У гэтыя апошнія перад галасаваньнем 9 верасьня дні амаль усе лісты нашых слухачоў — на тэму выбараў. І ў большасьці допісаў людзі на падставе ўласных назіраньняў за агітацыйнай кампаніяй і за датэрміновым галасаваньнем дзеляцца трывожнымі развагамі і ня дужа радаснымі чаканьнямі.
Вось які ліст даслаў нам Віктар Федасевіч зь вёскі Курчоўцы Воранаўскага раёну. Ён піша:
"Калі сочыш за выбарчай кампаніяй, складваецца ўражаньне, што перамены ў грамадзтве патрэбныя толькі невялікай купцы людзей. Большасьць жа пачувае сябе гледачамі, пасыўнымі назіральнікамі. Іх не цікавіць, што ўлада робіць усё магчымае, каб сфальшаваць выбары, што перасьледуюць грамадзкія арганізацыі і незалежную прэсу, што міліцыя зьбівае на вуліцах тых, хто адважыўся пратэставаць супраць такіх парадкаў.
І самае страшнае — нават пасьля таго, як стала вядома аб дакумэнтах пра датычнасьць улады да палітычных забойстваў, народ працягвае зацята маўчаць і рабіць выгляд, быццам усё гэта адбываецца недзе ня ў нас. Хоць на месцы зьніклых сёньня можа апынуцца любы, каго рэжым палічыць небясьпечным для сябе".
Далей Віктар Федасевіч аналізуе прычыны гэтага і бачыць іх найперш у гістарычных бедах беларусаў — страце дзяржаўнасьці, русіфікацыі, сталінскіх рэпрэсіях, вынішчэньні рэлігіі. Віктар Федасевіч піша, што ў 1994 годзе быў упэўнены, што ў другі тур выбараў выйдуць Зянон Пазьняк альбо Станіслаў Шушкевіч — і перажыў глыбокае расчараваньне, калі адбылося па-іншаму. Цяпер ён больш стрыманы ў спадзяваньнях:
"Будзе цуд, калі 9-га верасьня Госпад Бог возьме кіраўніцтва ў свае рукі, каб вырашыць нашыя праблемы зямныя. Няма сумневу, Лукашэнка не захоча добраахвотна аддаць уладу. Ён пакліча спэцназ, Паўлічэнку, вышкаленае на вучэньнях войска, каб адгарадзіцца ад абураных людзей. Але тады яшчэ хутчэй наблізіцца крах Лукашэнкі. Яму тады не мінуць лёсу румынскага дыктатара Чаўшэску. Бо сіла, як вядома, спараджае сілу ў адказ", — напісаў Віктар Федасевіч зь вёскі Курчоўцы Воранаўскага раёну.
Думаю, Віктар, што большасьць людзей усё ж усьведамляе, ШТО адбываецца наўкол. Пытаньні пра тое, чаму на тэлебачаньні з раніцы да вечара відаць толькі адзін твар і чуваць толькі адзін голас?; дзеля чаго людзей гвалтам зганяюць на датэрміновае галасаваньне?; чаму на ўчасткі не дапускаюць незалежных назіральнікаў? — задаюць сабе многія. І многія самі знаходзяць адказы на гэтыя пытаньні.
Адна кіяскёрка ў цэнтры Менску, калі нашыя журналісты куплялі ў яе сёньня прэсу, заўважыла: за дзень у яе не набылі ніводнага нумара "Советской Белоруссии". Нават пра Брэжнева, кажа, так не пісалі, як сёньня пішуць дзяржаўныя газэты пра Лукашэнку.
Ліст ад нашага даўняга слухача Ільлі Копыла зь Менску — таксама пра магчымыя вынікі выбараў. Ён піша:
"Выбары ў Беларусі — гэта якраз той выпадак, пра які казаў Сталін: "Ня важна, як прагаласавалі — важна, як палічылі". Усё ідзе да таго, што вынікі выбараў будуць сфальшаваныя. Дзеля гэтага ўжо ўсё зроблена:
паслухмяны склад камісіяў;
датэрміновае галасаваньне;
галасаваньне па хатах;
абмежаваньне колькасьці назіральнікаў.
Сцэнар "Каштуніца" ў нас не атрымаецца. Каб правесьці дэмакратычныя выбары, Лукашэнку трэба адхіліць ад улады прымусова, што малаверагодна. Застаецца адно — румынскі варыянт", — лічыць Ільля Копыл зь Менску.
Ня думаю, спадар Копыл, што да Беларусі цалкам можна дапасаваць ці то югаслаўскі, ці то румынскі варыянты зьмены ўлады. Вельмі розныя ў гэтых краінах і палітычная сытуацыя, і грамадзкая сьвядомасьць, і міжнароднае становішча. У Беларусі будзе свой, беларускі варыянт. А тое, што пасярод кантынэнту працяглы час ня можа існаваць востраў, улады якога кідаюць выклік дэмакратычнаму сьвету ды імкнуцца ўсталяваць таталітарныя парадкі — мне здаецца, відавочна.
Уладзіслаў Жыгалка зь Менску ў сваім лісьце адказвае тым, хто вырашыў на выбарах не падтрымліваць ніводнага з кандыдатаў альбо ўвогуле не ісьці галасаваць. Слухач піша:
"Заклікаць цяпер да байкоту выбараў ці выкрэсьліваньня ў бюлетэнях усіх — гэта дэзэртырства ці глупства. Бо гэта было б найлепшай дапамогай уладам. Але калі нашы людзі гэткія, дык, можа, яны і сапраўды заслугоўваюць такой улады. Ня хочуць жыць добра — няхай жывуць гэтак, як жылі дагэтуль. Але асабіста я жадаю ўсім жыць па-людзку — дзеля чаго трэба толькі пайсьці ды прагаласаваць за Ганчарыка".
Ідэя байкоту ці галасаваньня супраць усіх выглядае сёньня, і сапраўды, бясплённай. Відавочна, што ў грамадзтве вялікае жаданьне да пераменаў, і большасьць людзей на выбары пойдзе. А нявыкарыстаныя бюлетэні — гэта лішняя магчымасьць для тых, хто схільны дамагчыся перамогі Лукашэнкі любой цаной.
Наш сталы слухач са Слоніму Аляксей Арочка піша пра свае ўражаньні ад таго, як у гэтыя дні асьвятляе выбарчую кампанію дзяржаўнае тэлебачаньне. Цытую ягоны ліст:
"Я вэтэран, мне 73 гады. Слухаю вас пастаянна. Пішу вам пад уплывам некалькіх апошніх праграмаў Беларускага тэлебачаньня, якія вядуць Зімоўскі, Казіятка, Новікаў. Гэта зьдзек зь людзей, з чалавечай маралі, зь Беларусі. А наконт фільмаў Азаронка — дык у мяне, старога чалавека, не хапае словаў, каб выказаць сваё абурэньне. Гэта невукі і хамы. Больш нельга цярпець такіх зьдзекаў. Хопіць ужо, пазьдзекаваліся".
Таксама на тэму дзяржаўных мэдыяў — ліст ад Ігара з Наваполацку. Пра сябе Ігар паведамляе, што яму 28 гадоў, што жыць цяжка, але ён не засмучаецца і апанаваны творчым пошукам. Слухач прыдумаў, як яму падаецца, удалы спосаб, як здабыць доступ да эфіру дзяржаўнага радыё. Ён піша:
"Часам слухаю праграму "Разговор по существу", у якой ліюць на апазыцыю бруд. Адметнасьць гэтай перадачы ў тым, што яна ў жывым эфіры і туды можна патэлефанаваць. Можа, людзі баяцца, але там тэлефанаваньняў прыхільнікаў Лукашэнкі значна больш, чым званкоў дэмакратычна настроеных слухачоў. На працягу перадачы сустракаюцца толькі 1-2 такія тэлефанаваньні. Мая ідэя ў тым, каб дамовіцца, згуртавацца і ў момант гучаньня гэтай праграмы адразу задаць вядучым гэтай праграмы шмат непрыемных для ўлады пытаньняў — напрыклад, пра зьніклых, пра агітацыю за Лукашэнку, пра жабрацкія заробкі…" — прапануе Ігар з Наваполацку.
Тое, што ў гэтай праграме гучыць мала пытаньняў ад апанэнтаў улады, зусім не азначае, Ігар, што такіх тэлефанаваньняў мала. Папросту ўсе званкі праходзяць папярэднюю фільтрацыю, адбор. Ці трапяць яны ў эфір — залежыць толькі ад аўтара праграмы. Так што ідэя ваша, на жаль, невыканальная. Дзеля таго, каб на дзяржаўным радыё гучалі розныя думкі й меркаваньні, патрэбна зусім іншае — каб гэтае радыё не абслугоўвала адну асобу, каб яно было разьняволенае, каб працавала ва ўмовах сумленнай канкурэнцыі.
Ліст ад Алеся Яцкевіча зь Віцебску. Ён піша:
"Я інвалід. Працую, але заробкі мае, калі параўноўваць з цэнамі, не перавышаюць і дзесяці колішніх савецкіх рублёў. Хаця я маю вышэйшую адукацыю — скончыў Ленінградзкі інстытут культуры. Хацеў узяць працу на баку, але там аблілі брудам і звольнілі. Прасіў уладу — пытаньне засталося ня вырашанае. Нашай уладзе зусім не патрэбны чалавек, працаўнік культуры, які піша вершы, малюе, піша музыку, валодае інструмэнтамі".
Адметна, што гэты ліст напісаны ў той момант, калі афіцыйна абвешчана, што Аляксандар Лукашэнка выканаў сваё даўняе абяцаньне, і сярэдні заробак у краіне ў большасьці жыхароў дасягнуў 100 даляраў.
На заканчэньне — ліст ад нашага сталага слухача зь Менску, які падпісваецца ініцыялам "М". Ён піша:
"Што павінны рабіць дэмакраты дзеля таго, каб зьменшыць фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня? Папярэдзіць, што ўдзел у галасаваньні да 9-га верасьня ёсьць саўдзелам у фальсыфікацыі, а заклік да такога галасаваньня — крымінальнае злачынства; што сябры выбарчых камісіяў, якія будуць удзельнічаць у фальсыфікацыях, рана ці позна адкажуць за гэта як за злачынства".
Слухач таксама станоўча ацэньвае тое, што за выбарамі будуць назіраць расейскія прадстаўнікі. Ён піша:
"Фактычна ўдзел старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму Вешнякова ў складзе эўрапейскіх назіральнікаў вызначае пазыцыю Расеі. Калі Вешнякоў падтрымае пазыцыю эўрапейцаў (а яны ў выпадку фальсыфікацыяў вынікі выбараў не прызнаюць) — гэта будзе азначаць, што і Расея не прызнае Лукашэнку за законнага прэзыдэнта. Калі ж Вешнякоў пойдзе насуперак эўрапейцам, то тым самым паставіць пад сумнеў і справядлівасьць усіх расейскіх выбараў, у тым ліку выбараў прэзыдэнта Пуціна. Уладзімер Пуцін ужо вызначыўся і Лукашэнку не падтрымлівае".
Думаю, паважаны слухач, што высновы вашы ўсё ж заўчасныя і не падмацаваныя пераканаўчымі доказамі. Дастаткова ўважліва паглядзець гэтымі днямі расейскія тэлеканалы, у тым ліку дзяржаўныя, каб пераканацца, што Масква ў дачыненьні да падзеяў у Беларусі паводзіць сябе вельмі асьцярожна — адкрыта Лукашэнку не падтрымлівае, але й ягоным апанэнтам слова стараецца не даваць.
У сваім лісьце слухач М. таксама наракае на тое, што лісты дасылае часта, а згадваю я пра іх не заўсёды. "Хаця б паведамце, што атрымалі, а то ня ведаю, ці не перахопліваюць іх", — скардзіцца ён.
Дзеля таго, каб паведаміць, шаноўны слухач, трэба ведаць вашыя адрас і імя. Вы ж ні таго, ні другога ніколі не пазначаеце. Прыдумайце сабе хоць бы псэўданім, калі хочаце захаваць ананімнасьць.
На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Аляксандры Красоўскай зь Віцебску, Андрэя Валошкі са Смаргоні, Івана Федаровіча зь Менску, Міхася Федарука зь Берасьця, Домны Лісоўскай з Даўгаўпілсу (Латвія).
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.