Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чым горш будзе беларусам – тым лепш. Толькі так можна абудзіць беларусаў” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

За апошні тыдзень у зьняволеньні апынуліся каля дзясятка актывістаў апазыцыйнага руху. Судзьдзі без ваганьняў кідаюць на турэмныя нары за ўчынкі, якія ў суседніх краінах караюць папярэджаньнямі ці штрафамі. І сьведчыць гэта ня толькі пра ступень залежнасьці беларускіх судоў, але й пра тое, наколькі сёньняшняя ўлада непакоіцца за ўласнае існаваньне і якую цану яна гатовая заплаціць, каб гэтае існаваньне як мага болей падоўжыць.

Ці дамаглася ўлада сваіх мэтаў, узмацніўшы рэпрэсіі да іншадумцаў? Наша слухачка Людміла Моўзун зь Менску лічыць, што так. Цытую яе ліст:

“Ня мелі мы ніякіх правоў і ня будзем мець. А ўсё таму, што палахлівыя. І ўлада гэтае слабое месца беларусаў ведае. Кінулі Вячорку й Бяляцкага ў турму за 25 Сакавіка — і ўсе маўчаць. Ніхто ня выйшаў да палаца Лукашэнкі, ніхто не пратэстуе ля Дома ўраду. Улада таму так нахабна і паводзіць сябе, што ведае: апазыцыя пабаіцца.

Гэты страх у грамадзтве — галоўны козыр Лукашэнкі на любых выбарах. Пакуль будзе ў людзях страх — улада можа нічога не баяцца. А палахліўцам няма чаго наракаць на кепскае жыцьцё — самі ў гэтым вінаватыя”, — лічыць Людміла Моўзун зь Менску.

У любым грамадзтве, Людміла, ня надта шмат людзей, гатовых адкрыта супрацьстаяць рэпрэсіўнай машыне ўлады.

Ва ўмовах сёньняшняй Беларусі выйсьці з плякатам да рэзыдэнцыі Лукашэнкі аўтаматычна азначае ня толькі на паўмесяца страціць волю (і правесьці гэтыя паўмесяца ў зьневажальных для чалавечай годнасьці ўмовах беларускай турмы зь яе антысанітарыяй, брудам і хамствам ахоўнікаў). Да ўсяго іншага, гэта яшчэ і рызыка страціць працу, выклікаць пільную ўвагу да сябе і сваіх блізкіх з боку спэцслужбаў, паставіць пад сумнеў уласную будучыню. Наўрад ці правамерна патрабаваць такіх ахвяраў ад кожнага чалавека.

А лічыць запалоханымі ўсіх не выпадае. Вось які ліст даслаў нам Іосіф Бура зь Менскага раёну. Ён піша:

“Мяне вельмі ўсхвалявала і ўстрывожыла тое, што было на вуліцах Менску 25 Сакавіка. Маніфэстантаў, якія выйшлі адзначыць найвялікшае нацыянальнае сьвята, зьбівала міліцыя. Болей з голымі рукамі на вуліцы Менску я не пайду. Колькі можна дазваляць над сабой такі зьдзек?

26 красавіка на Чарнобыльскі шлях дэманстрантам трэба надзець маскі. Беларусь у небясьпецы — над ёй лётаюць маскоўскія каршуны…”

Іосіф Бура таксама выказвае сваё стаўленьні да нядаўняга дэкрэту Лукашэнкі пра ўсталяваньне дзяржаўнага кантролю за гуманітарнай дапамогай з-за мяжы. Далей цытую ягоны ліст:

“Краінам Балтыі, усім эўрапейскім дзяржавам трэба закрыць мяжу зь Беларусьсю. Не даваць ёй доступу да латыскіх ды літоўскіх портаў. Трэба ізаляваць Беларусь напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Чым горш будзе ў Беларусі — тым лепш. Толькі гэтак можна абудзіць беларусаў”, — лічыць Іосіф Бура зь Менскага раёну.

Эўрапейская супольнасьць, спадар Іосіф, вельмі дакладна разьмяжоўвае інтарэсы сёньняшняй беларускай улады ды інтарэсы народу Беларусі. У гэтай сувязі вашая тэза “чым горш — тым лепш” непрымальная з шэрагу прычынаў. Поўная ізаляцыя вельмі балюча адбілася б на штодзённым жыцьці беларусаў, зьнізіла б і без таго невысокі жыцьцёвы ўзровень у краіне. Закранула б яна й эканамічныя інтарэсы суседніх дзяржаваў.

Таму ўсясьветная супольнасьць скарыстоўвае такую скрайнюю меру толькі ў выключных сытуацыях — як было, да прыкладу, падчас крызысу ў Пэрсідзкай затоцы, калі размова ішла пра адкрытую агрэсію Іраку ў адносінах да Кувэйту.

Ліст ад пэнсіянэра Канстанціна Казлова з Маладэчна Менскай вобласьці. Спадар Канстанцін стала слухае і Свабоду, і дзяржаўнае радыё. Супярэчлівасьць пачутага выклікала такія развагі (цытую ягоны ліст):

“Часам ня ведаеш, каму верыць. Паслухаеш Лукашэнку — складна гаворыць і пра тое, што нельга дапускаць “прыхватызацыю”, што ў дзяржаве павінен быць парадак, што трэба біць па руках казнакрадаў і прахадзімцаў. А паслухаеш вас — таксама нібыта ўсё правільна: як можна дазваляць, каб міліцыя зьбівала на вуліцах падлеткаў? чаму і куды зьніклі Захаранка і Ганчар? навошта Беларусь адгарадзілася ад Захаду й гэтак прыліпла да Расеі, дзе вайна і злачыннасьць, няма і ня будзе парадку?

Я на ўсялякі выпадак слухаю і вас, і дзяржаўнае радыё зь Менску. Але за каго галасаваць на выбарах — ня ведаю. Асаблівыя зьмены да лепшага пры Лукашэнку наўрад ці адбудуцца: за сем гадоў ён што мог і умеў, тое і зрабіў. Але і выбіраць новага боязна — раптам стане яшчэ горш”, — гэтак лічыць Канстанцін Казлоў з Маладэчна.

Многія, спадар Канстанцін, лічаць, што горш, чым цяпер, быць ужо ня можа. Але выбіраць у любым выпадку вам. І каму верыць — ваша асабістая справа. Мне падаецца, што ў любога чалавека давер да інфармацыі ўзьнікае толькі тады, калі ён на ўласным досьведзе, ва ўласным штодзённым жыцьці пераканаецца ў праўдзівасьці пачутых зьвестак. Гэтае супастаўленьне таго, пра што гавораць СМІ, з тым, што бачыш на ўласныя вочы — і ёсьць, па-мойму, найлепшы спосаб для самавызначэньня.

Станіслаў Шалкоўскі з Данецку, з Украіны напісаў пра тое, чаму ён і ягоная сям'я перадумалі вяртацца ў Беларусь. Станіслаў піша:

“Часта слухаю ваш агляд пошты на Свабоду, і прыйшоў да высновы, што беларусы перасталі ганарыцца тым, што яны беларусы, што яны сталі забываць сваю мову.

Я й мая жонка — беларусы. У Беларусі ў нас шмат сваякоў. У нашай сям'і трое маленькіх дзетак. Мы хацелі пераехаць жыць на радзіму, каб дзеці вучыліся ў беларускай школе. Але аказваецца, што беларускіх школ у Беларусі па сутнасьці няма. А тых, хто размаўляе па-беларуску, зьбіваюць на вуліцах.

Таму мы вырашылі застацца ва Ўкраіне. Няхай дзеці вучацца па-ўкраінску. Украінская мова нам усё ж бліжэй за расейскую зь ейным матам.

Мы чулі, што ў Беларусі ёсьць моладзевыя арганізацыі, якія змагаюцца за ўсё беларускае. Мы падтрымліваем іх і хацелі б нават дапамагчы. Ведаем, што ў краінах былога Савецкага Саюзу, ды й па ўсім сьвеце шмат беларусаў, якія гатовыя дапамагчы радзіме. Калі б пры ўладзе ў Беларусі былі дэмакраты, то я ўпэўнены, што на Бацькаўшчыну з усіх краін вярталіся б беларусы. І ў Беларусі хутка падняўся б жыцьцёвы ўзровень”, — лічыць Станіслаў Шалкоўскі з Украіны, з Данецку.

Думаю, што да вашых развагаў, Станіслаў, маглі б далучыцца тысячы нашых суайчыньнікаў у многіх кутках сьвету. Для іх вялікім спадзяваньнем было кароткае беларускае Адраджэньне на пачатку 90-х гадоў. І вялізным расчараваньнем стаў шлях, якім пайшла Беларусь пасьля 1994 году.

На заканчэньне — ліст ад нашага сталага слухача і аўтара зь Менску Ўладзіслава Жыгалкі. Ён піша:

“Не магу змаўчаць наконт перасьледу ўкраінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Мне добра вядома, кім усё гэта вядзецца і навошта. Але вельмі зьдзіўляе роля журналістаў ва ўсім гэтым цкаваньні: нібыта яны не разумеюць, што адбываецца і каму гэта выгадна.

Ужо загінулі ад журналісцкае, так бы мовіць, “увагі” прынцэса Дыяна, пацярпеў экс-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Біл Клінтан. Часам здаецца, што журналістам усё роўна, якая ў іх ахвяра — ці то Кучма, ці Клінтан, ці Дыяна”, — напісаў Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Журналістам часта даводзіцца выслухоўваць падобныя абвінавачаньні на свой адрас — у палітычнай ангажаванасьці, маральнай непераборлівасьці, недалікатнасьці. Гэтыя абвінавачаньні — спадарожнікі журналісцкай прафэсіі.

Скандальная інфармацыя пра вядомага палітыка заўсёды камусьці вельмі выгадная, а камусьці — наадварот. І для журналіста заўсёды ёсьць рызыка быць абвінавачаным у выкананьні палітычнай замовы. Адзіны засьцерагальнік ад гэтага — аб’ектыўнасьць і дакладнасьць інфармацыі. Калі гэтая ўмова выконваецца, спадар Жыгалка, прэтэнзіі да журналістаў выглядаюць надуманымі.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Міколы Шэмета з Асіповічаў Магілёўскай вобласьці, Івана Багданава зь Менску і Алы Восіпавай зь мястэчка Бярозаўка Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG