Некалькі тыдняў таму я цытаваў ліст нашага слухача Мікалая Раманава. Мікалай яшчэ два гады таму жыў у Менску, працаваў на аўтазаводзе і быў актыўным удзельнікам ўсіх акцыяў, якія наладжваў БНФ. Ужо больш як год спадар Мікалай жыве ў бэльгійскім горадзе Антвэрпэне. Праўда, адрозна ад пераважнай большасьці іншых эмігрантаў, ён зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь. У сваім лісьце Мікалай апісваў матывы, якія вымушаюць яго гэтак паступіць. Тыя развагі пра палітычную эміграцыю вельмі ўразілі нашага сталага слухача Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў. У сваім лісьце ён гэтак ушчувае мяне:
“Нядаўна вы, Валянцін Жданко, чыталі лісты да эмігрантаў і непаважліва выказаліся пра тых людзей, якія імкнуцца выехаць з Беларусі. Маўляў, трэба тут змагацца з уладай. Але як змагацца, калі многія людзі пасіўныя, многія не разумеюць, што робіцца навокал. Самі ж бачылі: на наступны дзень пасьля выбараў на плошчу ў Менску выйшлі толькі 5000 чалавек – а павінны былі выйсьці 200-300 тысяч – вось тады мы перамаглі б. А так у людзей апускаюцца рукі.
Што да мяне, то я жыву ў правінцыі і змагаюся з рэжымам як магу: пішу вам, тэлефаную на “Голас Амэрыкі”, тлумачу людзям сутнасьць гэтай улады. На выбарах падтрымаў Ганчарыка, раздаваў у горадзе брашуры зь яго праграмай, разьвешваў плякаты зь яго партрэтам. А цяпер са сваёй сямьёй хачу зьехаць у ЗША ці ў Эўропу”.
Спыню на гэтым цытаваньне ліста Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў дзеля некалькіх заўвагаў. Не было, спадар Мікалай, з майго боку непаважлівых выказваньняў на адрас людзей, якія імкнуцца выехаць зь Беларусі, як не было і заклікаў да якога б там ні было змаганьня з уладай. Чалавек сам вольны выбіраць, дзе яму жыць, якія палітычныя погляды мець, удзельнічаць у акцыях пратэсту ці падтрымліваць палітыку ўлады… Іншая справа: чалавек, які просіць у замежнага ўраду палітычнага прытулку, прэтэндуе, каб яго прызналі палітычным уцекачом – ён павінен мець дзеля гэтага важкія падставы. Ня думаю, што такімі падставамі могуць быць факт тэлефанаваньня на “Голас Амэрыкі” альбо расклейваньне апазыцыйных улётак. Крывадушным і амаральным ёсьць шлях тых людзей, якія зьнянацку становяцца так званымі “апазыцыянэрамі”, просяць запісаць іх у палітычную партыю, каб празь некалькі месяцаў, сабраўшы фотаздымкі свайго ўдзелу ў некалькіх пікетах, заяўляць заходнім міграцыйным службам пра тое, што на радзіме ім нешта пагражае за іхныя палітычныя погляды.
Вось вы, Мікалай, просіце падказаць, як можна зьехаць за мяжу найбольш простым і лёгкім чынам. Відавочна, у вашым выпадку размова ідзе пра эканамічную эміграцыю. Існуюць агенцыі і фірмы, якія займаюцца працаўладкаваньнем за мяжой. Пра многія зь іх цяпер распавядаецца ў друку, у тым ліку ў рэклямных аб’явах. У свой час у цыкле перадач “У сьвет на заробкі” гэтая тэма асьвятлялася і на Свабодзе – у інтэрнэт-архіве можна пазнаёміцца са зьместам тых перадач.
Ліст ад Тацьцяны Барэль з Асіповічаў. Спадарыня Тацьцяна лечыць дзяцей, і ўжо шмат гадоў назірае зьяву, якая вельмі непакоіць яе. Яна так піша пра гэта:
“Апошнія гадоў адзінаццаць я назіраю тэндэнцыю павелічэньня сардэчна-сасудзістых захворваньняў у дзяцей. Мае калегі ў дзіцячай кансультацыі ня раз мне заўважалі: “Ну, што ты ўсім запісваеш гэтыя шумы ды дыстаніі – яны зараз амаль ва ўсіх – што на іх зьвяртаць увагу”. Не вытрымала ўзрастаючай нагрузкі адна нашая лекарка, якая сумяшчала на паўстаўкі кардыялягічныя прыёмы: адмовілася ад сумяшчэньня.
Прывяду прыклад: у 10-м садку Асіповічаў 186 дзяцей. У 119-ці зь іх выслухоўваецца сісталічны шум у сэрцы – а гэта каля 63 адсоткаў дзяцей. На жаль, больш дакладнае дасьледаваньне правесьці немагчыма, бо ў раёне няма спэцыяліста і адпаведнай тэхнікі. А да абласнога шпіталя – тры гадзіны язды прыгарадным цягніком, які да таго ж адыходзіць а 4-й гадзіне раніцы.
Знайсьці прычыну гэтых фактаў мне не ўдавалася. Адказ на сваё пытаньне я знайшла раптоўна, калі на Чарнобыльскім шляху-2001 прачытала артыкул пра дасьледаваньне прафэсара-вязьня Бандажэўскага ў спэцвыпуску газэты "Рабочы". Прафэсар сьцьвярджае, што сэрца і сасуды маладога арганізму выбарачна ашчаджаюць радыёактыўны элемэнт, і гэта прыводзіць да іх пашкоджаньня і парушэньня функцыі. Прафесар вынайшаў эфэктыўны сродак ачышчэньня арганізма ад радыяцыі – пекцін
Аб слушнасьці дасьледаваньняў прафэсара Бандажэўскага сьведчыць факт імклівага выміраньня насельніцтва Беларусі, асабліва апошнія сем гадоў. Напрыклад, у Асіповіцкім раёне летась памерла 1013 чалавек, а нарадзіліся ўсяго 462. Першае месца сярод прычынаў сьмерці – сардэчна-сасудзістыя захворваньні – 37 адсоткаў.
…Часта з адчаем думаю пра тое, што прафесар Бандажэўскі застаецца за кратамі. Медык ня можа бяз практыкі: гэта яго прафэсійная сьмерць”.
Тацьцяна Барэль з Асіповічаў таксама зьвяртаецца ў лісьце да сваіх калегаў-пэдыятраў, тэрапэўтаў, нэўрапатолягаў, кардыёлягаў з просьбай не хаваць фактычны матэрыял, падзяліцца ім, выступіць у падтрымку прафэсара Бандажэўскага, бо гэта – справа жыцьця нацыі.
Мы досыць часта нагадваем пра лёс прафэсара Бандажэўскага, распавядаем пра яго працы, аналізуем чарнобыльскую праблему. Апошнім часам улада заўважна менш стала надаваць увагі людзям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай бяды. Ды і ў грамадзтве няма тае першапачатковай вастрыні адчуваньня небясьпекі. Тым больш каштоўныя вашыя, Тацьцяна, сьведчаньні – чалавека, які, адчуваецца, блізка да сэрца прымае гэты дзіцячы боль, што, на жаль, для многіх стаў чужым.
Уладзімір Манюк зь вёскі Аюцавічы Карэліцкага раёна напісаў нам упершыню. Увогуле, чалавек ён далёкі і ад улады, і ад палітыкі. Праўда, апошнім часам усё больш схіляецца да таго, што ў палітыцы мае рацыю Зянон Пазьняк, але гэтыя свае погляды Уладзімір асабліва не афішуе. Тым ня менш, улада сваю пільную цікаўнасьць да спадара Манюка выяўляе пастаянна. Вось як апісвае гэта слухач:
“Так хочацца жыць прыстойна і спакойна, нікога не чапаючы, далей ад гэтай улады. Але ж не даюць. Вось і 25-га студзеня мяне запыніў участковы міліцыянт – кажа, павінен зьявіцца да яго ў 13.00 дзеля фатаграфаваньня, бо яны мяне хочуць паставіць на так званы “спэцулік”, як небясьпечнага элемэнта. Я не пайшоў. І раз, і другі не пайшоў. Чаму я павінен хадзіць? Так, 23 гады таму быў у мяне грэх па маладосьці – меў судзімасьць. Але ж пасьля таго нічога крымінальнага за мной не было. Да якога ж часу мяне ня будуць лічыць за чалавека? Няўжо ім так хочацца хапаць людзей, не даваць спакойна ім жыць? Ім абы запалохаць.”
Вельмі дзіўна, спадар Уладзімір, што вас захацелі паставіць на спэцулік праз 23 гады пасьля таго, як вы адбылі пакараньне. Звычайна міліцыя назірае нейкі час – некалькі гадоў – за тымі, хто толькі што вызваліўся. Лічыцца, што гэта засьцерагае ад рэцыдываў і дапамагае змагацца са злачыннасьцю. Але доўжыцца гэта звычайна год-два, цягам якіх былы вязень павінен вярнуцца да нармальнага жыцьця. Ваш выпадак даволі дзіўны. Магчыма, вам варта ў самога ўчастковага высьветліць, у чым справа. Зразумела, што не павінен чалавек, аднойчы аступіўшыся, потым да канца жыцьця цярпець ад таго, што яго пільнуюць і яму не давяраюць.
Наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў адгукнуўся з нагоды абмеркаваньня на радыё “Свабода” артыкула публіцыста Алеся Чобата ў “Нашай Ніве” – пра беларускую бюракратыю, яе ролю ў палітычным жыцьці і значэньне для захаваньня незалежнасьці Беларусі. Спадар Алесь піша:
“Інтарэс бюракратыі – гэта інтарэс Беларусі. Менавіта бюракратыя вызначыць твар краіны. Бюракратыі не патрэбная Масква як цэнтар выданьня ўказаў “зьверху”. Яна сама хоча быць гаспадаром, а таму і без Пазьняка нікому сувэрэнітэт здаваць не зьбіраецца.
Але ёй не патрэбнае і жыцьцё паводле законаў панібрацкага і букваедскага дэмакратычнага Эўразьвязу, дзе які-небудзь шэраговы занадта прынцыповы інтэлігенцік праз суд можа дамагчыся адстаўкі міністра ці губэрнатара.
Машына беларускай бюракратыі ўмацоўваецца, яна можа змацоўваць дзяржаву зь ня меншым посьпехам, чым агульнанацыянальны пасіянарны патрыятызм у эстонцаў, літоўцаў, латышоў ці палякаў. Апору, напрыклад, можна зрабіць з добрага бэтону, а можна зварыць з жалезных бэлек: у любым выпадку добра зробленая апора прастаіць доўга”.
Не зусім пагаджаюся з апошняй вашай высновай, спадар Алесь. Па-мойму, непараўнальныя гэтыя апоры. Нацыянальная ідэя для балтыйскіх народаў была тым стрыжнем, які дапамог ім выстаяць у самыя змрочныя часы расейскай і савецкай акупацыі, а потым хутка і эфэктыўна адбудаваць незалежныя дзяржавы. А апорай для якой дзяржавы можа быць бюракратыя, што кіруецца найперш сваімі ўласнымі карысьлівымі інтарэсамі, а ва ўмовах Беларусі яшчэ і страхам аступіцца, адхіліцца ад “генеральнай лініі”?
Гэтыя самыя чыноўнікі, якія складаюць сёньня аснову лукашэнкавай вэртыкалі, у свой час служылі камуністычнай сыстэме, хоць і на дробных пасадах. І што – умацавалі, выратавалі яны тую сістэму?
Зразумела, беларускае чынавенства мае ўласныя інтарэсы, і ў пэўнай ступені яно ўжо адчула смак незалежнай ад Масквы ўлады. Але датычыць гэта хіба што вузкага кола менскіх чыноўнікаў, якія хаця б адносна самастойныя ў сваіх рашэньнях. Што да арміі вэртыкальшчыкаў у рэгіёнах, то для іх незалежнасьць ад Масквы – каштоўнасьць вельмі ўмоўная.
На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Іван Скуцэня зь вёскі Працавічы Слуцкага раёна, Алесь Шустоўскі з Барысава, Ніна Ярмалінская з Салігорска і Андрэй Валошка са Смаргоні.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.