Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускамоўныя павінны жыць у асобным горадзе”


Валянцін Жданко, Менск

Лісты на тэму беларускамоўнай адукацыі (і ўвогуле лёсу мовы, сфэра грамадзкага ўжытку якой усе апошнія гады звужаецца) найчасьцей вельмі падобныя адзін на другі. Гэта лісты-скаргі і лісты-абурэньні людзей, якія адчуваюць сваю бездапаможнасьць у сёньняшняй моўнай сытуацыі. Нечаканым на гэтым тле стаў для мяне ліст-ідэя студэнткі філялягічнага факультэту аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў Алены Клімовіч:

“Беларускую мову імкліва зьнішчаюць. І ня толькі ўлады, а найперш самі беларусы. Зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца тым, хто хацеў бы аддаць дзіця ў беларускамоўную клясу. Не набіраецца дзяцей на гэтыя клясы. І ці настаўнікі ў гэтым вінаватыя? Не, найперш бацькі, якія і чуць ня хочуць пра беларускую мову.

Калі ў Прыбалтыцы людзі шанавалі сваю мову, дык ніякія камуністы ня здолелі яе вынішчыць. А ў нас беларусы ўласнымі рукамі губяць сваю мову і будучыню.

Тых, каму баліць гэтая праблема — абсалютная меншасьць. Паводле маіх падлікаў, адсоткаў зь дзесяць, ня больш. Калі гэтыя людзі не згуртуюцца, мова загіне ўжо празь некалькі дзесяцігодзьдзяў. На беларускую дзяржаву, як і на большасьць грамадзтва, спадзяваньняў тут ніякіх.

Уратаваць мову, на маю думку, можа толькі энтузіязм і самаахвярнасьць людзей, гатовых на вялікі грамадзянскі ўчынак дзеля будучыні нацыі. Для прыкладу, ёсьць такая ідэя: пабудаваць хаця б адзін цалкам беларускамоўны горад. Уяўляеце — там будуць толькі беларускамоўныя школы, беларускамоўны ўнівэрсытэт, беларускамоўны гарвыканкам, беларускамоўныя крамы ... Гэты горад заселяць аднадумцы, іх ня трэба будзе ні ў чым пераконваць і ні да чаго змушаць... І гэта будзе тая адзіная ў Беларусі выспа, якая дазволіць уберагчы мову і культуру ад хуткага зьнішчэньня”.

Вашая ідэя, Алена, вельмі прыгожая, хоць і ўтапічная. Нават калі б і сапраўды знайшлося некалькі тысяч самаахвярных і бескарысьлівых людзей, гатовых на голым месцы пачаць будаўніцтва ўласнага гораду, усё роўна ўрэшце яны сутыкнуліся б зь неабходнасьцю кожны свой крок узгадняць з уладай. А стаўленьне ўлады да гэтай праблемы вядомае...

Увогуле, я не пагаджаюся з вашымі развагамі наконт таго, што нібыта найперш самі людзі вінаватыя ў заняпадзе мовы. Улада стварыла такія ўмовы, пры якіх беларускамоўныя грамадзяне на кожным кроку сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. У краіне няма беларускамоўных ВНУ і тэхнікумаў, мова выцесьненая зь дзяржаўных і грамадзкіх установаў, з гандлю і гарадзкога асяродзьдзя. Чалавек вымушаны лічыцца з гэтай рэальнасьцю, створанай дзяржаўнай моўнай палітыкай.

Ліст ад Уладзімера Пашкевіча, які адбывае пакараньне ў івацэвіцкай калёніі:

“Я не забойца і не гвалтаўнік. Сяджу за крадзеж. Адбыў ужо палову тэрміну, і вось цяпер паводле закону маю права на датэрміновае вызваленьне. Для гэтага трэба выканаць некалькі ўмоваў — каб на волі было дзе прапісацца і каб не пярэчыла мясцовая міліцыя. У Наваполацку ў мяне жыве маці, і яна гатовая мяне прапісаць. А вось зь міліцыі ў калёнію за подпісам Рыбакова прыйшоў ліст наступнага зьместу: “Супраць датэрміновага вызваленьня раней неаднаразова асуджанага Пашкевіча катэгарычна пярэчым, паколькі ён схільны да злачынстваў і на прафіляктычныя гутаркі рэагуе надзвычай адмоўна”. Такім чынам, гэты Рыбакоў перакрэсьліў усё маё астатняе жыцьцё. Мая маці – старая хворая жанчына, ёй 74 гады. Яна піша, што ўжо не спадзяецца мяне дачакацца.

У турме я ня меў і ня маю заўвагаў. Адміністрацыя напісала ў характарыстыцы, што я “цьвёрда стаў на шлях выпраўленьня”. Як жа так? Напэўна, наваполацкія міліцыянты проста помсьцяць мне, бо ў 1994-м годзе, калі мяне арыштавалі, многіх зь іх звольнілі за разгалошваньне таямніцы і за дапамогу ва ўчыненьні злачынства”.

Цяжка меркаваць, спадар Пашкевіч, пра тое, ці маеце вы рацыю, папракаючы міліцыянтаў у помсьлівасьці і залішняй жорсткасьці. Пра ўчыненыя вамі злачынствы вы нічога не паведамляеце. Але, калі меркаваць па тым, што, адседзеўшы ў турме восем гадоў, вы адбылі толькі палову тэрміну, злачынства гэтае вельмі сур’ёзнае.

Хоць, зрэшты, у практыцы беларускіх судоў нямала і такіх выпадкаў, калі надзвычай жорсткае пакараньне атрымлівалі людзі, на сумленьні якіх ня самыя небясьпечныя парушэньні закону.

Ліст ад нашага сталага слухача Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў:

“У сюжэце з Курапатаў 26-га красавіка валанцёр Сяргей даваў інтэрвію Радыё Свабода і распавёў, што ў гэты дзень урочышча наведалі муж і жонка з Глыбокага, якія пакінулі на дрэвах два абразкі і маленькі сьцяжок. Ён, напэўна, пераблытаў назвы гарадоў — бо гэта мы з жонкай прыяжджалі ў той дзень у Курапаты. Даўно хацелі пабачыць гэтае сьвятое для кожнага беларуса месца.

Я памаліўся пад тымі соснамі за ўсіх людзей, якія загінулі ад тэрору камуністычнага рэжыму. Нізкі паклон і падзяка Зянону Пазьняку, які першы распавёў праўду пра Курапаты, і былому амэрыканскаму прэзыдэнту Білу Клінтану, які ўшанаваў памяць пра ахвяраў мэмарыяльным знакам.

Наступны раз, калі паеду ў Менск, вазьму з сабой сваю дачушку. Ёй восем гадоў, я пакажу ёй Курапаты і раскажу, што рабілі зь людзьмі камуністычныя каты.

Пасьля Курапатаў мы з жонкай паехалі на Чарнобыльскі шлях. Ідучы ў калёне, я трымаў у руках два сьцягі — бел-чырвона-белы беларускі і зорна-паласаты – амэрыканскі”.

Думаю, спадар Мікалай, вашыя пачуцьці і думкі падзяляюць тысячы іншых людзей, якія альбо самі пабывалі ля намёту валанцёраў у Курапатах, альбо цягам апошніх сямі месяцаў сачылі за падзеямі вакол бестэрміновай вахты валанцёраў.

Рана ці позна ў Курапатах паўстане нацыянальны мэмарыял. Гэтая мясьціна ўжо стала сымбалем народнай трагедыі, якую перажыла Беларусь за часы камуністычнага панаваньня. Улада, якая ігнаруе гэты факт, якая чапляецца за розныя надуманыя і бяздоказныя вэрсіі, толькі дыскрэдытуе сябе ў вачах кожнага сумленнага чалавека.

Вераніка Міцкевіч з Глыбокага Віцебскай вобласьці, паслухаўшы 13 красавіка перадачу “Сымбаль веры” на тэму ўзаемадачыненьняў Царквы і бізнэсу, адгукнулася на яе вялікім расповедам пра справы ў глыбоцкім касьцёле. Спачатку яна зь цеплынёй згадвае тыя пяць гадоў, цягам якіх у касьцёле працаваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк:

“Ксёндз Уладзіслаў вельмі шмат добрага зрабіў для нашага касьцёла. Ён і клябанію пабудаваў, і сьцены пафарбаваў, і хоры пашырыў, і вокны падвойныя ўставіў, і ацяпленьне ў касьцёле зрабіў”.

Пасьля Уладзіслава Завальнюка, паводле Веранікі Міцкевіч, для касьцёла насталі горшыя часы. Слухачка называе шмат фактаў, якія, на яе думку, сьведчаць пра тое, што новы ксёндз ставіўся да сваіх абавязкаў не належным чынам.

Не магу, спадарыня Міцкевіч, агучваць у эфіры тыя зьвесткі, якія вы прыводзіце, і паўтараць вашыя абвінавачаньні. Усё гэта мае патрэбу ў грунтоўнай праверцы, якую могуць правесьці, відавочна, толькі вашая касьцельная рада ды кіраўніцтва каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Што да асобы ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, то, сапраўды, ня толькі ў вашай парафіі — вельмі многія вернікі-каталікі ва ўсёй Беларусі вельмі цёпла выказваюцца пра ягоную дзейнасьць.

На заканчэньне — кароткі ўрывак зь ліста Ігната Ярамчука зь сяла Рокасава Хусцкага раёну Закарпацкай вобласьці, што ў Заходняй Украіне:

“У нас у Закарпацьці даволі добра чуваць Беларускую Свабоду, і я часта настройваю свой старэнькі радыёпрыймач “Альпініст” на вашую хвалю. Мне вельмі падабаецца слухаць апошнія паведамленьні ды іншыя вашыя матэрыялы на беларускай мове, якая мне, украінцу, зразумелая, быццам родная. На сьвеце мала моваў, якія гэтак жа блізкія між сабою, як беларуская і ўкраінская”.

Дзякуй вам, спадар Ігнат, за увагу да нашых праграмаў і за добрыя словы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Сяргей Навумік і Ніна Кірычун зь Берасьця і Домна Лісоўская з латвійскага гораду Саласьпілса.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG