіч, ні “распаўсюджваць пэсымізм і апатыю” (у чым вы мяне абвінавачваеце), ні выклікаць у слухачоў аптымізм і энтузіязм (што, верагодна, выклікала б ухваленьне з вашага боку).

Размова ішла пра тое, што дзеля таго, каб паўтарыць шлях іншых дзяржаваў Усходняй Эўропы, у якіх зьмена таталітарнай улады адбылася на вуліцах і плошчах, шляхам масавых мірных пратэстаў, патрэбна шмат умоваў. І найперш — гатовасьць да такіх пратэстаў пераважнай большасьці людзей, наяўнасьць агульнапрызнанага нацыянальнага лідэра і адпаведнай палітычнай сілы. У Беларусі сёньня гэтых умоваў, на маю думку, няма.

Вы можаце захапляцца палітычнымі здольнасьцямі Зянона Пазьняка і абвінавачваць народ у несьвядомасьці, але ў гэтым выпадку непазьбежна паўстае пытаньне: хто да каго павінен прыстасоўвацца — народ да палітычнага лідэра, ці ўсё ж наадварот?

Гэтая ж тэма — пра магчымасьць зьменаў у Беларусі шляхам “аксамітнай рэвалюцыі” — закранаецца і ў лісьце Валерыя Грыцука з Магілёва, які разважае пра мясцовыя выбары, якія неўзабаве адбудуцца ў Беларусі. Слухач піша:

“Тры гады таму, у 1999 годзе, апазыцыя не захацела ўдзельнічаць у выбарах, хоць шанец быў. Палітыкі забылі ўмовы выбараў 1989–90 гадоў. Сёньняшнія ўмовы мала чым адрозьніваюцца ад тагачасных. Добра, што зараз апазыцыя будзе браць удзел у выбарах, але яна зноў спазьняецца. Я з уласнага досьведу ведаю, што галоўнае — гэта праца канкрэтнага чалавека.

...Пачуў нядаўна па Свабодзе: кандыдаты ад апазыцыі вылучаныя толькі ў 20 адсотках акругаў. Што гэта — дэбіламанія ці летаргічны сон усіх, акрамя прэзыдэнцкай гвардыі? Ці, можа, гэта звычайны страх, што ў нас у крыві...

Зараз склалася неблагая сытуацыя, калі, так бы мовіць, “нізы ня хочуць жыць па-старому, а вярхі ня могуць кіраваць па-старому”. Засталося дачакацца, калі з паліцаў крамаў зьнікне хлеб. Памятаю, Армэнія перажыла холад, маразы без ацяпленьня кватэраў — дзеля ІДЭІ. Ці выганіць холад менчукоў ды іншых на акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня? Ці адбудзецца беларуская рэвалюцыя? Думаю, што не. Рабы ня здольныя на рэвалюцыю, ды і Спартака ў нас няма.

Прапаную ўсім патрыётам Беларусі пачаць тлумачальную працу сярод насельніцтва. Кандыдаты ў дэпутаты абавязаныя стварыць ініцыятыўныя групы камітэтаў грамадзкага самакіраваньня. Бо гэта ёсьць адзіная легальная форма працы: у іншых выпадках кандыдаты будуць зьнятыя за заўчасную выбарчую агітацыю”, — напісаў Валеры Грыцук з Магілёва.

Ня думаю, спадар Грыцук, што хутка настане час, калі беларусы застануцца бяз хлеба і безь цяпла. Апакаліптычных прагнозаў было за апошнія дзесяць гадоў шмат, ніводзін ня спраўдзіўся. Справа тут, мяркую, зусім не ў заслугах улады. Проста заставацца ў холадзе і бяз хлеба, калі жывеш пры расейскай нафтавай і газавай трубе і працуеш на сваёй зямлі — наўрад ці магчыма (пры любой уладзе).

Што да камітэтаў грамадзкага самакіраваньня, то гэта адна з многіх формаў, якія можа выкарыстаць апазыцыя ў часе выбарчай кампаніі. Ня думаю, што яна можа адыграць вызначальную ролю.

Канстанцін Міронаў зь Менску заклапочаны лёсам Пішчалаўскага замку ў цэнтры Менску, у якім месьціцца сьледчы ізалятар. Слухач паведамляе, што лёс гэтай турмы датычыць яго асабіста і таму ён вельмі ўстрывожаны намерам улады перанесьці сьледчы ізалятар куды-небудзь на ўскраіну Менску, а ў замку адкрыць нешта кшталту гатэлю ці турэмнага музэю. Канстанціна Міронава не задавальняе і тое, што некаторыя дзеячы нацынальнага адраджэньня падтрымліваюць гэтыя прапановы. Слухач піша:

“Для многіх пакаленьняў беларусаў Пішчалаўскі замак — гэта найперш турма, бастыён пакутаў, месца катаваньняў. І ў прынцыпе няважна, каго там каралі — ахвяраў камуністычных экспэрымэнтаў 1920–30 гадоў ці людзей у наш час, у любым выпадку гэта тыя, каго дзяржава і ейны закон абвесьцілі “злачынцамі”.

Пішчалаўскі замак можа існаваць толькі ў выглядзе турмы. Калі ж сьледчы ізалятар перанясуць у іншае месца, гэты будынак трэба зьнішчыць (як гэта блюзьнерскі ні прагучыць для сьвядомых беларусаў). Так, як зьнішчылі Бастылію ў Парыжы пры канцы 18-га стагодзьдзя — як сымбаль улады таталітарнай дзяржавы. А на гэтым месцы трэба ўзьвесьці помнік ахвярам таталітарнай дзяржавы і тым часам, калі людзі лічылі, што яны вышэй за Бога і могуць адбіраць і дараваць жыцьцё па ўласнай прыхамаці. І ўжо ў любым выпадку былая турма многіх пакаленьняў беларусаў ня можа стаць чымсьці гатэльна-забаўляльным”, — лічыць Канстанцін Міронаў, які падпісаў свой ліст як былы вязень Валадаркі.

Што да ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, спадар Міронаў, то месца для нацыянальнага мэмарыялу ўжо даўно вызначанае. Па сутнасьці, ёсьць ужо і мэмарыял, ён ствараецца на нашых вачах у выглядзе лесу крыжоў у Курапатах. І рана ці позна настане дзень, калі гэта месца і на дзяржаўным узроўні будзе прызнанае нацыянальнай сьвятыняй.

Ня думаю, што турму на Валадарцы, колішні Пішчалаўскі замак, калі-небудзь напаткае лёс Бастыліі. У грамадзкай сьвядомасьці яна ня стала сымбалем таталітарнага рэжыму, і яе наўрад ці будзе разьбіраць па цаглінах узбунтаваны люд. Магчыма, таму, што цярпелі пакуты там ня толькі нявінныя ахвяры рэжыму.

А ўвогуле, скляпеньні фактычна любога старадаўняга замка ў той ці іншы час іхныя валадары выкарыстоўвалі ў якасьці турмы. Калі толькі на гэтай падставе зьнішчаць гэтыя пабудовы, то ў сьвеце ўвогуле не застанецца архітэктурных помнікаў.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Павал Сац зь вёскі Ляхаўцы Маларыцкага раёну і Алег Раманкевіч з Воршы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG