Многія нашыя слухачы ў сваіх лістах намагаюцца разважаць пра тое, якой будзе Беларусь пасьля верасьня 2001 году. Прагнозы збольшага ня надта аптымістычныя. Дэмакратычная апазыцыя дагэтуль ня вызначылася з адзіным кандыдатам, а ўлада Аляксандра Лукашэнкі, як насёньня, выглядае непахіснай. Адсюль і сумнеў у тым, што ў такіх умовах магчымыя сур’ёзныя зьмены. Наш даўні слухач і аматар паліталягічных роздумаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў наступным чынам аналізуе сытуацыю:
"Набліжаецца верасьнёўская катастрофа 2001. Пазьняк пойдзе на выбары. Домаш вымушаны будзе ваяваць з Лукашэнкам на ягоным ідэалягічным полі, і тут Домаш не перайграе Лукашэнку. Пазьняк яшчэ больш дыскрэдытуе дэмакратыю, зьвязаўшы яе са сваёй пячорнай лютай нянавісьцю. І Лукашэнка пераможа ў першым жа туры, набраўшы адсоткаў 60.
Дыктатура застанецца. Грамадзтва астыне, увойдзе ў рынак паводле мадэлі Казахстану ці Кіргізіі. Палітычныя партыі засохнуць. Рэальнай сілай, здольнай з часам супрацьстаяць Лукашэнку, застанецца толькі бізнэс-намэнклятура, якая таксама захоча панаваць не паводле закону Гавэла, але паводле закону Акаева і Назарбаева. І менавіта ёй Лукашэнка потым перадасьць уладу.
Да 2006 году нягеглыя нацыянал-дэмакраты нічога ня здолеюць супрацьпаставіць гэтай сіле. Група вакол Домаша з розных прычынаў ня зможа стварыць магутны блёк (збольшага празь нянавісьць да гэтай ідэалёгіі нацыянал-дэмакратаў з БНФ). Пазьняк ужо сёньня абвінавачвае Домаша, Чыгіра і Ганчарыка ва ўсіх сьмяротных грахах".
Спыню на гэтым цытаваньне ліста Алеся Марціновіча з Баранавічаў каб заўважыць, што гэта — адзін з магчымых сцэнароў, але, на маю думку, ня самы верагодны.
Вы, Алесь, у сваіх аргумэнтах актыўна апэлюеце да ўплыву на сытуацыю кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту, і асабіста Зянона Пазьняка. Хоць сёньня гэты ўплыў, па-мойму, зусім не такі значны і фатальны, як вы сьцьвярджаеце. І дыягназ ваш, які вы вызначылі для сёньняшняй дэмакратычнай апазыцыі, таксама, на маю думку, запозьнены. Вось вы пішаце:
"Беларуская дэмакратыя ня хоча жыць ад каранёў, ад народу, ад прагматыкі, ад штодзённасьці. Дэмакраты спрабуюць па-пазьнякоўску павучаць народ, ляпіць на свой лад ягоны мэнталітэт, размаўляць зь ім не на адной мове".
Сьцьверджаньні гэтыя, выглядае, былі актуальныя некалькі гадоў таму, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў і наступных так званых "рэфэрэндумаў". Сёньня сытуацыя зьмянілася, і вашыя абвінавачаньні можна дапасаваць хіба што да нязначнай часткі апазыцыі, якая не захацела ўлічваць урокаў найноўшае гісторыі.
Таксама пра гістарычныя ўрокі і высновы — ліст ад Валер'я Грыцука зь Менску. Ён піша:
"Паслухаў я па Свабодзе інтэрвію зь Мечыславам Грыбам. Сумна стала. Гэты чалавек шмат зразумеў за мінулы час, але далёка ня ўсё. Найперш, ён павінен быў папрасіць прабачэньня ў беларусаў за тое, што ня змог, ня ўсё зрабіў, каб захаваць нацыянальныя сымбалі. Па-другое — прабачэньня перад зьбітымі дэпутатамі, за тое, што не запатрабаваў знайсьці бандытаў.
Але, канечне, у тых падзеях віна ня толькі спадара Грыба. Усё пачалося раней. На мяжы легітымнасьці прынялі Канстытуцыю 1994 году, а таму большасьць яе не паважала, а значыць — і не хацела абараняць.
Так атрымалася, што я прадбачыў разьвіцьцё падзеяў, а таму як кіраўнік Дэпутацкага клюбу Менску зьвярнуўся ў красавіку і траўні 1994 году да Мечыслава Грыба з просьбай падтрымаць прапанову клюбу аб утварэньні Руху дзеля абароны Канстытуцыі. Спадар Грыб не падтрымаў.
Другая памылка палітычнай эліты была ў траўні 1995-га, калі ўсе кінуліся ў выбарчую кампанію дэпутатаў і зусім забыліся на рэфэрэндум. У дзень рэфэрэндуму ў міліцэйскіх зводках фігуравала інфармацыя толькі пра адно затрыманьне чалавека, які расклейваў лёзунгі супраць рэфэрэндуму. Гэта быў я.
Далей была восень 1996-га, і магчымасьць юрыдычна папярэдзіць вынікі чарговага рэфэрэндуму. Я рабіў прапановы Шарэцкаму. Зноў згубілі шанец.
Сёньня сытуацыя нагадвае 1996 год. Думаю, што палітычная эліта зноў ня надта разумее сытуацыю. Шкада", — напісаў Валеры Грыцук, старшыня дэпутацкай камісіі Першамайскага раённага Савету Менску.
Тэма гістарычнай віны і пакаяньня за тое, што адбылося ў Беларусі ў сярэдзіне 90-х гадоў — даволі далікатная. Ускладаць усю віну на Мечыслава Грыба, на маю думку, было б такой жа памылкай, як і сьцьвярджаць, што сытуацыю тады мог выратаваць ініцыяваны вамі, спадар Грыцук, Рух дзеля абароны Канстытуцыі.
Ніхто тады не прадбачыў усіх наступстваў прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. І маральная адказнасьць за тыя падзеі ў рознай ступені ўскладаецца ня толькі на Мечыслава Грыба — а найперш на многіх з тых, хто сёньня лічыцца сымбалем апазыцыі.
У 1994-м годзе Міхаіл Чыгір, Анатоль Лябедзька, Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Васіль Лявонаў і многія іншыя сёньняшнія апазыцыянэры былі поруч з Аляксандрам Лукашэнкам і дапамагалі яму ўмацоўваць асабістую ўладу.
Мікалай Багаты зь Ляхавічаў Берасьцейскай вобласьці ў сваім лісьце зьвяртае ўвагу на асьвятленьне тэмы расейска-чачэнскай вайны. Ён піша:
"На жаль, на вашых хвалях мала інфармацыі пра чачэнскую вайну — даяце толькі зводкі. Між тым, у праблемах Чачэніі й Беларусі шмат агульнага. Вайна чачэнскага народу — гэта вайна за незалежнасьць і дабрабыт, які магчымы толькі пры незалежнасьці. А перамога Чачэніі — гэта й перамога Беларусі.
Таму хацелася б пачуць на вашых хвалях падрабязныя адказы на такія, прыкладам, пытаньні:
— чаму чачэнскімі незалежнікамі былі прымененыя барбарскія мэтады вядзеньня вайны — узрывы жылых дамоў у расейскіх гарадах, выкраданьні людзей? Чачэнцы з-за гэтага многае страцілі, калі не сказаць — пацярпелі разгром. Магчыма, гэта пакараньне Боскае за іх нялюдзкія дзеяньні?
— чаму чачэнскія незалежнікі сёньня вядуць рызыкоўную і малавыніковую партызанскую вайну з расейскімі войскамі на сваёй тэрыторыі, замест каб дабівацца перамоваў аб незалежнасьці? На такія перамовы Крэмль мог бы пайсьці, напрыклад, пад пагрозай парушэньня энэргетычнай інфраструктуры Расеі.
Сёньня кожны ведае, што адзін чалавек можа спыніць работу цэлага нафта- ці газаправоду, лініі электраперадач ці сувязі. І Эўропа больш актыўна падтрымала б незалежнасьць Чачэніі, калі б ёй пагражаў зрыў паставак газу. Таму вельмі сумнеўна, што Чачэнія вядзе вайну найперш за незалежнасьць. Мабыць, там ёсьць і іншыя, для кагосьці больш важныя мэты", — лічыць Мікалай Багаты зь Ляхавічаў.
Адназначных і пэўных адказаў на вашыя пытаньні, спадар Мікалай, няма. Найперш, нельга сьцьвярджаць, што ўзрывы жылых дамоў у расейскіх гарадах — на сумленьні руху чачэнскага супраціву, альбо што яны санкцыянаваныя чачэнскімі ўладамі. Сьледзтва ў гэтых злачынствах дагэтуль ня мае ніякіх пэўных вынікаў.
Тое ж можна сказаць і пра выкраданьне людзей. Гэты злачынны бізнэс квітнеў у Чачэніі, але законныя чачэнскія ўлады імкнуліся супрацьстаяць яму.
Што да вашага пытаньня пра шантаж і пагрозы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Расеі як сродак барацьбы за незалежнасьць — то гэта зноў жа злачынныя мэтады. І разьлічваць на тое, што Эўропа можа прызнаць іх ці паддацца на шантаж — абсалютна не выпадае.
На заканчэньне — ліст ад Георгія Белаконя з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці. Ён піша:
"Нядаўна пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс, але ўсіх хібаў ён не ўхіліў. Вельмі часта ў нас пакараньне не адэкватнае ўчыненаму злачынству.
Вось, для прыкладу, укралі ў мяне мех бульбы. Злодзея знайшлі і пасадзілі на тры гады. Атрымліваецца, я як падаткаплатнік павінен яшчэ і ўтрымліваць таго, хто прычыніў мне шкоду. Бо вядома ж, што з працай сёньня праблемы і на волі, а што казаць пра турму.
Вось у Кітаі ёсьць працоўныя лягеры. Там зьняволены павінен і зарабіць на сябе, і яшчэ кампэнсаваць нанесеныя сваім злачынствам страты. А ў нас? Адкуль у бюджэце будуць грошы, калі трэба ўтрымліваць, паводле розных зьвестак, ад 60 да 80-ці тысяч крымінальнікаў?" — лічыць наш сталы слухач і аўтар Георгі Белаконь з Калінкавічаў.
Ня думаю, спадар Белаконь, што працоўныя лягеры Кітая зь іхным прыніжальным для чалавечай годнасьці побытам могуць быць узорам для эўрапейскай краіны. Дарэчы, сталінскі ГУЛАГ быў таксама эканамічна рэнтабэльны. Ні з чалавечым жыцьцём, ні са здароўем, ні з побытам вязьняў бальшавіцкія ўлады ўвогуле не лічыліся — так што там з выдаткамі бюджэту быў поўны парадак.
Ва ўсіх цывілізаваных краінах дзяржава выдаткоўвае сродкі на належнае ўтрыманьне зьняволеных — гэта абавязак дзяржавы. Іншая рэч, што за дробныя злачынствы там ёсьць мноства іншых мераў пакараньня, апроч пазбаўленьня волі.
На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Мікалая Пазьняка з Наваградку Гарадзенскай вобласьці, Уладзіслава Жыгалкі зь Менску, спадарыні Мары з Лунінца Берасьцейскай вобласьці і Барыса Селіванава з расейскага гораду Лабінску Краснадарскага краю.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.