Эфір 5 Кастрычніка 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Ці йсьці ў наступную нядзелю на выбарчыя ўчасткі, а калі ісьці, дык за каго галасаваць? Гэтае пытаньне пад уражаньнем апошніх падзеяў у Беларусі задаюць сабе многія нашы слухачы. Некаторыя зь іх дзеляцца сумненьнямі й развагамі наконт выбарчае кампаніі ў сваіх лістах на Свабоду. Вось што піша наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску: "Чым бліжэй выбары, тым мацней уражаньне, што на дэпутацкія месцы ў гэтак званае "Палаце прадстаўнікоў" прэтэндуюць толькі камуністы. Бо толькі іхныя ўлёткі я час ад часу знаходжу ў сваёй паштовай скрынцы. Чытаю я гэтыя ўлёткі і думаю: няўжо мы, суайчыньнікі, такія ідыёты, што зноў прывядзем камуністаў да ўлады? Яны ж 75 гадоў уладарылі над намі. Усе ведаюць і памятаюць вынікі іхнага праўленьня — ад незаконнага захопу ўлады ў 17-м годзе да Чарнобыльскае катастрофы. А хто сёньня ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках? Уся прэзыдэнцкая "вэртыкаль", складзеная з былых партыйных сакратароў райкамаў ды абкамаў. Ды й сам Лукашэнка, хоць і кажа, што беспартыйны, у сапраўднасьці ёсьць самы артадаксальны камуніст. Таму і ягонае атачэньне цалкам складаецца з такіх жа як ён: Малафееў, Чыкін, Камай, Дземянцей і шмат іншых. І вось чытаю камуністычную ўлётку. Аўтары яе пішуць: "Колькі разоў народ адвернецца ад камуністаў, столькі разоў ён будзе жорстка падмануты". Але кім падмануты? Дый тымі ж камуністамі. І няўжо ня бачна, што гэта пагроза ўсім нам. Камуністы, фактычна застаўшыся пры ўладзе, але ўжо без абкамаў і райкамаў, мелі на мэце помсьціць народу за тое, што ў жніўні ‘91-га ён не падтрымаў ГКЧП". Ільля Копыл у сваім лісьце падрабязна параўноўвае праграму кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі (узору ‘94-га году) і плятформу партыі камуністаў. І даказвае, што ў іх вельмі шмат агульнага ў самых прынцыповых момантах. А заканчвае свой ліст слухач наступным чынам: "Ёсьць у плятформе камуністаў адзін канкрэтны лёзунг: "За дастойнае жыцьцё для сябе й сваіх дзяцей!" Вось у гэта, — піша Ільля Копыл, — я веру, у гэтым не сумняюся: годнае жыцьцё сабе й сваім дзецям яны забясьпечаць. Камуністы на гэта мастакі — усе памятаюць іх спэцдачы, спэцпайкі, спэцаўто, спэцразьмеркавальнікі… Усім астатнім застануцца чэргі ды прыніжэньні", — гэта быў ліст Ільлі Копыла зь Менску. Вяртаньне камуністаў да ўлады ў Беларусі сёньня, на маю думку, выглядае ня дужа верагодным, тым больш камуністаў-калякінцаў, пра якіх піша Ільля Копыл. І пагроза камуністычнага рэваншу з часам становіцца ўсё меншай — выбары ў суседніх зь Беларусьсю краінах пра гэта выразна сьведчаць. Самі камуністы рэагуюць на гэта — іхны дрэйф да сацыял-дэмакратычных праграмаў становіцца відавочным. Іншая рэч — пракамуністычная папулісцкая палітыка сёньняшняе ўлады — тут са слухачом, па-мойму, цалкам можна пагадзіцца. Сьцяпан Корзун зь Менску напісаў нам пра падзеі, што адбыліся ў сталіцы ў мінулую нядзелю. Вось урывак зь ягонага ліста: "Толькі што вярнуўся з Маршу Свабоды і хачу падзяліцца ўражаньнямі. Людзей было значна менш, чым мінулы раз, год таму. І віна ў тым, я лічу, не арганізатараў. Пра марш у Менску ведалі — улётак і налепак было дастаткова. А чаму не пайшлі? Некаторыя, напэўна, баяліся; іншыя ня вераць, што гэтым можна нечага дамагчыся. Якраз цяпер паказваюць па тэлевізіі тое, што робіцца ў Бялградзе. На вуліцы выйшла поўмільёна чалавек. Бачна, што дні Мілошавіча палічаныя. Ніякі дыктатар не ўстаіць супраць такое сілы. Мы можам толькі зайздросьціць сэрбам — яны вельмі хутка вернуцца ў Эўропу. А ў нас… Не зьдзіўлюся, калі празь некалькі месяцаў Мілошавіч апынецца ў Менску. Бо дзе яшчэ могуць даць прытулак адыёзнаму палітыку, якога ўвесь цывілізаваны сьвет лічыць злачынцам?", — напісаў Сьцяпан Корзун зь Менску. Паказальна, як асьцярожна сёньня выказваецца пра падзеі ў Югаславіі і пра будучыню Слабадана Мілошавіча Аляксандар Лукашэнка. Хоць яшчэ год таму ён называў яго сваім сябрам, дэманстратыўна выказваў падтрымку й клікаў у гэтак і ня створаны беларуска-расейскі саюз. Выглядае, што ў Югаславіі, сапраўды, вельмі хутка адбудуцца кардынальныя зьмены. Што да паралеляў зь Беларусьсю, дык звонку яны, і праўда, бясспрэчныя. Хоць варта мець на ўвазе: усяго год таму пазыцыі Мілошавіча ў Сэрбіі выглядалі непарушнымі. Падобна, як цяпер у Лукашэнкі. Зьмена грамадзкіх настрояў у Югаславіі адбылася вельмі хутка… Таксама пра настроі ў грамадзтве, і пра тое, як гэтыя настроі адлюстроўваюць сацыёлягі — ліст Алега Стэфановіча зь Берасьця. Спадар Стэфановіч сацыёлягам ня верыць і ў сувязі з гэтым выказвае да нас такія прэтэнзіі. Цытую ягоны ліст: "Паслухаць сацыёлягаў (у тым ліку й на вашым радыё), дык у Лукашэнкі няма канкурэнтаў. Хоць заўтра ён можа праводзіць выбары й перамагаць на іх. Няўжо вы самі ў гэта верыце? Няўжо ня бачыце, што ўсе тыя "апытальнікі" (у тым ліку й тыя, што называюць сябе незалежнымі), падкупленыя Лукашэнкам? Выйдзіце на вуліцу й пагаварыце зь людзьмі — рэдкі чалавек скажа, што будзе зноў галасаваць за Лукашэнку. Дык адкуль гэтыя лічбы — 35, 40, нават 45 адсоткаў? Гэтак званыя "сацыёлягі" ліюць ваду на млын Лукашэнкі, а вы ім падпяваеце, і толькі ўводзіце людзей у зман. Няма каму правесьці незалежнае дасьледаваньне, дык лепш не паведамляць і пра такія, пра якія распавядаеце вы разам з дзяржаўнымі газэтамі й тэлевізіяй", — напісаў Алег Стэфановіч зь Берасьця. Абвінавачваньні вашыя, спадар Стэфановіч, сур'ёзныя, а вось з доказаў — толькі вашыя суб'ектыўныя назіраньні ды ўражаньні. Можна па-рознаму ставіцца да зьвестак недзяржаўных сацыялягічных службаў, па-свойму іх ацэньваць, але замоўчваць — азначала б сьвядома ўтойваць важную інфармацыю. Дарэчы, высновы пра непазьбежную перамогу Лукашэнкі, якую вы робіце на падставе зьвестак сацыёлягаў — пасьпешныя. І 30, і нават 40 адсоткаў падтрымкі — гэта яшчэ не гарантаваная перамога. Тым больш, тыя ж сацыёлягі сьведчаць — істотна падвысілася й працягвае расьці колькасьць тых, хто ня будзе галасаваць за Лукашэнку ні пры якіх умовах. Гэты паказьнік ужо супастаўляльны з колькасьцю прыхільнікаў Лукашэнкі. Піша Аляксей Якімовіч зь Лідзкага раёну Гарадзенскае вобласьці. Ліст — пра жыцьцё сёньняшніх пэнсіянэраў у аддаленай вёсцы. Вось урывак зь яго: "Вясковыя пэнсіянэры ніколі не былі патрэбныя ўладзе. У тым ліку і ў Савецкім Саюзе, хоць цяпер многія і мараць пра тыя часы. Што прывозіла аўталаўка ў беларускую аддаленую вёску пры савецкай уладзе? Чэрствы хлеб, цукар, соль, макароны, гумавыя боты… Што прывозіць цяпер, пры гэтак званым "народным прэзыдэнце" Лукашэнку? Тыя ж чэрствы хлеб, цукар, соль і гэтак далей, паводле сьпісу. Адрозьненьне толькі ў тым, што цяпер аўталаўка прыяжджае радзей (бэнзын дарагі), ды купляюць у ёй менш — бо грошай мала, а цэны вышэй няма куды. Працаваў усё жыцьцё бедны пэнсіянэр на калгас, на дзяржаву, а дажываць даводзіцца ў голадзе й холадзе. І збаўленьня чакаць няма адкуль", — напісаў Аляксей Якімовіч зь Лідзкага раёну. Тым ня менш, якраз на галасы гэтых пэнсіянэраў улада найперш і разьлічвае. Ад многіх сталых людзей у вёсцы можна пачуць: "Да гэтага мы ўжо прывыклі, а зьменіцца ўлада — як бы ня стала яшчэ горш". Хоць, здавалася б, куды ўжо горш. На заканчэньне — ліст ад Яўгеніі Казловай, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ з Воршы Віцебскае вобласьці. Яна піша: "Вельмі люблю, як паэта, і паважаю, як грамадзяніна, Ніла Гілевіча — чалавека сумленнага й шчырага. І ведаю, што яго ня любяць прыхільнікі й служкі сёньняшняе ўлады. Вельмі хацелася б яго падтрымаць тым, чым магу. Гэтую ініцыятыву ўхвалілі мае сябры, аднадумцы й аднапартыйцы". Яўгенія Казлова вырашыла падтрымаць паэта з дапамогаю верша, які дагэтуль чытала сваім аднадумцам і атрымала іх ухваленьне. Ёсьць у вершы такія радкі: Шматпакутнай Беларусі
Вы надзейны, добры сын.
Ваша Муза ёй ня хлусіць.
З Вамі – мы, Вы не адзін. Пра мастацкія вартасьці верша казаць не вазьмуся, але тое, што напісаны ён шчырым і адкрытым сэрцам — па-мойму, відавочна. На мінулым тыдні мы таксама атрымалі ліст ад Уладзімера Паборцава з Асіповічаў Магілеўскае вобласьці. Уладзімер просіць нас паведаміць пра тое, што ў ягоным горадзе створаная і зарэгістраваная філія Беларускай Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Разам зь лістом Аляксей даслаў копію адпаведнага рашэньня мясцовага раённага выканкаму, якім гэтая філія пастаўленае на ўлік. Сам Уладзімер зьяўляецца сябрам праўленьня Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і лічыць гэтую справу надзвычай важнаю. Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі і ўражаньнямі. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск