15 Чэрвеня 2000. Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко. Пачну зь ліста ад праваслаўнага сьвятара зь Берасьцейскай вобласьці, які працягвае размову, пачатую ў папярэдніх перадачах студэнтамі Жыровіцкае сэмінарыі. Нагадаю: сэмінарысты наважыліся змагацца за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, і дзеля гэтага нават стварылі ўласную суполку. Сьвятар зь Берасьцейшчыны піша: "Пачуты па вашым радыё ліст ад "Сяброў Беларускай Аўтакефаліі" быў для мяне як выбух гарматы. Але потым я ўспомніў час, праведзены ў Менскай сэмінарыі, і супакоіўся: так і павінна адбыцца. Памятаю аднаго выкладчыка (ён меў пасаду сакратара вучонае рады, а цяпер служыць у Яраслаўскай вобласьці). Ён адкрыта казаў нам (цытую даслоўна): "Мы наведем здесь русский порядок. А если что – я вам руки пообламываю". Што гэта за "русский порядок"? За намі заўсёды сачылі, нават пад час малітвы: гэты выкладчык падыходзіў у храме да студэнта, глядзеў у ягоныя вочы. Ён выклікаў студэнтаў да сябе й пытаўся, «нет ли в семинарии тайных заговоров или возмущений?». Родную культуру, гісторыю мы амаль не вывучалі, а цікавіцца не было часу. "Рускі парадак" меў рысы таталітарнага рэжыму. Ці ведаў пра гэта мітрапаліт Філарэт? Ведаў, падтрымліваў і цяпер падтрымлівае. Што ён зрабіў дзеля нацыянальнага Адраджэньня ў краіне, дзеля яе незалежнага існаваньня? Нічога. Сьвятары, вернікі гэта бачаць і разумеюць. І ліст студэнтаў сьведчыць аб пачатку нацыянальна-рэлігійнага адраджэньня ў праваслаўным асяродзьдзі. Маскоўскай Патрыярхіі зь яе так званым "рускім парадкам" гэтае Адраджэньне, канешне, не патрэбнае. А таму сумленныя вернікі зьвяртаюць увагу на гіерархаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Цяжка нават выказаць, як прыемна было чуць на вашых хвалях Велікоднае Пасланьне мітрапаліта Мікалая. Некалькі знаёмых сьвятароў запісалі пасланьне на магнітафон, давалі слухаць вернікам. Дзейнасьць мітрапаліта Мікалая цікавіць моладзь і людзей сталага веку, якія памятаюць ці чулі пра славутых дзеячоў Польскай, Украінскай ды Беларускай Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў. Калі вы палічыце патрэбным прачытаць гэты ліст у эфіры, дык не называйце маё імя й прозьвішча, бо мне пагражаюць сур'ёзныя непрыемнасьці", – напісаў сьвятар, гісторык, кандыдат багаслоўя зь Берасьцейскай вобласьці. У лісьце ён указаў і сваё імя, і падрабязны адрас, аднак мы, зразумела, выконваем ягоную просьбу. Гэты й падобны на яго лісты сьведчаць пра тое, што ў асяродзьдзі саміх праваслаўных сьвятароў, і асабліва сярод сьвятароў маладых, якія пачыналі або пачынаюць службу ўжо ў незалежнай Беларусі, насьпявае заўважны рух за царкву, якая б задавальняла духоўныя патрэбы менавіта беларускага народу. Якая б размаўляла з народам на ягонай мове. Якая б мела цэнтрам кіраваньня Менск, а не Маскву. Якая б, урэшце, называлася Беларускай, а не Рускай. І лічыцца з гэтай новай зьяваю, відавочна, давядзецца ўсім – і ўладзе, і цяперашняму кіраўніцтву Рускае праваслаўнае царквы, і грамадзтву. Настаўнік Вацлаў Журавель са Слоніма Гарадзенскае вобласьці піша: "Апазыцыя заяўляе, што, хутчэй за ўсё, ня будзе ўдзельнічаць у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, бо ўлада не пагаджаецца на перамовы і на ўсе патрабаваньні наконт зьмены выбарчых законаў. А я задаю сабе пытаньне – "А што далей?" Ну, будзе працягвацца ізаляцыя з боку Захаду. Ну, будуць адбывацца ў Менску шэсьці й мітынгі. Але ж нічога ня зьменіцца. Пры ўладзе будуць заставацца гэтыя ж людзі, і будуць ажыцьцяўляць гэтую ж палітыку, пры якой простым людзям усё цяжэй жыць. Мне 56 гадоў, і я не хацеў бы сустрэць пэнсійны век пры сёньняшнім жабрацкім стане. А апазыцыя сваёй дзіўнай тактыкаю асуджае нас на кансэрвацыю гэтага стану, бо аніякага прасьвету пры такой уладзе я ня бачу. А на выбарах сёньня бальшыня людзей, я ўпэўнены, прагаласавалі б зусім не за тых, хто быў пры ўладзе апошнія шэсьць гадоў", – напісаў настаўнік Вацлаў Журавель са Слоніма Гарадзенскае вобласьці. Апазыцыя гэтак сама, як і вы, шаноўны спадар Журавель, хацела б як мага больш хуткіх выбараў. Але – выбараў справядлівых, дэмакратычных, а галоўнае – тых, у выніку якіх у Беларусі зьявіўся б сапраўдны парлямэнт з рэальнымі паўнамоцтвамі. Гэта значыць, такі парлямэнт, законы, прынятыя якім, немагчыма было б падмяняць аніякімі прэзыдэнцкімі дэкрэтамі. Бо калі парлямэнт застанецца такім, якой ёсьць сёньняшняя гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" – нават калі яна будзе абраная дэмакратычна – анічога ня зьменіцца. Бо аніякае рэальнае ўлады яна ня мае і мець пры цяперашнім заканадаўстве ня можа. А ўся выбарчая кампанія ў такіх умовах ператворыцца ў фарс, у сродак, з дапамогаю якога ўлада хоча здабыць прызнаньне на Захадзе. Віктар Аляхно з Бабруйску Магілеўскае вобласьці: "Жывучы ў гэтай краіне, мы, грамадзяне, пачуваем сябе прыгнечанымі ды безабароннымі. Часта ані праваахоўныя органы, ані адміністрацыя прэзыдэнта ня прымаюць аніякіх мераў, а яшчэ й пагражаюць мне і маёй сям'і. У сувязі з гэтым маю да вас просьбу – ці няма магчымасьці праз вашае радыё паведаміць усім пра тое, што творыць у нас улада". І далей Віктар Аляхно просіць паведаміць, як можна сустрэцца з нашым карэспандэнтам, каб перадаць усе матэрыялы пра зьдзек і злачынствы ўлады. Мы час ад часу атрымліваем падобныя да гэтай просьбы. Аўтары такіх лістоў просяць сустрэцца з журналістам і выступіць у эфіры, каб распавесьці пра злачынствы ўлады, але не паведамляюць аніякіх падрабязнасьцяў сваіх праблемаў. Многія, як Віктар Аляхно, нейкія дакумэнты абяцаюць перадаць пры сустрэчы. Але рэдакцыя не выконвае сьледчых функцыяў і ня мае магчымасьці патрабаваць рэагаваньня на вашыя праблемы ад дзяржаўных чыноўнікаў. Вашым расповядам можа знайсьціся месца ў эфіры, калі ў іх утрымліваецца грамадзка значная інфармацыя, цікавая для многіх слухачоў. Але дзеля гэтага вы мусіце ўсё ж больш падрабязна распавесьці пра сытуацыю ў лісьце. Анатоль Арэшка зь вёскі Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскае вобласьці, што ва Ўкраіне, быў вельмі ўражаны тым, што ягоны ліст пра сёньняшняе жыцьцё ва ўкраінскай вёсцы прагучаў напрыканцы траўня ў нашым эфіры. Ён піша: "Калі б такіх рэдакцыяў, як ваша, было болей, дык я б даўно дабіўся сваёй праўды. Бо вакол чуваць адна хлусьня. А ўладзе падабаецца толькі тады, калі яе хваліш ды называеш чыноўнікаў сумленнымі ды прыстойнымі, хоць у сапраўднасьці яны толькі й цікуюць, каб падмануць простага чалавека. А ня маеш улады й грошай, анічога ім не дакажаш – яны прызнаюць толькі сваю праўду. Дзякуй вам за духоўную падтрымку", – напісаў Анатоль Арэшка з чарнігаўскай вёскі Дамашлін. Дзякуй, спадар Анатоль, вам і ўсім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск