Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас у лядоўні ёсьць і мяса, і рыба, і сасіскі, і каўбаса…”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста нашага апанэнта. Аляксандар Іваноў зь Менску напісаў, што ўжо некалькі месяцаў слухае беларускую Свабоду і часта не задаволены пачутым. Адзначу, што лісты тых нашых новых слухачоў, якія захацелі выказаць нязгоду са Свабодай, апошнім часам сталі зьяўляцца часьцей, і гэта, па-мойму, ёсьць добрай падставай для размовы. Спадар Іваноў піша:

"Ня думайце, што я апантаны прыхільнік Лукашэнкі, ці веру таму, што пішуць у "Советской Белоруссии" і гавораць па БТ. Аднак вы яшчэ ў большай ступені паказалі сваю неаб’ектыўнасьць у часе асьвятленьня выбараў. Вы асьвятлялі іх толькі з аднаго боку — боку Ганчарыка. Пра Лукашэнку — ці дрэнна, ці нічога.

Вось, напрыклад, навошта было паднімаць шум вакол бясплатнага (толькі аднаго разу) распаўсюду "Советской Белоруссии", калі апазыцыйныя газэты раздаваліся некалькі тыдняў на кожным кроку. Вы казалі, што агітатараў за Ганчарыка перасьледуюць, хапаюць міліцыянты, аднак я гэтага ня бачыў. Стаялі кожны дзень — і нічога зь імі ня здарылася".

Ёсьць прынцыповыя прычыны, спадар Іваноў, таго, што мы зьвярталі пільную ўвагу і на той мільённы наклад агітацыйнага нумару газэты "Советская Белоруссия" ў падтрымку Лукашэнкі, і на іншыя падобныя выпадкі — у прыватнасьці, на тое, што Аляксандар Лукашэнка меў практычна неабмежаваны доступ да дзяржаўнага тэлебачаньня, чаго ня мелі іншыя кандыдаты. Грошы на гэта ўлада брала зь дзяржаўнага бюджэту, з кішэні ўсіх падаткаплатнікаў. І гэта ёсьць відавочным парушэньнем закону.

Мы імкнуліся асьвятляць выбарчую кампанію поўна і аб’ектыўна. На жаль, шматразовыя нашы звароты па інфармацыю ў штаб Лукашэнкі часьцей за ўсё заставаліся без адказу. Не адрэагаваў спадар Лукашэнка і на прапанову паўдзельнічаць у нашым эфіры ў перадвыбарчых дыскусіях.

А што да перасьледу актывістаў з каманды Ганчарыка — мы цалкам адказваем за аб’ектыўнасьць той інфармацыі, якую распаўсюдзілі. Тое, што вам не давялося быць сьведкам такога перасьледу — азначае толькі тое, што вы ня надта пільна займаліся гэтай праблемай.

Яшчэ адна цытата зь ліста Аляксандра Іванова зь Менску:

"Канечне, можна ставіць пад сумнеў лічбу 75%, аднак казаць, што Лукашэнка не набраў 50% альбо што Ганчарык перамог у першым туры — проста сьмешна.

А як абрыдлі ўсе гэтыя кампраматы, якія зьлівала апазыцыя. Проста млосна было ад усяго гэтага бруду.

Калі паслухаць Радыё Свабода, то можна падумаць, што людзям у Беларусі няма чаго есьці, што тут галадаюць. Але, напрыклад, дастатак у маёй сям'і — ніжэй за сярэдні. Аднак у нас у лядоўні ёсьць і мяса, і рыба, і сасіскі, і каўбаса. А вы кажаце…"

Гісторыя зь лічбамі, спадар Іваноў, сапраўды, заблытаная. На жаль, незалежнае назіраньне і сыстэма паралельнага падліку галасоў намаганьнямі ўлады былі фактычна паралізаваныя, а афіцыйным лічбам, як вы і самі прызнаяце, веры мала. Мы пры асьвятленьні гэтай тэмы імкнуліся адлюстроўваць розныя меркаваньні і ацэнкі.

А вось што да сацыяльных прабемаў у Беларусі, то, хоць вы і пішаце, што дастатак у вашай сям'і ніжэй за сярэдні і пры гэтым у лядоўні ў вас усё ёсьць, — вельмі многія нашы слухачы з вамі не пагадзіліся б. Вось што піша на гэтую ж тэму, напрыклад, Аляксандар Балабашкін з Наваполацку:

"На невясёлыя думкі наводзіць сёньняшняе жыцьцё. Відавочна, што краіна каціцца назад. Дайшло да таго, што нават пракарміць сябе ня можам.

Зусім пра іншае распавядае дзяржаўнае радыё. Слухаю яго — і згадваю старую байку савецкіх часоў. Тым, хто незадаволены, што няма чаго есьці, трэба ўключаць лядоўню не ў электрычную, а ў радыёразэтку. Уключыце, напрыклад, у 6.10 раніцы — і да паловы сёмай у вашай лядоўні будуць і яйкі, і мяса, і масла, і малако са сьмятанай…

Я тут успомніў, у Беларусі ж хутка чарговае дзяржаўнае сьвята — гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі. Па традыцыі ў такі час прынята дзякаваць — і за шчасьлівае дзяцінства, і за вясёлую старасьць, і за ўсебаковую падтрымку сялянства.

Той, хто жыве ў горадзе і мае састарэлых бацькоў у вёсцы, паспытаў на сабе, што гэта за ўсебаковая падтрымка. Падтрымліваюць адны другіх — бацькі дзяцей, а дзеці бацькоў — каб з голаду не паўміралі.

Што казаць пра нейкага асобнага чалавека, калі дажылі да таго, што нават усім калгасам ня могуць назьбіраць грошай на трактар. Затое ствараюць камісію ў складзе дэпутата, старшыняў калгасу і сельсавету, каб высьветліць, ці сапраўды настаўніца-пэнсіянэрка (і да таго ж інвалідка) не магла палоць калгасныя буракі", — напісаў Аляксандар Балабашкін з Наваполацку.

Вось такія, спадар Іваноў, назіраньні пра сёньняшнюю будзённасьць у іншых нашых слухачоў, і такіх лістоў у пошце шмат. Заўважу, што свой ліст Аляксандар Іваноў заканчвае такімі словамі:

"…Я не разьлічваю на тое, што мой ліст вы прачытаеце ў эфіры, бо вы чытаеце толькі тыя лісты, якія вам даспадобы. Аднак ведайце, што ня ўсе вашы слухачы вас падтрымліваюць".

Як бачыце, падозраньні вашыя, спадар Іваноў, ня спраўдзіліся. Мы ахвотна вядзем размову з усімі нашымі слухачамі, і з тымі, хто не падзяляе нашае пазыцыі — у першую чаргу.

Ліст ад Ірыны Рабік, настаўніцы зь Менску. Яна таксама мае заўвагі да асьвятленьня выбарчай кампаніі ў Беларусі. Цытую яе ліст:

"Цяпер часта разважаюць пра тое, што пасьля 11 верасьня сьвет зьмяніўся. І чамусьці рэдка аналізуюць тое, як зьмянілася Беларусь пасьля 9 верасьня. Тыя 75% галасоў прымушаюць ненавідзець усіх наўкол.

Здаецца, ведаю, што ніхто з маіх знаёмых (і іхных знаёмых) за Лукашэнку не галасаваў, але часам усе наўкол уяўляюцца мне ягоным электаратам. Хочацца выплюхнуць на іх сваю нянавісьць і агрэсію. Я ім не давяраю, адчуваю сябе згвалтаванай, зьняважанай.

Гэтыя нахабныя адсоткі не такія бяскрыўдныя. Гэта такі ж тэрор уладаў, за які хочацца помсьціць. І такія пачуцьці ў многіх. Нам таксама патрэбна дапамога псыхоляга, інакш зробімся "варашылаўскімі стралкамі". Гэтая так званая "элегантная" перамога прывяла да расколу ў грамадзтве, пасеяла зло, зьнішчае талерантнасьць і яшчэ невядома да чаго прывядзе грамадзтва. А вы неяк прайшлі міма гэтай праблемы", — адзначыла ў сваім лісьце Ірына Рабік, настаўніца зь Менску.

Сапараўды, пільнай увагі на гэтую праблему, спадарыня Ірына, мы не зьвярталі. Хоць мушу нагадаць, што падобныя адчуваньні й перажываньні значная частка грамадзтва вымушаная была перацярпець цягам апошніх сямі гадоў не аднойчы.

У спадарыні Ірыны ўласны погляд на тое, якой павінна быць палітычная сыстэма ў Беларусі.

"Неяк у прэсе Міхаіл Пастухоў выказваўся пра тое, што ня варта, каб пэнсіянэры ды моладзь да 21 году галасавалі. Думаю, ён мае рацыю. Больш таго, выбіраць прэзыдэнта ў нас увогуле не павінны наўпрост. Напрыклад, у Эстоніі прэзыдэнта абірае парлямэнт. У нашай краіне, дзе дэмакратыяй і не пахла, гэта было б тым больш лягічна. Ды і людзі ведалі б, што пакуль не дарасьлі да дэмакратыі, ня вартыя яе", — лічыць менская настаўніца Ірына Рабік.

Размова пра тое, якой магла б быць палітычная сыстэма ў Беларусі, спадарыня Ірына, была актуальная гадоў восем таму, калі прымалі Канстытуцыю. Сёньня цяжка ўявіць, што ў ёй у сьціслыя тэрміны могуць адбыцца колькі-небудзь істотныя зьмены.

Хоць, зрэшты, і выбары прэзыдэнта парлямэнтам пры нясьпелай дэмакратыі здольныя прывесьці да ня дужа прыемнага выніку. Дзеля гэтага найперш трэба мець дэмакратычна абраны парлямэнт, чаго ў Беларусі пакуль няма.

На заканчэньне — ліст ад Уладзіслава Міцкевіча з Браслава. Ён піша:

"Так, выбары былі сфальшаваныя, але нічога страшнага і непрадбачанага не адбылося. Гэтага трэба было чакаць. Папросту ішла барацьба між Лукашэнкам і былой кебічаўскай намэнклятурай. Тых жа, хто называюць сябе дэмакратамі, але пры гэтым езьдзілі ў Маскву, запэўнівалі яе ў сваёй прыхільнасьці да інтэграцыі і саюзу, адраджэнцамі і апазыцыянэрамі не назавеш.

Прабачце, але было сьмешна слухаць перад выбарамі разважаньні некаторых вашых палітолягаў у перадачах за круглым сталом. Так званая "аб’яднаная апазыцыя" так і не засвоіла, што дыктатарскія рэжымы праз выбары ўладу не аддаюць", — напісаў Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава.

Зьмена ўлады, спадар Уладзіслаў, (у тым ліку і ўлады недэмакратычнай) адбываецца рознымі шляхамі, часта і праз выбары. Дастаткова згадаць, якімі рознымі былі падзеньні камуністычных рэжымаў ва Ўсходняй Эўропе напрыканцы 1980-х гадоў. І напярэдадні выбараў у Беларусі сытуацыя вымагала таго, каб разглядаліся і сур'ёзна аналізаваліся розныя сцэнары, паводле якіх маглі разгортвацца падзеі ў Беларусі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксей Хароліч з Кіева, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Сяргей Шышлакоў з украінскага сяла Навасёлаўка Вальнянскага раёну Запароскай вобласьці, Тамара Храпавіцкая з Паставаў, Ільля Копыл зь Менску, Уладзімер Баброўнік з Гомеля і Кшыштаф Віктароўскі з Кельцаў, з Польшчы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG