Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 чэрвеня 2000


Валянцiн Жданко

29 Чэрвеня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Палітыкі й журналісты часта са шкадаваньнем і дакорам кажуць пра палітычную апатыю беларускае вёскі. Але ў якім становішчы апынаецца той вясковец, які наважыўся адкрыта выявіць свае палітычныя погляды й нязгоду з уладаю? Вось што напісаў пра гэта Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну Гарадзенскае вобласьці:

"Нядаўна давялося ляжаць у больніцы. Неяк у палаце разгаварыліся пра дэмакратыю ў Беларусі, пра БНФ. Сусед па бальнічным ложку распавёў, як яму выпала сутыкнуцца з КГБ.

Прозьвішча ягонае Філарэт, ён былы настаўнік гісторыі, цяпер на пэнсіі. Дык вось, у сваёй вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёну ён у размовах зь людзьмі ўхваляў БНФ, казаў, што дэмакраты – адзіная сіла ў Беларусі, якая можа палепшыць жыцьцё…

А празь некаторы час да яго завіталі тры асобы ў цывільным. Спачатку гутарылі пра жыцьцё, а потым папярэдзілі: калі ня спыніш свае палітычныя размовы, дык твае сыны, якія скончылі ВНУ, могуць застацца бяз працы.

Вось як яны запалохваюць людзей, і, па праўдзе, гэта вельмі сур'ёзна й важна. Застаўшыся бяз працы, становішся нікім: можаш страціць і сям'ю, і нават асабістую свабоду. І тут табе ані БНФ не дапаможа, ані дэмакраты", – лічыць Мікалай Чыбісаў. І з гэтае нагоды ўскладае віну на менскіх палітыкаў-дэмакратаў. Вось яшчэ адзін урывак зь ліста:

"Кіраўнікам БНФ там, у Менску, добра: ім з-за мяжы ідуць гранты. Ды й працу ў сталіцы знайсьці лягчэй. А пры выпадку – і за мяжу зьехаць можна. А нас, простых беларусаў, яны падстаўляюць пад удар. Прычым, выглядае, што чым драбнейшая дэмакратычная партыя, тым цяжэй знайсьці паразуменьне ейным лідэрам. А шэраговым сябрам таго ж БНФ тым часам думай, да якой партыі далучыцца – ці да пазьняковай, ці да вячоркавай. І тыя дэмакраты, і другія… Бяда ў тым, што ўсе лідэры лічаць сябе надта разумнымі. А з-за іхнага розуму бандыты ўжо сем гадоў абкрадваюць народ Беларусі", – напісаў Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну.

Вашыя абвінавачваньні, Мікалай, падаюцца мне не зусім справядлівымі. Калі вашага знаёмца шантажуюць спэцслужбы за ягоныя палітычныя погляды, дык хто ўсё ж у гэтым вінаваты: Партыя БНФ, пазыцыю якой адстойваў былы настаўнік гісторыі? ці ўлада, якая такім вось чынам імкнецца не дапусьціць палітычнага іншадумства?

А наконт дабротаў ды замежных грантаў, на якіх нібыта раскашуюць у Менску дэмакратычныя лідэры… Пра гэта варта спытаць у тых палітыкаў, якія пасьля ледзь ня кожнай масавай акцыі апазыцыі апынаюцца ў турэмных камэрах, змушаныя цярпець зьдзек і перасьлед на працы, паўставаць перад судамі й плаціць шматмільённыя штрафы. Пад удар уладаў трапляюць найперш самі яны. Станавіцца пад гэты ўдар вас ніхто не прымушае – гэта ваш асабісты маральны выбар. І наўрад ці варта патрабаваць за гэты выбар падзякі ці абвінавачваць у ім кагосьці іншага.

Аляксандар Шынкарэнка з гораду Крэмянчугу Палтаўскае вобласьці, што ва Ўкраіне, піша:

"Мой прыёмнік настроены на хвалю беларускае "Свабоды". Кожную раніцу я слухаю перадачы з маёй радзімы. Назаву нават некаторыя прозьвішчы журналістаў вашага радыё, якія мне запомніліся: Сяржук Сокалаў-Воюш, Вольга Караткевіч, Алена Ціхановіч, Алена Радкевіч, Сяргей Навумчык, Кастусь Бандарук…"

Далей спадар Шынкарэнка распавядае пра свой жыцьцёвы шлях. Нарадзіўся ён у 31-м годзе ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёну Магілеўскае вобласьці. У 37-м бацьку асудзіла "тройка" Магілеўскага абласнога суду на 10 гадоў зьняволеньня за тое, што перапісваўся з родным братам, які жыў у ЗША. Маці загінула пад час акупацыі ў Бабруйскім канцлягеры за сувязь з братам-партызанам. У 13 гадоў застаўся круглым сіратой. Ужо доўгі час спадар Шынкарэнка шукае сваякоў. Ён піша:

"Калі надышла адліга, яшчэ пры Саюзе, я зьвярнуўся ў амэрыканскую амбасаду ў Маскве з просьбаю дапамагчы адшукаць маіх стрыечных братоў у Нью-Ёрку. Ліст пераслалі ў Чырвоны Крыж, а адказ згубіўся.

Мой дзядзька Шынкарэнка Рыгор Барысавіч апынуўся ў Злучаных Штатах у той час, калі частка беларускіх земляў належала да Польшчы. Зьбег туды, бо пабіўся з польскім афіцэрам і баяўся трапіць у турму. Жыў і працаваў на авіяцыйным заводзе ў Нью-Ёрку, меў сям'ю, двух сыноў – Уладзімера і Аркадзя. Заўчасна памёр у 36-м годзе. На адным з фатаздымкаў, адрасаваным майму бацьку, дзядзька напісаў не сваё прозьвішча, а падобнае – Шынкароў (магчыма, дзеля пэўнай кансьпірацыі зьмяніў прозьвішча). У такім разе, можа, і браты маюць прозьвішча Шынкаровы.

Пішу са сьлязьмі ў вачох: можа, у беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах дапамогуць мне адшукаць братоў".

– гэта быў ліст Аляксандра Шынкарэнкі з украінскага гораду Крэмянчугу. Магчыма, Аляксандар, хтосьці з тых амэрыканскіх беларусаў, якія слухаюць нашае радыё, што-небудзь ведае пра лёс вашае раскіданае па сьвеце сям'і і паведаміць пра гэта. Час ад часу мы атрымліваем падобныя лісты, хоць больш як праз паўстагодзьдзя пасьля таго, як людзі згубілі адзін аднаго за "жалезнай заслонаю", адшукаць і аднавіць страчанае надзвычай складана.

Яшчэ адзін ліст з Жыровіцкай праваслаўнай сэмінарыі, ад "Сяброў Беларускай Аўтакефаліі". Дагэтуль мы ўжо некалькі разоў распавядалі пра суполку сэмінарыстаў, якія незадаволеныя парадкамі, што ўсталяваныя сёньня ў Рускай праваслаўнай царкве, і хацелі б стаць сьвятарамі Беларускай Аўтакефаліі. Вось гэты ліст:

"Да вас зноў зьвяртаецца айцец Пётр (маё імя цяпер можна называць адкрыта), а таксама мае аднадумцы. Сьведчу пра новы факт парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у сэмінарыі. З мэтаю барацьбы з рэлігійна-дэмакратычным адраджэньнем значна зьменшаная колькасьць студэнтаў, якіх рэкамэндуюць на паступленьне ў Менскую акадэмію (з дваццаці – толькі сем). Мітрапаліт Філарэт і рэктар Леанід Філь адхілілі прашэньні ў Акадэмію ўсіх манахаў, незалежна ад іхнае пасьпяховасьці.

Мы адкрыта асуджаем гэты факт і хочам, каб пра яго ведала грамадзкасьць. Тыя, хто жадае атрымаць духоўную адукацыю ў Акадэміі, павінны мець такую магчымасьць. Гэтым крокам (скарачэньнем колькасьці студэнтаў Акадэміі) задушыць рух за Беларускую Аўтакефалію ня ўдасца".

Падпісалі гэты ліст айцец Пётр і арганізацыя студэнтаў "Сябры Беларускай Аўтакефаліі" з Жыровіцкай сэмінарыі.

Мы ўважліва сочым за гэтай сытуацыяй. У афіцыйнай прэсе (і дзяржаўнай, і царкоўнай) пра яе ўвогуле нічога не паведамляецца. А студэнтам, якія наважыліся служыць Беларускай царкве і пры гэтым многім рызыкуюць, патрэбная падтрымка, ці хаця б упэўненасьць у тым, што яны не адзінокія ў гэтым змаганьні.

Ліст ад слухача зь Пінску, які не назваў сябе – паведаміў толькі паштовую адрэсу "да запатрабаваньня". Ён піша:

"У мяне зьявілася жаданьне паспрыяць папулярызацыі вашае радыёстанцыі ў нашым горадзе. Нядаўна мне трапіў у рукі каляндарык з вашымі новымі хвалямі. І ў мяне ўзьнікла ідэя: а чаму б не раздаваць гэтыя каляндарыкі проста мінакам на вуліцах нашага гораду? Таму, калі ёсьць такая магчымасьць, дашліце гэткіх каляндарыкаў неабмежаваную колькасьць – разам зь сябрамі мы хутка параздаем іх людзям, і ў "Радыё Свабода" зьявяцца новыя слухачы".

Мы шчыра ўдзячныя вам, невядомы слухач, за гэтую прапанову і гатоўнасьць дапамагчы нам. Сапраўды, цягам апошняга месяца многім у Беларусі трапіў у рукі каляндарык з раскладам нашых перадачаў. І трапіў гэткім жа чынам, як вы й прапануеце – каляндарыкі раздавалі нашыя дабрахвотныя памочнікі, у тым ліку й на вуліцах.

Праўда, гэтая рэклямная акцыя ўжо амаль завершаная, але ў хуткім часе будуць новыя акцыі і, вельмі можа здарыцца, нам спатрэбіцца вашая дапамога. У асобным лісьце мы паведамім вам, як можна зьвязацца з нашым карэспандэнтам у Пінску Аляксеем Дзікавіцкім.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага й напісаць нам. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG