Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас сябры выбарчых камісіяў і самі могуць прагаласаваць за любога чалавека…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Пытаньне, якое найчасьцей задаюць слухачы ў сваіх лістах у гэтыя жнівеньскія дні: "Ці ўдасца дамагчыся таго, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сумленнымі й справядлівымі?" Згадваючы досьвед мінулых выбарчых кампаніяў, аўтары многіх лістоў на Свабоду выказваюць сумнеў, што зьмены адбудуцца.

Вось што піша на гэтую тэму Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбіненты Мядзельскага раёну:

"Зноў бачу ў раённай газэце сьпіс выбарчых камісіяў — і зноў тыя самыя людзі: і мясцовы брыгадзір, які тры гады адбываў умоўнае пакараньне за тое, што зьбіў чалавека; і бібліятэкарка сельгасліцэю Тамара Шаблінская, якая пяць год таму падчас рэфэрэндуму езьдзіла па вёсках са скрыняй. І тады мне давялося галасаваць і за маці, якая пайшла ў касьцёл, і за пляменьніка, якога таксама не было ў хаце — бо ня мог адчапіцца.

Лукашэнка ўжо некалькі разоў заяўляў, што застанецца прэзыдэнтам. Ахвотна веру, бо ў нас сябры выбарчых камісіяў і самі могуць прагаласаваць за любога чалавека".

Так, спадар Лявіцкі, тое, як адбывалася фармаваньне выбарчых камісіяў (ня толькі ў вас — па ўсёй Беларусі) дае сур’ёзныя падставы сумнявацца, што выканаўчая ўлада імкнецца да выбараў празрыстых і сумленных. Тым важнейшая на гэтых выбарах будзе роля незалежных назіральнікаў. Іншага спосабу засьцерагчыся ад несумленных гульняў і сфальшаваных вынікаў выбараў на сёньня ўжо няма.

Пётар Лявіцкі таксама распавядае пра ўласны досьвед адносінаў зь мясцовымі ўладамі цягам апошніх сямі гадоў. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

"Як я магу ставіцца да цяперашняга рэжыму, калі за сем гадоў панаваньня Лукашэнкі апынуўся ў галечы? Працы ў нашай Сьвірскай акрузе няма — толькі дабіты да ручкі мясцовы калгас, дзе трэба працаваць задарма. Ужо тры гады я — афіцыйна зарэгістраваны беспрацоўны. Зьвяртаўся па дапамогу да мясцовай вэртыкалі, да старшыні Мядзельскага райвыканкаму Чарнушэвіча. Мала таго, што ніяк не дапамаглі, дык яшчэ мяне ж зрабілі дурнем і лайдаком. Маўляў, ёсьць калгас — бяры вілы і працуй задарма. А я страціў працу не з уласнага жаданьня, а ў сваім калгасе бяз грошай яны няхай самі працуюць. Застаецца толькі ісьці красьці ці жабраваць. І чаму я пасьля ўсяго павінен галасаваць за гэтага Лукашэнку?

Уважліва слухаю вашы перадачы, бо даўно ўжо ня веру хлусьні, якая цэлы дзень гучыць з радыёкропкі. Дарэчы, кропкі ў мяне ўжо і няма — выкінуў", — напісаў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбіненты Мядзельскага раёну.

Ілона Мядзьведзкая зь Менску таксама лічыць, што зьмена ўлады Беларусі неабходная, аднак вялікага даверу ні да каго з кандыдатаў яна ня мае. І тлумачыць гэта наступнымі прычынамі:

"Слухаю я гэтых дэмакратаў — і згадваю Лукашэнку, якім ён быў у 1993-м і 1994-м гадах. Тады ён таксама салодка сьпяваў. Абяцаў перасаджаць усіх зладзюг-чыноўнікаў — а потым аказалася, што сам назьбіраў вакол сябе прайдзісьветаў яшчэ большых. Кляўся, што зробіць журналістаў свабоднымі — а дзяржаўныя газэты, тэлебачаньне і радыё зрабіў яшчэ больш агіднымі і цынічнымі, чым былі за Кебічам; казаў, што ня рвецца да ўлады, і называў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы паводле Канстытуцыі 1994-га году "царскімі" — але ўрэшце растаптаў тую Канстытуцыю ды перапісаў яе такім чынам, каб ніхто іншы і блізка ня мог прэтэндаваць на ўладу — ні парлямэнт, ні суд яму цяпер ня ўказ.

Згадваю гэта дзеля таго, што задумваюся: вось выберам мы, напрыклад, Ганчарыка. Але дзе гарантыя, што не атрымаем "Лукашэнку нумар два" — хоць, можа, і не такога зацятага. Ці захоча ён, атрымаўшы неабмежаваную ўладу, дзяліцца ёю? Ці не адмовіцца ад усіх папярэдніх дамоўленасьцяў?" — напісала Ілона Мядзьведзкая зь Менску.

На маю думку, спадарыня Ілона, важна ўжо тое, што такія дамоўленасьці — і пра зьмену сыстэмы ўлады, і пра наступныя парлямэнцкія выбары, і пра будучыню дэмакратычных інстытутаў, а таксама нацыянальнай мовы і сымболікі — існуюць, прычым у пісьмовым, дакумэнтальным выглядзе.

Так, нейкіх звышнадзейных гарантыяў таго, што гэтыя дамоўленасьці ня будуць парушаныя — няма. Мне здаецца, галоўная гарантыя ў гэтай справе — асабістыя якасьці палітыка, ягоны папярэдні палітычны досьвед.

Таксама на тэму выбараў ліст ад Андрэя Валошкі са Смаргоні. Андрэй спрабуе паглядзець на гэтую праблему вачыма верніка. І вось да якіх высноваў прыходзіць:

"Мой сябар, шчыры хрысьціянін, на пытаньне, ці чакае ён сыходу Лукашэнкі, адказаў гэтак: "За кіраўнікоў трэба толькі маліцца, каб Бог даваў ім розуму і сілы. Усё ў Божых руках, і Яго воля не супярэчыць толькі нашым шчырым добрым малітвам".

Я ўпэўнены, што сябар прагаласуе супраць Лукашэнкі, а зь яго слоў я зразумеў, што трэба прасіць Бога пра лепшы для Беларусі вынік выбараў.

Я не заклікаю сядзець склаўшы рукі і толькі маліцца. Не, трэба дзейнічаць — таму я і пішу гэты ліст. Бо Бог робіць цуды сам рэдка, у асноўным ён робіць цуды нашымі рукамі, па нашай малітве.

Я асабіста замоўлю ў касьцёле імшу напярэдадні выбараў, каб Беларусь атрымала патрэбнага ёй зараз кіраўніка, і заклікаю ўсіх хрысьціянаў прасіць у Бога за сваю Бацькаўшчыну. Толькі Бог можа дапамагчы ў любой справе, нават у той, у якой мы нічога не разумеем — так, як многія беларусы нічога ня ведаюць і не разумеюць пра сваю краіну, пра сябе і пра свае патрэбы, як нацыі", — напісаў Андрэй Валошка са Смаргоні.

Найбольш я зьвярнуў увагу, Андрэй, на вашу зусім слушную заўвагу, што не выпадае ў гэтай сытуацыі сядзець склаўшы рукі і толькі маліцца.

Што да асэнсаваньня месца Беларусі й беларусаў у сьвеце, то цікавы ліст на гэтую тэму даслаў нам Язэп Паўловіч з гораду Зігэну, з заходняй Нямеччыны. Ён таксама лічыць, што многія беларусы нічога ня ведаюць пра сваю краіну, і часткова ўскладае віну за гэта і на нас. Цытата зь ягонага ліста:

"Вы паддаяцеся агульнапрынятаму меркаваньню, што краіна наша малая, а таму кволая і нямоглая — "трапяткі кляновы лісточак на суровых вятрах гісторыі", як казаў адзін зь лідэраў апазыцыі. Прыняты шэраг краінаў дзеля параўнаньня — Літва, Латвія і г.д. Так павялося яшчэ ад часоў Савецкага Саюзу. Такая звыклая размова вядзецца, напрыклад, у вашай рубрыцы па пісьмах слухачоў.

Але як гэта можна? Наша Беларусь па плошчы (207 тысяч квадратных кілямэтраў) большая за Літву, Латвію, Эстонію ды Калінінградзкую вобласьць Расеі, разам узятыя. Гэта столькі ж, колькі прыкладна тэрыторыя былое ФРН (да ўключэньня ў яе склад ГДР) альбо Англіі без Паўночнае Ірляндыі. Вось слушны шэраг для параўнаньня!

Іншая справа, што насельніцтва нашмат меншае, чым у гэтых краінах, і з так званаю "народнаю гаспадаркаю" зараз вялікая напруга, ды многа іншых праблемаў. Але ня ўсім жа, як нам, "пашчасьціла" мець суседкай Расею і быць у яе складзе амаль дзьвесьце год.

Трэба болей распавядаць пра Беларусь, бо людзі жывуць у краіне і нават яе геаграфіі ня ведаюць, ня кажучы ўжо аб чым іншым.

Вельмі важна дапамагчы людзям пераадолець псыхалягічныя ўстаноўкі савецкага часу аб тым, што ў нас нічога няма і Беларусь бяз вонкавай дапамогі нічога ня вартая. Трэба абудзіць гонар і годнасьць народу — незалежна ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў", — лічыць Язэп Паўловіч зь нямецкага гораду Зігэну.

Не зусім з вамі згодзен, спадар Язэп. Тое, што ў якасьці прыкладаў для параўнаньня мы найчасьцей бярэм Літву, Латвію, а таксама Польшчу і Ўкраіну, мае важкія падставы. Яшчэ зусім нядаўна, перад распадам Савецкага Саюзу і Варшаўскага блёку гэтыя краіны мелі падобныя эканамічныя паказчыкі, у іх быў прыблізна аднолькавы жыцьцёвы ўзровень, падобныя стартавыя ўмовы дзеля рынкавых пераўтварэньняў. І якраз параўнаньне з гэтымі краінамі здольнае дапамагчы людзям зарыентавацца ў тым, ці ў правільным кірунку рухаецца Беларусь. А ўрэшце абудзіць і гонар, і годнасьць.

У гэтым сэнсе чыста геаграфічны прынцып для параўнаньня, які вы прапануеце, наўрад ці слушны. Плошча краіны — зусім ня сьведчаньне яе магутнасьці й дабрабыту. Для прыкладу, паводле плошчы Расея большая за ўсіх, у тым ліку за Злучаныя Штаты, а ейны дзяржаўны бюджэт тым часам сувымерны з муніцыпальным бюджэтам толькі аднаго амэрыканскага гораду — Нью-Ёрку.

На заканчэньне — ліст ад Уладзімера Дрэўскага зь Менску, які падпісаўся гэтак: "Паляшук. Пэнсіянэр. Партызан". Ён піша:

"Дасылаю вам ліст касманаўта Клімука, які ён напісаў Пуціну і Лукашэнку і ў якім просіць як мага хутчэй зьнішчыць незалежнасьць Беларусі. Ну, што тут скажаш пра гэтага Клімука. (Як, зрэшты, і яшчэ пра аднаго касманаўта-беларуса — Кавалёнка. У 1991-м годзе Кавалёнак разам з Лукашэнкам выносіў бел-чырвона-белы сьцяг у залю Вярхоўнага Савету, а потым ён жа патрабаваў зрабіць дзяржаўнай расейскую мову.)

І Клімук, і Кавалёнак даўно ужо расейскія грамадзяне. Няхай бы і займаліся сваімі расейскімі касьмічнымі справамі. Але ж іх цягне ў палітыку. Самі пакінулі радзіму добраахвотна, а нас хочуць пазбавіць радзімы гвалтам", — напісаў Уладзімер Дрэўскі зь Менску. І зь ім, відавочна, пагодзяцца многія, хто назірае, як у ня самых чыстых палітычных мэтах выкарыстоўваюцца імёны, што здабылі вядомасьць у іншую эпоху і зусім не на палітычнай ніве.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG